Мацьвея 3 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Вітаўта Тумаша
У тыя дні прыходзіць Іоан Хрысьціцель, навучаючы ў пустыні Юдэйскай
і кажучы: пакайцеея, бо наблізілася царства нябе́снае.
Бо ён той, пра якога сказаў прарок Ісая: голас гука́ючага ў пустыні: гатуйце дарогу Госпаду, про́стымі рабе́це сьце́жкі Яму (Ісая 40:3).
Сам жа Іоан ме́ў адзе́ньне з вярблю́давага валосься і скураны́ пояс на паясьніцы сваёй, а ядою яго была шаранча́ і дзікі мёд.
Тады Ерузалім ды ўся Юдэя і ўсе́ ваколіцы Іорданскія выходзілі да яго
і хрысьціліся ў яго ў Іордане, спавядаючыся з грахоў сваіх.
Убачыўшы-ж многа фарысэяў і садуке́яў, якія ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: плод яхіднавы! Хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
Учыніце-ж плады, дастойныя пакаяньня,
і ня думайце гаварыць у думках сваіх: бацька ў нас Аўраам; бо кажу вам, што Бог можа з каме́ньняў гэтых падняць дзяце́й Аўрааму.
Ужо й сяке́ра ля караня́ дзярэў ляжыць: кожнае дрэва, якое не дае́ плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь.
Я хрышчу вас у вадзе́ ў пакаяньне, але той, што йдзе́ за мною, дужэйшы за мяне́, я ня варт нясьці вобуй Яго. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў вагні.
Лапа́та Яго ў руцэ Яго, і Ён ачысьціць гумно сваё і зьбярэ пшаніцу сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём неўгасаючым.
Тады прыходзіць Ісус з Галіле́і на Іордан да Іоана хрысьціцца ў яго.
Іоан жа ўстрымліваў Яго, кажучы: мне́ трэба хрысьціцца ў Цябе́, а Ты прыходзіш да мяне́.
Але Ісус сказаў яму ў адказ: пакінь цяпе́р; бо гэтак нам нале́жыць выпаўніць усякую праўду. Тады Іоан дапускае Яго.
І, ахрысьціўшыся, Ісус зараз жа выйшаў з вады, і вось расчыніліся Яму нябёсы, і ўгле́дзіў Іоан Духа Божага, Каторы зыходзіў, як галу́б, і спускаўся на Яго.
І вось голас з не́ба гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой улюблены, якому спагадаю.