Адкрыцьцё 21 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
І ўбачыў я новае не́ба і новую зямлю, бо пе́ршае не́ба й пе́ршая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
І абачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
І я, Іоан, убачыў ме́ста сьвятое, новы Ерузалім, які зыходзіў ад Бога з не́ба, прыгатаваны быццам няве́ста, прыбраная дзеля мужа свайго.
І я абачыў сьвятое места, Ерузалім новы, што зыходзіў зь нябёс ад Бога, прыгатаваны, як княгіня маладая, прыбраная дзеля мужа свайго.
І пачуў я голас вялікі з не́ба, мовячы: Вось скінія Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; і людзі будуць Ягонымі, і сам Бог будзе з імі, іхні Бог.
І пачуў я вялікі голас ізь неба, каторы казаў: «Вось, вітальня Божая зь людзьмі, і Ён будзе жыхарыць ізь імі, і яны будуць людам Ягоным, і Сам Бог будзе зь імі Богам іхным;
І абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхніх; і сьме́рці ўжо ня будзе, і ня будзе ўжо ані плачу, ані галошаньня, ані труду, бо пе́ршыя мінулі.
І Ён абатрэць кажную сьлізу з ачоў іхных, і наперад сьмерці ня будзе ані немарасьці, ані плачу, ані болю; бо першае мінула».
І сказаў Сідзя́чы на пасадзе: Вось, ро́блю ўсё новае. І кажа да мяне́: Напішы, бо гэтыя словы праўдзівыя і ве́рныя.
І сказаў Тый, што сядзеў на пасадзе: «Вось, чыню ўсе новае». І кажа: «Напішы, бо словы гэтыя праўдзівыя а верныя».
І сказаў мне́: Ста́лася. Я — Альфа і Омэга, пачатак і канец. Пра́гнучаму дам Я дар з крыніцы вады жывое;
І сказаў імне: «Сталася! Я Альфа й Омэґа, пачатак і канец; усьмягламу дам із жарала вады жывое дарма.
хто пераможа, возьме ў спадчыну ўсё, і буду яму Богам, і ён будзе Мне́ сынам.
Перамагаючаму спадзець гэта, і Я буду яму Богам, а ён будзе Імне сынам.
А для палахлівых і няве́рных, і для нягоднікаў і душагубаў, і для распусьнікаў і чарадзе́яў і слуг ідалавых, і для ўсіх ілжывых — доля іх у возеры, пала́ючым агнём ды се́ркаю, што ёсьць другая сьме́рць.
Баязьлівых жа а няверных а агідных а забіўцаў а бязуляў а чараўнікоў а балвахвалаў а ўсіх манюкаў — доля ў возеру, што гарыць агнём а серкаю; гэта — сьмерць другая».
І прыйшоў да мяне́ адзін із сямёх Ангелаў, тых, што ме́лі се́м ча́раў, напоўненых сямёма апошнімі плягамі, і загутарыў са мною, мовячы: Хадзі, пакажу табе́ жанчыну, няве́сту Ягня́ці.
І прышоў адзін ізь сямёх ангілаў, што мелі сем чараў, поўных сямёх апошніх болькаў, і мужаваў з імною, кажучы: «Хадзі, я пакажу тэ княгіню маладую, жонку Баранчыкаву».
І панёс мяне́ ў духу на вялікую ды высокую гару, і паказаў мне́ ме́ста вялікае, сьвяты́ Ерузалім, што зыходзіў з не́ба ад Бога
І ўзьнёс мяне ў духу на вялікую а высокую гару, і паказаў імне сьвятое места Ерузалім, што зыходзіў зь неба ад Бога;
і ме́ў хвалу Божую. І сьвятло́ ягонае падобнае да найдаражэйшага ка́меня, быццам крыштальнага ка́меня ясьпісовага;
Ён мае славу Божую. Зьзяньне ягонае падобнае да найдарожшага каменя, бы да каменя ясьпіса крышталападобнага.
і ме́ў ён мур вялікі й высокі, і ме́ў дванаццаць варотаў, і на вароцех дванаццаць Ангелаў і імёны напісаныя, якія ёсьць дванаццацёх родаў сыноў Ізраілявых.
Ён мае вялікую а высокую сьцяну, мае двананцаць брамаў і на брамах двананцацёх ангілаў і напісаныя ймёны двананцацёх плямёнаў сыноў Ізраелявых:
І ад усходу трое варотаў, і ад поўначы трое варотаў, і ад паўдня трое варотаў, і ад за́хаду трое варотаў.
З усходу тры брамы, з поўначы тры брамы, з паўдня тры брамы, із захаду тры брамы.
І мур мястовы ме́ў дванаццаць падва́лінаў, і на іх імёны дванаццацёх Апосталаў Ягняці.
І сьцяна месцкая мае двананцаць подаў, і на іх двананцаць імёнаў двананцацёх апосталаў Баранчыкавых.
І той, што гутарыў са мною, ме́ў трысьціну залатую, каб абме́рыць ме́ста і вароты яго, і сьце́ны яго.
Тый, што мужаваў з імною, меў залатую трысьціну, мерку, каб памераць места і брамы ягоныя і сьцены ягоныя.
І ме́ста ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня ягоная такая-ж, як і шырыня. І абме́рыў ме́ста трысьцінай на дванаццаць тысячаў стадыяў; і даўжыня ягоная і шырыня і вышыня аднолькавыя.
А места чатыракутняе, і ўдаўжкі такое ж, як і ўшыркі. Памераў ён места трысьціною на двананцаць тысячаў гоняў; даўжыня і шырыня і вышыня яго роўныя.
І абме́рыў мур ягоны на сто сорак чатыры локці ме́ры чалаве́чае, якая і а́нгельская.
І сьцяну ягоную памераў — сто сорак чатыры локці людзкое меры, каторая ж ангілава.
І мур быў пабудаваны з ясьпісу; і ме́ста чыста залатое, падобнае да чыстага шкла.
Сьцяна ягоная пастаўлена зь ясьпісу, а места — чыстае золата, падобнае да чыстага шкла.
І падваліны муру мястовага прыаздоблены ўсякім каме́ньнем дарагім: пе́ршая падваліна ясьпіс, другая сапфір, трэцяя халькедон, чацьве́ршая шмарагд,
Поды сьцяны месцкае прыбраныя ўсялякім дарагім каменьням: под першы — ясьпіс, другі — шапір, трэйці — халцэдон, чацьверты — шмараґд,
пятая сардонік, шостая сард, сёмая хрызалíт, восмая бэрыль, дзявя́тая тапа́з, дзяся́тая хрызапра́с, адзінаццатая гіяцы́нт, дванаццатая амэтыст.
Пяты — сардонікс, шосты — крывавец, сёмы — хрызоліт, восьмы — бэрыл, дзявяты — топаз, дзясяты —хрызопрас, адзінанцаты — гіяцынт, двананцаты — амэтысты.
І дванаццаць варотаў — дванаццаць пэрлаў: а кожныя вароты із аднае́ пэрлы. І вуліца ме́ста чыста залатая, быццам шкло празры́стае.
А двананцаць брамаў — двананцаць пэрлаў: кажная брама была з аднае пэрлы. Вуліцы места — чыстае золата, як прасьветнае шкло.
І храму ў ім ня ўгле́дзіў я: бо храм ягоны ёсьць Госпад Бог Уседзяржыцель і Ягня́.
Дому Божага ж я ня бачыў; бо Спадар Бог Усемагучы — дом яго, і Баранчык.
І ме́ста ня ма́е патрэбы ў сонцы ані ў ме́сяцу, каб асьвятлялі яго: бо хвала́ Божая асьвяціла яго, і сьве́тач ягоны — Ягня.
І места не патрабуе сонца ані месяца, каб асьвячаць сябе; бо слава Божая асьвяціла яго, і сьветач ягоны — Баранчык.
І народы збаўлёных хадзíцімуць у сьвятле́ ягоным, і цары зямныя прынясуць у яго славу й чэсьць сваю.
І народы будуць хадзіць у сьвятліні Ягонай, і каралёве земныя прынясуць славу сваю да Яго.
І вароты ягоныя ня будуць замыкацца ўдзе́нь, а ночы там ня будзе.
І брамы ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе.
І прынясуць у яго славу й чэсьць народаў.
І прынясуць да яго славу а чзсьць народаў.
І ня ўвойдзе ў яго нішто нячыстае ды ро́бячае агіду й ілжу, а толькі запісаныя ў кнізе жыцьця Ягня́ці.
І нічога нячыстага ня ўвыйдзе ў яго ані чынячы брыду а ману, але адно напісаныя ў сувою жыцьця Баранчыкавым.