Мацьвея 12 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Вітаўта Тумаша
У той час праходзіў Ісус у суботу засе́янымі палямі; вучні Яго пачулі голад ды пачалі зрываць калосьсе і е́сьці.
Фарысэі-ж, угле́дзіўшы гэтае, сказалі Яму: вось вучні Тваі робяць, чаго ня гожа рабіць у суботу.
Ён жа сказаў ім: ці-ж вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі захаце́ў е́сьці сам і быўшыя з ім?
Як ён увайшоў у дом Божы і е́ў хлябы́ ахвярныя, якіх не нале́жала е́сьці ні яму, ні быўшым з ім, а толькі адным сьвяшчэнікам?
Яшчэ ці-ж ня чыталі вы ў законе, што ў суботы сьвяшчэнікі ў царкве́ парушаюць суботу, аднак бязьвінныя?
Кажу-ж вам, што тут ёсьць вялікшы за царкву.
Калі-б вы разуме́лі, што значыць: міласьці хачу, а ня жэртвы, то не асудзілі-б бязьвінных (Осія 6:6).
Бо Сын Чалаве́чы ёсьць гаспадар і суботы.
І, адыйшоўшы адтуль, увайшоў Ён у школу іх.
І вось там быў чалаве́к сухарукі. І спыталіся у Ісуса, каб абвінаваціць Яго: ці гожа аздараўляць у суботу?
Ён жа сказаў ім: хто з вас, маючы адну аўцу, калі яна ў суботу ўпадзе́ ў яму, ня возьме яе́ і ня выцягне?
На колькі-ж ле́пшы чалаве́к за аўцу? Значыць, можна ў суботу рабіць дабро.
Тады кажа гэнаму чалаве́ку: выцягні руку тваю! І той выцягнуў: і ста́лася яна здаровая, як другая.
Фарысэі-ж, вы́йшаўшы, змаўляліся проці Яго, як бы загубіць Яго. Але Ісус, ве́даючы, пайшоў адтуль.
І пайшло́ сьле́дам за Ім множства народу, і Ён аздараўляў іх усіх.
І забараніў ім выяўляць Яго,
каб збыло́ся сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
Вось юнак Мой, Якога Я выбраў, Улю́блены Мой, Якому спагадае душа Мая. Узлажу Дух Мой на Яго, і абве́сьціць народам суд.
Ня будзе свары́цца, ані загало́сіць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго.
Трысьціны надло́манай не перало́міць і лёну тле́ючага не зага́сіць, пакуль ня дасьць суду перамогі.
І ў імя Яго будуць спадзявацца народы (Ісая 42:1−4).
Тады прывялі да Яго апанаванага злым духам сьляпога й нямога, і аздаравіў яго, так што сьляпы й нямы стаў гаварыць і бачыць.
І дзівіўся ўве́сь народ і гаварыў: ці ня гэта сын Давідаў?
Фарысэі-ж, пачуўшы гэтае, сказалі: Ён выганяе злых духаў ня йначай, як сілаю Вэльзэвула, князя злых духаў.
Але Ісус, ве́даючы думкі іх, сказаў ім: усякае царства, разьдзяліўшыся само ў сабе́, апусьце́е; і ўсякае ме́ста, ці дом, разьдзяліўшыся сам у сабе́, ня ўстоіць.
І калі злы дух злога духа выганяе, то ён разьдзяліўся сам у сабе́: як можа ўстая́ць царства яго?
І, калі Я сілаю Вэльзэвула выганяю нячыстых духаў, то чы́ею сілаю сыны вашыя выганяюць? Вось чаму яны будуць вам судзьдзямі.
А калі Я Духам Божым выганяю нячыстых, то, значыцца, прыйшло да вас царства Божае.
Або як можа хто ўвайсьці ў дом асілка і абрабаваць рэчы яго, калі ране́й ня зьвяжа асілка і тады абрабуе дом яго.
Хто не са Мною, той проці Мяне́; і хто ня зьбірае са Мною, той марна траціць.
Дзеля гэтага кажу вам: усякі грэх і ганьбава́ньне дару́юцца чалаве́кам, а ганьбава́ньне Духа не даруецца чалаве́кам.
Калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, дару́ецца яму; калі-ж хто скажа на Духа Сьвятога, не дару́ецца яму ні ў гэтым ве́ку, ні ў будучым.
Або прызна́йце дрэва добрым і плод яго добрым, або прызна́йце дрэва благім і плод яго благім, бо дрэва пазнае́цца паводле плоду.
Родзе га́давы! як вы можаце гаварыць добрае, калі вы благія? бо ад паўнаты сэрца гавораць вусны.
Добры чалаве́к з добрага скарбу сэрца выносіць добрае, а благі чалаве́к з благога скарбу выносіць благое.
Кажу-ж вам, што за ўсякае пустое слова, якое скажуць людзі, дадуць яны адказ у дзе́нь суду́.
Бо паводле слоў сваіх будзеш апра́ўданы і наводле слоў сваіх будзеш засу́джаны.
Тады некато́рыя з кніжнікаў і фарысэяў сказалі: Вучыцель! хаце́лася-б нам ад Цябе́ знак бачыць.
Ён жа сказаў ім у адказ: род лукавы й чужало́жны шукае знако́ў, і знакí ня будуць да́дзены яму, апрача знаку Іоны прарока.
Бо, як Іона быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалаве́чы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Мужы Ніневійскія ўстануць на суд з родам гэтым і засудзяць яго, бо яны пака́яліся ад навукі Іоны; і вось тут больш, чым Іона.
Царыца паўднёвая паўстане на суд з родам гэтым і засудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямо́навай; і вось тут больш, чым Салямон.
Калі нячысты дух выйдзе з чалаве́ка, то блука́ецца на бязво́дзьдзі, шука́ючы супако́ю, і не знаходзіць.
Тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго незаня́тым, вы́меценым і прыбра́ным.
Тады йдзе́ й бярэ з сабою се́м другіх духаў, горшых за яго, і, увайшоўшы, жывуць там; і для чалаве́ка таго апошняе бывае горш пе́ршага. Так будзе і з гэтым родам благім.
Калі-ж Ён яшчэ гаварыў да народу, вось маці Яго і браты Яго стаялі вонках, хо́чучы гаварыць з Ім.
І не́хта сказаў Яму: вось маці Твая і браты Тваі стаяць вонках, хо́чучы гаварыць з Табою.
Ён жа сказаў у адказ гаварыўшаму: хто маці Мая? хто браты Маі?
І, паказаўшы рукою Сваею на ву́чняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае́;
бо хто будзе выпаўняць волю Айца́ Майго, што ў нябёсах, той Мне́ брат і сястра і маці.