1 да Карынфянаў 1 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Вітаўта Тумаша
Паўла, воляй Божай пакліканы Апостал Ісуса Хрыста, і Состэн, брат, —
царкве́ Божай, што ў Карыньце, асьвячоным у Хрысьце́ Ісусе, пакліканым сьвятым з усімі, што́ прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў-ва ўсякім ме́сцы, у іх і ў нас:
ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Заўсёды дзякую Богу майму за вас з прычыны ласкі Божае, да́нае вам у Хрысьце́ Ісусе,
бо ўсім абагаціліся вы ў Ім, усякім словам і ўсякаю ве́даю, —
бо сьве́дчаньне Хрыстовае ўмацавалася ў вас, —
дзеля чаго вы ня маеце нястачы ні ў якім дары, ждучы адкрыцьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Які і ўгрунтуе вас да канца, каб быць вам бязьвіннымі ў дзе́нь Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Ве́рны Бог, якім вы пакліканы ў лучнасьць Сына Яго, Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
Малю вас, браты, іменем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе́ вы гаварылі адно, і ня было-б між вамі падзе́лаў, але каб вы злучаны былі ў адным розуме і ў аднэй думцы.
Бо ад Хлоіных сталася мне́ ве́дама аб вас, браты мае́, што між вамі есьць спрэчкі.
Кажу-ж аб тым, што кожны ў вас кажа: я — Паўлавы, я — Апалёсавы, я — Кіфавы, а я — Хрыстовы.
Ці-ж разьдзяліўся Хрыстос? Ці-ж Паўла раскрыжаваўся за вас? Ці ў імя Паўлава вы ахрысьціліся?
Дзякую Богу, што я нікога з вас не ахрысьціў, апрача Крыспа і Гайя,
каб не сказаў хто, што я хрысьціў у маё імя.
Ахрысьціў я таксама Сьцяпанавы дом, а ці ахрысьціў яшчэ каго, ня ве́даю.
Бо і Хрыстос паслаў мяне́ не хрысьціць, а абвяшчаць Эвангельле; не ў прамудрасьці-ж слова, каб не панізіць крыжа Хрыстовага;
бо слова, што аб крыжу, для пагібаючых ёсьць вар’яцтва, а для нас, якія спасаюцца, — сіла Божая.
Бо напісана: загублю мудрасьць мудрацоў, і розум разумных адкіну (Ісая 29:14).
Гдзе́ мудрэц? гдзе́ кніжнік? гдзе́ дасьледчык гэтага ве́ку? Ці не ператварыў Бог мудрасьць сьве́ту гэтага ў вар’яцтва? (Ісая 33:18.)
Бо, калі сьве́т свае́ю мудрасьцяй не пазнаў Бога ў прамудрасьці Божай, дык угодна было Богу праз дурасьць пропаведзі збавіць ве́руючых.
Бо і Юдэі трэбуюць цудаў, і Грэкі шукаюць мудрасьці;
а мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў спакусу, а для Грэкаў дурасьць,
для самых жа пакліканых, і Юдэяў, і Грэкаў, — Хрыста, Божую сілу і Божую прамудрасьць;
бо дурное Божае мудрэйшае за людзе́й, і слабое Божае дужэйшае за людзе́й.
Бо паглядзе́це, браты, на пакліканьне вашае: ня многа мудрых паводле це́ла, ня многа дужых, ня многа дабрародных;
але Бог выбраў дурноту сьве́ту, каб асароміць мудрых, і бяссільнае сьве́ту выбраў Бог, каб асароміць дужо́е;
і бязроднае сьве́ту, і пагарджанае і няістотнае выбраў Бог, каб зьнішчыць істотнае,
дзеля таго, каб ніводнае це́ла не хвалілася перад Ім.
З Яго і вы ў Хрысьце́ Ісусе, які стаўся для нас прамудрасьцяй ад Бога, і праведнасьцяй, і асьвячэньнем, і адкупле́ньнем,
каб было, як напісана: хто хваліцца, хваліся ў Госпадзе (Ерамія 9:24).