2 Яна 1 разьдзел
Другое пасланьне Яна
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна
Старэйшына — выбранай гаспадырыні і яе дзецям, якіх я люблю ў праўдзе, і не толькі я, але і ўсе, хто ўведаў праўду,
Староста — выбранай пані і дзецям яе, якіх я люблю ў праўдзе, і ня я адзін, але і ўсе, што пазналі праўду,
дзеля праўды, якая жыве ў нас і будзе з намі навекі.
дзеля праўды, якая застаецца ў нас і будзе з намі на вякі.
Няхай будзе з намі1 ласка, літасць, мір ад Бога Бацькі і ад [Госпада] Ісуса Хрыста, Сына Бацькі, у праўдзе і ў любові!
Няхай будзе з вамі ласка, міласэрнасьць, супакой ад Бога Айца і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Айца, у праўдзе і любові!
Я вельмі ўзрадаваўся, што між тваіх дзяцей знайшоў тых, якія ходзяць у праўдзе, як мы атрымалі запаведзь ад Бацькі.
Я вельмі ўзрадаваўся, што знайшоў сярод дзяцей тваіх тых, якія ходзяць у праўдзе, як мы атрымалі прыказаньне ад Айца.
І цяпер прашу цябе, гаспадарыня — не як новую запаведзь пішучы табе, а тую, якую мы мелі ад пачатку, — каб мы любілі адзін аднаго.
І цяпер прашу цябе, пані, не як новае прыказаньне пішучы табе, але тое, якое маем ад пачатку, — каб мы любілі адзін аднаго.
І гэта ёсць любоў: каб мы жылі паводле Яго запаведзяў; гэта ёсць запаведзь, як вы чулі ад пачатку, каб вы паводле яе жылі.
І гэта ёсьць любоў, каб мы хадзілі паводле прыказаньняў Ягоных. Гэта ёсьць прыказаньне, якое вы чулі ад пачатку, каб у ім вы хадзілі.
Бо многа ашуканцаў выйшла2 ў свет, тых, што не вызнаюць Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе. Такі чалавек ашуканец і антыхрыст.
Бо шмат падманшчыкаў увайшло ў гэты сьвет, якія не вызнаюць Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе. Гэткі ёсьць падманшчык і антыхрыст.
Глядзіце за сабою, каб не страціць вам3 таго, над чым мы працавалі, а каб атрымаць поўную ўзнагароду.
Глядзіце за сабою, каб нам не згубіць таго, над чым мы працавалі, але каб атрымаць поўную нагароду.
Кожны, хто пераступае вучэнне Хрыста і не жыве ў ім, не мае Бога; хто жыве ў вучэнні [Хрыстовым], той мае і Бацьку і Сына.
Кожны, хто адступаецца і не застаецца ў вучэньні Хрыстовым, ня мае Бога; а хто застаецца ў вучэньні Хрыстовым, той мае і Айца, і Сына.
Калі хто-небудзь прыходзіць да вас і не прыносіць гэтага вучэння, не прымайце яго ў дом і не кажыце яму: «Радавацца!»4
Калі хто прыходзіць да вас і не прыносіць гэтага вучэньня, таго не прыймайце ў дом і радавацца яму не кажыце,
Бо той, хто кажа яму: «Радавацца!» — саўдзельнічае ў яго ліхіх учынках.
бо хто кажа радавацца яму, той супольнічае ў злых учынках ягоных.
Шмат маю пісаць вам, але не хачу пісаць на паперы чарніламі, а спадзяюся прыйсці да вас і пагаварыць з вуснаў у вусны, каб радасць наша была поўнаю.
Шмат маю пісаць да вас, але не хачу на паперы і атрамантам, але спадзяюся прыйсьці да вас і гаварыць вуснамі ў вусны, каб радасьць вашая споўнілася.
Вітаюць цябе дзеці тваёй выбранай сястры. [Амін].
Вітаюць цябе дзеці сястры твае выбранае. Амэн.