Да Габрэяў 2 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Дзеля гэтага трэба нам асабліва ўважаць на чутае, каб часам не адпасьці.
 

Бо, калі, сказанае праз Ангелаў слова было цьвёрдае, і ўсякі праступак і непаслухмянства даставалі справядлівую адплату,
 

дык як мы ўцячэм, (мы), што ня рупіліся аб гэткае збаўле́ньне, якое, апавяшча́нае спачатку Госпадам, умацована ў нас ад тых, што ад Яго чулі,
 

пры сьве́дчаньні Богам праз знаме́ньні і цуды і розныя сілы, ды праз раздаваньне Духа Сьвятога паводле волі Яго?
 

Бо не для Ангелаў пакарыў Бог будучы сусьве́т, аб якім гаворым;
 

засьве́дчыў жа не́хта не́дзе, кажучы: Што́ ёсьць чалаве́к, што памятаеш аб ім, ці сын чалаве́чы, што адве́дваеш Яго?
 

Мала Ты панізіў яго перад Ангеламі; славай ды чэсьцю ўвянчаў Ты яго і паставіў яго па-над творамі рук Тваіх;
 

усё пакарыў Ты пад ногі яго (Псальм 8:5−7). Калі-ж пакарыў Яму ўсё, дык нічога не пакінуў непакорным яму. Цяпер жа яшчэ ня бачым, каб усё было пакорна яму;
 

але бачым, што Ісус, мала чым ума́лены перад Ангеламі, за муку сьме́рці ўве́нчаны славай і чэсьцю, каб з ласкі Божае спазнаў сьме́рць за ўсіх.
 

Бо трэба было, каб Той, праз Якога ўсё і Кім усё, Таго, Хто прывёў многіх сыноў у славу, Павадыра збаўле́ньня іх, праз мукі завяршыў.
 

Бо і той, хто асьвяча́е, і тыя, што асьвяча́юцца, усе́ — ад Аднаго; дзеля гэтага Ён не сароміцца называць іх братамі, кажучы:
 

Абвяшчу імя Твае́ братом Маім, пасярод царквы́ засьпяваю гымн Табе́ (Псальм 21:23).
 

І яшчэ: Я буду спадзявацца на Яго. І яшчэ: Вось я і дзе́ці, якіх даў мне́ Бог (Ісая 8:17−18).
 

Калі-ж дзе́ці сталіся супольнікамі це́ла і крыві, дык і Ён таксама супольнік іх, каб праз сьме́рць зьнішчыць таго, хто ма́е ўладу над сьме́рцяй, гэта ёсьць д’ябала,
 

і збавіць тых, якія ад страху сьме́рці праз усё жыцьцё былі адданы пад уладу рабству.
 

Бо запраўды ня Ангелаў прыймае Ён, але насе́ньне Аўраа́мавае прыймае.
 

Дзеля гэтага Ён павінен быў у-ва ўсім падобным стацца да братоў, каб быць міласэрным і ве́рным Архірэем перад Богам, каб ачысьціць грахі народу;
 

бо, як Сам Ён, спакуша́ны, цярпе́ў, дык і можа спакушаным дапамагчы.