1 да Карынфянаў 10 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Не хачу, браты, каб вы ня ве́далі, што айцы нашыя ўсе́ былі пад хмараю, і ўсе́ прайшлі праз мора;
 
Не хачу ж, каб вы, браты, ня ведалі, што айцове нашы ўсі пад булаком былі і ўсі перайшлі пераз мора;

і ўсе́ ахрысьціліся ў Майсе́я ў хмары і ў моры;
 
І ўсі хрысьціліся ў Масея ў булаку і ў мору;

і ўсе́ е́лі тую самую духоўную страву,
 
І ўсі елі тую самую духоўную ежу;

і ўсе́ пілі тое самае духоўнае пітво́, бо пілі з духоўнае скалы, што йшла за імі, скала-ж быў Хрыстос.
 
І ўсі пілі тый самы духоўны напітак, бо пілі з духоўнае скалы, што йшла за імі; скала ж была Хрыстое.

Але ня многіх з іх упадабаў Бог: бо яны былі паражоны ў пустыні.
 
Бог, адылі, не ўпадабаў бальшыні зь іх, бо яны расьцярушыліся па пустыні.

А гэта былі прыклады для нас, каб мы не пажадалі благога, як пажадалі яны.
 
Гэта ж сталася як праабразы нам, каб мы ня галіліся на благое, як запраўды пагаліліся яны.

Ня будзьце й ідалапаклоньнікамі, як некаторыя з іх, як напісана: народ пасе́ў е́сьці й піць, ды ўстаў гуляці (Выхад 32:6).
 
І ня будзьце балвахваламі, як некатрыя зь іх, як напісана: «Люд сеў есьці а піць, і ўстаў гуляць».

Ня ро́бма і блуду, як некаторыя з іх блудзілі, і ў адзін дзе́нь загінула іх дваццаць тры тысячы (Лічбаў 25:1,9).
 
І не бязульма, як некатрыя зь іх бязулілі, і за адзін дзень загінула іх дваццаць тры тыcячы.

І не спакушайце Хрыста, як некаторыя з іх спакушалі і пагінулі ад зьме́яў (Лічбаў 21:6).
 
Ані спакушайма Хрыста, як некатрыя зь іх спакушалі, і загінулі ад гадаў.

Дый не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і пагінулі ад губіцеля (Лічбаў 14:37).
 
Ані наракайце, як некатрыя зь іх наракалі, і загінулі ад згубцы.

Усё гэтае сталася ім, як прыклады, і апісана на навуку нам, на якіх кане́ц вяко́ў прыйшоў.
 
Гэта ж усе сталася ім, як праабразы, і напісана на навуку нам, каторых дасяглі апошнія вякі.

Дзеля гэтага, хто думае, што ён стаіць, сьцеражыся, каб ня ўпасьці.
 
Затым, хто думае, што ён стаіць, глядзі, каб не паваліцца.

Вас зьняла спакуса ня іншая, як чалаве́чая; ве́рны-ж Бог, які не дапусьціць вам быць спакуша́нымі больш, чым маеце сілу, але з спакусай зробіць і выхад, каб вы маглі перане́сьці.
 
Вас стрэла спакуса ня іншая, як людзкая; і верны Бог, Каторы не дапусьце вас спакушаць звыш магчымасьці вашае, але із спакусаю дасьць і палёгку, каб вы маглі вытрываць.

Дык, умілаваныя маі, ухіляйцеся ад ідалапаклонства.
 
Дык, любовыя мае, уцякайце ад балвахвалства.

Кажу да вас, як да разумных; вы-ж судзіце, што́ кажу.
 
Я кажу як разумным, разважча, што кажу.

Чара багаслаўле́ньня, якую багаславім, ці ня ёсьць супольнасьцяй крыві Хрыстовае? Хле́б, што ламаем, ці ня есьць супольнасьць Це́ла Хрыстовага?
 
Чара дабраславеньня, каторую дабраславім, ці ня ёсьць узаем’е крыві Хрыстовае? Хлеб, што ломім, ці ня ёсьць узаем’е цела Хрыстовага?

Адзін хле́б, адно це́ла мы, многія; бо ўсе́ прычашчаемся ад аднаго хле́ба.
 
Бо адзін хлеб, адно цела шмат нас, бо ўсі мы ўчасьнікі аднаго хлеба.

Паглядзеце на Ізраіля па целу: тыя, што ядуць ахвяры, ці ня ўдзельнікі ахвярніка?
 
Гляньце на Ізраеля подле цела: тыя, што ядуць аброкі, ці ня ўчасьнікі аброчніка?

Што-ж я кажу? ці тое, што ідал што-не́будзь ёсьць? Ці ахвяра ідальская што-не́будзь ёсьць?
 
Што я кажу? Ці тое, што балван ё што-колечы, або абраканае балваном знача што-колечы?

Не́; але тое, што жэртвуюць пагане, злым духам жэртвуюць, а ня Богу. Я-ж не хачу, каб вы былі чартоўскімі супольнікамі.
 
Але што абракаюць пагане, нячысьцікам абракаюць, а ня Богу. А я ня зычу, каб вы былі ў вузаем’ю зь нячысьцікамі.

Ня можаце піць чары Гасподняе і чары шатанавае; ня можаце быць учасьнікамі стала Гасподняга і стала шатанавага.
 
Ня можаце піць чары Спадаровае і чары нячысьцікавае, ня можаце быць учасыіікамі столу Спадаровага і столу нячысьцікавага.

Ці-ж нам дражніць Госпада? Ці-ж мы дужэйшыя за Яго?
 
Ці будзем даводзіць Спадара да завісьці? Ці мы дужшыя за Яго?

Усё мне́ можна, ды ня ўсё карысна; усё мне́ можна, ды ня ўсё будуе.
 
Усе дазволена, але ня ўсе карысна; усе дазволена, але ня ўсе будуе.

Ніхто няхай ня шукае свайго, але кожны тое, што для другога.
 
Ніхто ня шукай свайго, але кажны другога.

Усё, што прадае́цца на торжышчы, е́шце, не разьбіраючыся дзеля сумле́ньня;
 
Усе, што прадаецца ў мясных крамах, ежча бязь ніякага выпытаваньня дзеля сумленьня;

бо Госпадава зямля і поўня яе́ (Псальм 23:1).
 
Бо «зямля Спадарова, і ўся паўніня яе».

Калі-ж хто з няве́рных пакліча вас, і вы захочаце пайсьці, — дык е́шце ўсё, што дадуць, не разьбіраючыся дзеля сумле́ньня.
 
Калі хто зь нявернікаў пазавець вас, і хочаце йсьці, усе, што пасулена вам, ежча бязь ніякага выпытаньня дзеля сумленьня.

Калі-ж хто скажа вам: гэта жэртва ідальская, — дык ня е́шце з увагі на таго, хто паведаміў вас, і на сумле́ньне; бо Госпадава зямля і поўня яе́ (Псальм 23:1).
 
Але калі хто скажа вам: «Гэта балваном абраканае»; дык ня ежча дзеля таго, хто азнайміў вам, і дзеля сумленьня. (Бо зямля Спадарова, і паўніня яе).

Пра сумле́ньне-ж кажу не свае́, а другога; бо дзеля чаго мая воля мае (быць) суджана чужым сумле́ньнем?
 
Сумленьне ж разумею не твае, але таго другога; бо чаму мая свабода была б суджана чужым сумленьням?

Калі я з падзякаю прымаю, дык чаму ганьбаваць мяне́ за тое, за што дзякую?
 
Калі я з падзякаю спажываю, то нашто ганіць мяне за тое, за што я дзякую?

Дык ці ясьцё, ці п’ецё, ці не́шта робіце, усе на славу Божую рабе́це.
 
Дык ці ясьце, ці п’іце, ці што іншае робіце, усе рабіце на славу Божую.

Не спакушайце ні Юдэяў, ні Грэкаў, ні царквы Божай,
 
Ня будзьце спадманою Жыдом, ані Грэкам, ані царкве Божай,

як і я дагаджаю ўсім у-ва ўсім, шукаючы не свае́й карысьці, але карысьці многіх, каб яны збавіліся.
 
Як я гаджу ўсім у вусім, шукаючы карысьці не свае, але шмат чые, каб спасьліся.