Псалтыр 41 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Вітаўта Тумаша
Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
Багаслаўлены, хто на мізэрных зважае; у дзень няшчасьця Госпад спасець яго.
Госпад яго ўсьцеражэ і жыцьцё захавае яму; на зямлі ён будзе шчасьлівы, і ярасьці ворагаў Ты не аддаш яго.
Госпад яго ўзмацуе на ложку нядужным; увесь яго ложак Ты зьменіш у хваробе ягонай.
Я казаў: Госпадзе, будзь да мяне Ты ласкавы! Вылечы душу маю, бо я саграшыў прад Табою.
Абмаўляюць мяне мае ворагі й кажуць: Калі ён памрэ, счэзьне і імя ягонае!
І, калі прыдзе ў адведзіны хто да мяне, гаворыць няшчыра; сэрца ягонае злосьцяй напоўнена; а выйдзе, дык лаець мяне.
Усе, што мяне ненавідзяць, шэпчуцца міжы сабою ды супраць мяне, на мяне выдумляючы ліха:
Прычапілася к яму безнадзейнае; калі зьлёг, не паўстаць яму болей!
Навет той, што жыў мірна са мною, на якога надзею ўскладаў я, хто еў хлеб мой, — і той падняў пяту ды супраць мяне!
Дык, Госпадзе, Ты нада мною зьмілуйся і мяне падыймі зноў, каб ім я аддзячыў!
І з таго я пазнаю, што да мяне Ты прыхільны, калі вораг мой мець нада мной перамогі ня будзе.
За шчырасьць маюТы мяне падтрымаў і паставіў мяне прад абліччам Тваім ды навекі.
Няхай будзе пахвалены Госпад, Бог Ізраілявы, ад веку й навекі. Амін, амін!