Псалтыр 66 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Вітаўта Тумаша
Кіраўніку хору: песьня. Псальм. Слаўце Бога, ўсе землі!
Сьпявайце аб славе іменьня Ягонага, абвяшчайце славу й хвалу Яго!
Кажэце да Бога: Які Ты страшны ў дзеяньнях Тваіх! Дзеля велічы моцы Тваёй падлыгваюць Табе Твае ворагі.
Усе землі будуць Табе пакланяцца й славіць Цябе, будуць імя Тваё выхваляці. (Зэля)
Пайдзеце-ж, пагледзьце дзеяньні Бога, страшнога ў справах проці сыноў чалавечых.
ён абярнуў мора ў сушу, пеша яны перайшлі праз раку; тамака радаваліся мы ў Ім!
Ён Сваёй моцай пануе навекі; вочы Яго за народамі сочаць, каб не паўставалі бунтары. (Зэля)
Слаўце, народы, нашага Бога й гучна абвяшчайце хвалу Яго,
што душы нашай жыцьцё дараваў і нашай стапе ня даў пахіснуцца.
Бо Ты дасьведчыў нас, Божа! Ператапіў нас агнём, як срэбра ператапляецца.
Ты заганяў нас у сеці, цяжкімі путамі бёдры нам ціснуў.
Ты нам садзіў чалавека на голаў; ішлі мы ў вагонь і ваду, але Ты нас на волю выводзіў.
З цэлапаленьнямі ў Дом Твой пайду і споўню Табе абяцаньні мае,
што вусны мае прыракалі, што ў горы маім мой язык вымаўляў.
Цэлапалёньні з тлустых авечак прынясу Табе з пахам ахвярным баранаў; валоў і казлоў прынясу на ахвяру. (Зэля)
Хадзеце, паслухайце ўсе, хто Бога баіцца: я раскажу вам, што для душы маёй Ён учыніў.
Яго я клікаў вуснамі маімі, і хваленьне было на маім языку.
Калі-б меў я ў думцы сваёй беззаконнае, Госпад мяне-б не паслухаў!
Ды Бог пачуў і зважыў на голас маленьня майго.
Няхай будзе пахвалены Бог, што малітвы маёй не адкінуў і ласкі Сваёй не пазбавіў мяне!