Псалтыр 5 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Вітаўта Тумаша
Кіраўніку хору: на трубах. Псальм Давідавы.
Выслухай словы мае, Госпадзе, зваж на ўздыханьні мае.
Пачуй гучны крык мой, Цару мой і Божа мой, бо да Цябе малюся.
Спазаранку пачуй, Госпадзе, голас мой; удосьвіткі стану перад Табою і буду спадзявацца.
Бо Ты Бог, якому недаспадобы бяспраўе; злому нельга быці пры Табе!
Свавольнікі ня ўстояць перад вачыма Тваімі; усіх злачынцаў Ты ненавідзіш.
Ты выгубляеш ілжывых; крыважаднымі й круцялямі брыдзіцца Госпад.
Але я, праз вялікую ласку Тваю, увайду да дому Твайго і — ў баязьні Тваёй — пакланюся Сьвятыні Тваёй.
Госпадзе, вядзі мяне ў справядлівасьці Тваёй; насупраць ворагам маім выпрастуй шлях Твой прада мною.
Бо нямашака шчырасьці ў вуснах іхніх; іх сэрца — распуста; горла іх — магіла расчыненая; язык у іх — падлыжны.
Засудзі іх, Божа! Няхай скрышацца ад імкненьняў сваіх! За множства праступкаў адкінь Ты іх, бо супраць Цябе збунтаваліся.
Ды няхай радуюцца ўсё, што на Цябе спадзяюцца; няхай весяляцца навекі, бо Ты іх бароніш; і хай узрадуюцца Табою, што мілуюць імя Тваё.
Бо Ты багаслаўляеш пабожных, Госпадзе, і ласкай Тваёю, бы шчытом, засланяеш.