1 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
Вы самі ве́даеце, браты, аб нашым уваходзе да вас, што ён быў не дарэмны;
Бо вы самы ведаеце, браты, што наш уход да вас ня быў дарма;
але, памучыўшыся пе́рш, зьнява́жаныя, як вы ве́даеце, у Філіпах, мы адважыліся ў Богу нашым казаці вам Эвангельле Божае з вялікай барацьбой.
Але перад памучыўшыся і ўражаны, як вы ведаеце, у Піліпах, мы важылі ў Богу нашым гукаць вам Дабравесьць Божую зь вялікім трудненьням.
Бо пацяшэньне нашае не з абмылкі, ані з нячыстасьці, ані ў хітраваньні,
Бо навучаньне нашае ня было з абмылы ані зь нечысьціні, ані з падходу;
але, як мы выбраны ад Бога, каб нам было даве́рана Эвангельле, дык мы і гаворым, не як дагаджаючы людзям, але Богу, што дазнае́ сэрцы нашыя.
Але як Бог прызнаў нас за годных, паручыць нам Дабравесьць, так мы гукаем, годзячы ня людзём, але Богу, Каторы прабуе сэрцы нашы.
Бо ніколі ня было ў нас ласьлівых слоў, як ве́даеце, ані думкі аб карысьці: Бог сьве́дка!
Бо гутарка наша з вамі ніколі ня была лісьлівая, як вы ведаеце, ані было гальлівасьці пад якім-колечы прыклепам: Бог сьветка!
Ня шукаем мы славы ані ад людзе́й, ані ад вас, ані ад другіх, маючы магчымасьць быць у паважаньні, як Хрыстовыя Апосталы.
Ня шукаем славы людзкое ані ад вас, ані ад іншых, хоць мы маглі б быць із вагаю, як апосталы Хрыстовы,
Але былі мы ціхія сярод вас; як карміцелька грэе дзетак сваіх,
Але мы былі лагодныя сярод вас, як нянька, што кукобе собскія дзеці свае.
гэтак мы, рунячыся аб вас, пажадалі аддаць вам ня толькі Эвангельле Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любымі.
Гэтак прыяючы вам, мы гатовы былі ўдзяліць ня толькі Евангелі Божае, але й собскія душы свае, бо вы сталі мілаваныя нам.
Бо вы памятаеце, браты, працу нашую і ўтому: робячы ўначы і ўдзе́нь, каб ня быць цяжарам каму з вас, мы абвяшчалі вам Эвангельле Божае.
Бо вы памятуеце, браты, працу а гарапашнасьць нашу: ноч і дзень працуючы, каб не ацяжарыць вас чым-колечы, мы абяшчалі вам Дабравесьць Божую.
Сьве́дкі вы і Бог, як сьвята і справядліва і беззаганна паступалі мы з вамі, ве́руючымі;
Сьветкі вы й Бог, як сьвята, справядліва а беззаганна мы былі да вас вернікаў.
бо вы ве́даеце, як мы кожнага з вас, як бацька дзяце́й сваіх,
Як вы ведаеце, кажнага з вас, як ацец дзеці свае, мы навучалі й цешылі й сьветчылі,
пацяшалі вас і пераконывалі і сьве́дчылі, каб вы паступалі дастойна Бога, які паклікаў вас у Сваё Царства і славу.
Каб вы жылі годна Бога, Каторы пагукаў вас да гаспадарства Свайго а славы.
Дзеля гэтага і мы нясупынна дзякуем, што вы, прыняўшы ад нас пачутае слова Божае, прынялі яго не як слова чалаве́чае, а (як яно ёсьць папраўдзе,) слова Божае, якое і дзе́ець у вас, ве́руючых.
І за гэта мы кажначасна дзякуем Богу, што, прыняўшы ад нас слова Божае, вы прынялі ня слова людзкое, але, як запраўды ёсьць, слова Божае, каторае й дзее ў вас вернікаў.
Бо вы, браты, сталіся пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі, у Хрысьце́ Ісусе, бо і вы таксама цярпе́лі ад сваіх зямлякоў, як і тыя ад Юдэяў,
Бо вы, браты, сталі перайманьнікамі ў цэркваў Божых, што ў Юдэі ў Хрысту Ісусу, бо вы тое ж цярпелі ад родзічаў сваіх, што яны ад Жыдоў,
якія і Госпада Ісуса забілі, і сваіх прарокаў, і нас павыганялі, і Богу не дагаджаюць, і ўсім людзям супраціўныя,
Каторыя забілі Спадара Ісуса а прарокаў, і нас выганяюць, і ня годзяць Богу, і праціўныя ўсім людзём,
якія не даюць нам прамаўляць да паганаў, каб тыя спасьліся, каб выпаўніліся грахі іх усягды; але дасягнуў іх наканец гне́ў.
Боронячы нам гукаць народам, каб гэтыя спасьліся; гэтак заўсёды поўняць меру грахоў сваіх. Але, наапошку, бліжыцца на іх гнеў Спадароў.
Мы-ж, браты, асірочаныя вамі на кароткі час абліччам, а ня сэрцам, тым больш стараліся ўгле́дзіць аблічча вашае,
Мы ж, браты, будучы спабыты вас і разлучаныя на часіну відам, ня сэрцам, з большым жаданьням стараліся бачыць вас аблічна.
Дзеля гэтага хаце́лі мы прыйсьці да вас, — я, Паўла, і раз, і два, — але перашкодзіў нам шатан.
Затым мы хацелі прыйсьці да вас, асабліва я Паўла, раз і другі раз, але шайтан перакажаў нам.
Бо якая наша надзе́я, ці радасьць, ці вяне́ц пахвалы? Ці й ня вы-ж перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прыход Яго?
Бо хто надзея наша, альбо радасьць, альбо карона хвальбы? Ці ня вы таксама перад Спадаром нашым Ісусам у часе прыходу Ягонага?
Бо вы — слава нашая і радасьць.
Бо вы слава наша а радасьць.