Адкрыцьцё 22 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І паказаў мне́ чыстую раку́ вады́ жыцьця́, сьве́тлую, як крыштал, што выходзіла із пасаду Бога й Ягня́ці.
 
І паказаў імне раку вады жыцьця, сьветлую, як крыштал, каторая выцякала з пасаду Божага а Баранчыкавага.

Пасярэдзіне вуліцы яго, наабапал ракí, дрэва жыцьця, што дае плады́ дванаццаць разоў, даючы́ на кожын ме́сяц ягоны плод; і лісьці дзе́рава на ле́к народам.
 
Сярод вуліцы ягонае і паабапал ракі — дзерва жыцьця, што родзе двананцаць пладоў, кажнага месяца выдаець плод свой; і лісты дзерва — да ўздараўленьня народаў.

І ня будзе ўжо нічога вы́клятага; і будзе ў ім пасад Бога й Ягня́ці, і рабы́ Ягоныя служы́цімуць Яму.
 
І нічога ўжо ня будзе праклятага; але пасад Божы а Баранчыкаў будзе ў ім, і слугі Ягоныя будуць служыць Яму.

І ўгле́дзяць аблічча Ягонае і імя Ягонае на лабо́х іхніх.
 
І абачаць від Ягоны, і імя Ягонае будзе на чолах іхных.

І ня будзе тамака ночы; і няма ў іх патрэбы ў сьве́тачу і ў сьвятле́ сонца, бо Госпад Бог асьвятляе іх. І цары́цімуць на ве́чныя вякí.
 
І ночы ня будзе там, ня будуць патрабаваць сьветача ані сьвятліні сонечнае, бо Спадар Бог будзе асьвячаць іх; і будуць караляваць на векі вякоў.

І сказаў мне́: Словы гэтыя ве́рныя і праўдзівыя; і Госпад Бог сьвятых прарокаў паслаў Ангела Свайго паказаць рабо́м Сваім, што́ мусіць хутка стацца.
 
І сказаў імне: «Гэтыя словы верныя а праўдзівыя; і Спадар Бог духоў прарокаў паслаў Ангіла Свайго паказаць слугам Сваім тое, што мае стацца неўзабаве.

Вось, хутка прыходжу. Шчасьлівы, хто хавае словы прароцтва кнігі гэтае.
 
І вось, іду неўзабаве»: дабраславёны, хто заховуе словы прароцтва сувою гэтага.

І я, Іоан, той, што бачыў гэта і чуў. І калі я пачуў ды пабачыў, я паваліўся пакланіціся перад нагамі Ангела, што паказваў мне́ гэта.
 
І я, Яан, чуў і бачыў гэта. І як я пачуў і абачыў, паў у ногі ангілу, што паказаваў імне гэта, каб пакланіцца;

І кажа ён мне́: Глядзі, не́: бо я — суслужнік твой і братоў тваіх прарокаў і хаваючых словы кнігі гэтае; Богу пакланіся.
 
Але ён сказаў імне: «Глядзі, не рабі гэтага: я — сунявольнік твой, і братоў тваіх прарокаў, і заховуючых словы сувою гэтага; Богу кланяйся».

І кажа мне́: Не запячатывай слоў прароцтва кнігі гэтае: бо блізка час.
 
І сказаў імне: «Не запячатавай словаў прароцтва сувою гэтага; час блізка.

Крыўдзіцель няхай яшчэ крыўдзіць, і нячысты няхай яшчэ апага́ніваецца, і справядлівы няхай яшчэ чыніць справядлівасьць, і сьвяты́ няхай яшчэ асьвячаецца.
 
Несправядлівы няхай яшчэ чыне несправядлівасьць; і брудзяны няхай брудзяніцца яшчэ; а справядлівы няхай чыне справядлівасьць яшчэ, і сьвяты няхай усьвячаецца яшчэ».

І вось хутка прыходжу, і заплата Мая са Мною, каб аддаці кожнаму, як будзе дзе́ла ягонае.
 
«Вось, прыйду неўзабаве, і адплата Мая з імною, каб адплаціць кажнаму подле ўчынкаў ягоных.

Я — Альфа й Омэга, пачатак і кане́ц, Першы і Апошні.
 
Я Альфа й Омэґа, першы й апошні, пачатак і канец».

Шчасьлівыя, што выпаўняюць за́паведзі Яго, каб была ўлада іх на дрэва жыцьця, ды каб увайшлі праз вароты ў ме́ста;
 
Дабраславёныя тыя, што памыюць уборы свае, бо яны будуць мець права да дзерва жыцьця і каб увыйсьці пераз брамы да места.

а вонках сабакі й чарадзе́і, і распусьнікі ды забойцы і служкі íдалавы, і ўсе́, што любяць і чыняць няпраўду.
 
Вонках — сабакі і чараўнікі, і бязулі, і забіўцы, і балвахвалы, і кажны, хто любе й чыне ману.

Я, Ісус, паслаў Ангела Майго пасьве́дчыць вам гэта ў цэрквах. Я — карэ́нь і род Давíдавы, зорка сьве́тлая і ра́нічная.
 
«Я, Ісус, паслаў ангіла Свайго пасьветчыць гэта вам у цэрквах. Я карэнь і пагон Давідаў, зорка сьветлая, ранічная».

І Дух і няве́ста кажуць: Прыхо́дзь! І, хто пра́гне, няхай прыходзе; і, хто хоча, няхай бярэ ваду́ жыцьця дарма́.
 
І дух і княгіня маладая кажуць: «Прыйдзі!» І чуючы няхай скажа: «Прыйдзі!» Усьмяглы хай прыходзе, і зычачы няхай бярэць ваду жыцьця дарма.

І я разам сьве́дчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтае: калі хто даложа да гэтага, узложыць на яго Бог плягі, напісаныя ў кнізе гэтай;
 
Я сьветчу кажнаму, хто чуе словы прароцтва сувойчыка гэтага: калі хто дадасьць што да іх, таму дадасьць Бог болькаў, апісаных у сувойчыку гэтым.

і калі хто ады́ме ад слоў кнігі прароцтва гэтага, ады́ме ў яго Бог долю ягоную з кнігі жыцьця і з ме́ста сьвятога і з напісанага ў гэтай кнізе.
 
І калі хто адыйме ад словаў сувойчыка прароцтва гэтага, адыйме Бог дзель ягоную зь дзерва жыцьця і зь места сьвятога, апісанага ў гэтым сувойчыку.

Той, што сьве́дчыць гэта, кажа: Але́, хутка прыходжу! Амін. Але́, прыходзь, Госпадзе Ісусе!
 
Тый, што сьветча гэта кажа: «Запраўды прыйду неўзабаве». Амін. Прыйдзі, Спадару Ісусе!

Ла́ска Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі ўсімі. Амін.
 
Ласка Спадара Ісуса Хрыста з усімі сьвятымі. Амін.