Якава 2 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Вітаўта Тумаша
Браты маі! Не на аблічча ўзіраючыся, ме́йце ве́ру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста услаўленага.
Бо калі на сабраньне вашае ўво́йдзе чалаве́к з залатым пярсьцёнкам, у багатай вопратцы, дый увойдзе і бе́дны ў мізэрнай вопратцы,
і вы паўзіраецеся на адзе́тага ў багатую вопратку і скажаце яму: табе́ добра се́сьці тут, а бе́днаму скажаце: ты стань там, ці сядай тут, ля падножжа майго, —
дык ці-ж не перасуджваеце вы ў сабе́ і ня робіцеся судзьдзямі з нягоднымі думкамі?
Паслухайце, браты маі ўмілаваныя: ці-ж ня бе́дных сьве́ту гэтага выбраў Бог быць багатымі ве́раю і ўзяць у спадчыну Царства, якое Ён абяцаў тым, што любяць Яго?
А вы пагардзілі бе́дным. Ці-ж не багатыя прыгнятаюць вас, і ці-ж не яны цягаюць вас па судох?
Ці-ж не яны зьняслаўляюць добрае імя вашае, якім вы называецеся?
Калі вы выпаўняеце царскі закон паводле пісаньня: палюбі бліжняга твайго, як самога сябе́, добра робіце;
але калі на аблічча ўзіраецеся, дык робіце грэх і праступнікамі аказваецеся перад законам.
Бо хто выпаўняе ўве́сь закон, ды саграшыць у не́чым адным, той робіцца вінаватым у-ва ўсім.
Бо Той, Хто сказаў: не чужалож! сказаў такжа: не забі, дык калі ты не чужаложыш, але заб’еш, то ты таксама праступнік закону.
Гэтак гаварэце і гэтак рабе́це, як тыя, што маюць быць суджаны па закону свабоды.
Бо ня ма́е суд ласкі для таго, хто не зрабіў ласкі; ласка па-над суд вывышша́ецца.
Што за карысьць, браты маі, калі хто кажа, што ён ма́е ве́ру, ды ўчынкаў ня ма́е? Ці можа гэтая ве́ра збавіць яго?
Калі брат ці сястра неадзе́тыя і ня маюць стравы штодзе́ннае,
і не́хта з вас скажа ім: ідзе́це ў супакоі, грэйцеся і карміцеся, але ня дасьць ім патрэбнага для це́ла: што за карысьць?
Гэтак і ве́ра, калі ня ма́е ўчынкаў, сама па сабе́ мёртвая.
Але хто-не́будзь скажа: Ты маеш ве́ру, а я ма́ю ўчынкі; пакажы мне́ ве́ру тваю з учынкаў тваіх, і я з маіх учынкаў пакажу табе́ ма́ю ве́ру.
Ты ве́рыш, што Бог адзін: добра робіш; і злыя духі ве́раць і дрыжаць.
Але ці хочаш ве́даць, чалаве́ча нікчэмны, што ве́ра бяз учынкаў мёртвая?
Ці-ж ня ўчынкамі апраўдаўся Аўраам, бацька наш, узьвёўшы на ахвярнік Ізаака, сына свайго?
Ці бачыш, што ве́ра дапамагала ўчынкам яго, і ўчынкамі ве́ра завяршылася?
І выпаўнілася Пісаньне, якое кажа: Паве́рыў Аўраам Богу, і залічана яму за праведнасьць, і — другам Божым быў ён названы.
Ці бачыце, што чалаве́к апраўдываецца ўчынкамі, а ня ве́раю толькі?
Гэтак сама й Рааб блудніца ці ня ўчынкамі апраўдалася, прыняўшы пасланцоў і адправіўшы іх другой дарогай?
Бо, як це́ла бяз духа мёртвае, гэтак і ве́ра мёртвая бяз учынкаў.