Да Рымлянаў 10 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Браты, жаданне майго сэрца і мальба да Бога за іх — для іх выратавання.
 
Браты! Жаданьне сэрца майго ды гарачае маленьне да Бога за іхняе збаўленьне.

Бо сведчу пра іх, што руплівасць да Бога яны маюць, але не паводле ведання.
 
Сьведчу я ім, што рупяцца яны пра Бога, але не па розуму.

Бо, не ведаючы Божай праведнасці і імкнучыся паставіць уласную праведнасць, яны праведнасці Божай не падпарадкаваліся.
 
Бо, не разумеючы справядлівасьць Божую, яны спрабавалі ўстанавіць сваю справядлівасьць і таму не спаганялі справядлівасьці Божай.

Бо канец закону — Хрыстос, дзеля праведнасці кожнага, хто веруе.
 
Бо канец закону — Хрыстос, для апраўданьня кожнага, хто верыць.

Бо Маісей піша аб праведнасці, якая з закона: «Чалавек, які выканаў іх, будзе жыць імі».
 
Майсей вось піша аб справядлівасьці, якая з закону: "Хто яе споўніў, атрымае праз яе жыцьцё".

А праведнасць, якая з веры, кажа так: «Не кажы ў сваім сэрцы: «Хто ўзыдзе на неба?» — гэта значыць звесці Хрыста ўніз;
 
А справядлівасьць з веры так кажа: "Не кажы ў сэрцы тваім: Хто ўзыйдзе ў неба?", гэта значыць Хрыста зьвесці на зямлю,

або: «Хто сыдзе ў бяздонне?» — гэта значыць, каб узвесці Хрыста ўгору з мёртвых.
 
або: "Хто спусьціцца ў бездань?", гэта значыць Хрыста вывесьці з умёршых.

Але што яна6 кажа? «Блізка да цябе слова, у тваіх вуснах і ў тваім сэрцы», — гэта значыцьслова веры, якое мы абвяшчаем.
 
Але што кажа? "Блізка цябе слова, яно ў вуснах тваіх ды ў сэрцы тваім", гэта значыць слова веры, каторае абвяшчаем.

Бо калі ты сваімі вуснамі вызнаеш Ісуса Госпадам і ў сваім сэрцы паверыш, што Бог уваскрэсіў Яго з мёртвых, ты будзеш выратаваны;
 
Дык калі вуснамі тваімі вызнаеш: "Езус — Госпадам", і ў сэрцы тваім уверыш, што Бог Яго ўваскрасіў з памёршых, будзеш збаўлены.

босэрцам веруюць для праведнасці, а вуснамі вызнаюць для выратавання.
 
Бо сэрцам верыцца дзеля справядлівасьці, а вызнаецца вуснамі дзеля збаўленьня.

Бо Пісанне кажа: «Кожны, хто веруе ў Яго, не будзе пасаромлены».
 
Пісаньне бо кажа: "Усякі, хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены".

Бо няма розніцы між іудзеем і элінам, бо адзіны і той жа Госпад ва ўсіх, багаты для ўсіх, хто кліча Яго;
 
Няма бо розьніцы між Юдэем і Грэкам, адзін бо Госпад усіх, шчодры для ўсіх, хто Яго прызывае.

бо «кожны, хто пакліча імя Госпада, будзе ўратаваны».
 
Бо кожны, хто прызывае імя Госпада, будзе збаўлены.

Як жа ім паклікаць Таго, у Каго не ўверавалі? І як увераваць у Таго, пра Каго не чулі? І як пачуць без таго, хто Яго абвяшчае?
 
Як жа могуць прызываць Таго, у каго ня ўверылі? Або як увераць у Таго, аб кім ня чулі? Як жа мелі чуць, калі ім ніхто не вясьціў?

І як абвясціць Яго, калі не будуць пасланыя дзеля гэтага? Як напісана: «Якія прыгожыя ногі дабравеснікаў [міру, дабравеснікаў] добрага!»
 
Як жа маглі ім вясьціць, калі б не былі пасланыя? Як напісана: "Як прыгожыя ногі тых, каторыя вясьцяць добрую вестку!"

Але не ўсе паслухаліся дабравесця. Бо Ісаія кажа: «Госпадзе, хто паверыў пачутаму ад нас?»
 
Але ня ўсе паслухалі Эвангельля. Ісая вось кажа: "Госпадзе! Хто паверыў чутаму ад нас?"

Дык вера — ад слухання, а слуханне — праз слова Хрыстова7.
 
Таму вера — ад слуханьня, а слуханьне — праз слова Хрыстовае.

Але я пытаюся: хіба яны не чулі? Наадварот: «Па ўсёй зямлі разышоўся іх голас і да краёў населенай зямлі — іх словы».
 
Дык пытаю: Ці яны ня чулі? Але ж: "Па ўсёй зямлі загучэў голас іхні, і словы іхнія аж на край сьвету".

Але я пытаюся: хіба Ізраіль не ведаў? Маісей першы кажа: «Я выклічу ў вас зайздрасць да таго, хто не ёсць народам, народам няцямлівым разгневаю вас».
 
Зноўся пытаю: Ці ж Ізраэль не зразумеў? Першы Майсей кажа: "Узбуджу ў вас зайздрасьць праз таго, хто ня ёсьць народам, узбуджу ў вас гнеў праз народ неразумны".

І Ісаія адважваецца і кажа: «Мяне знайшлі тыя, хто не шукаў Мяне. Я адкрыўся тым, хто не пытаўся пра Мяне».
 
А Ісая адважыўся сказаць: "Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне. Яўна аб'явіўся Я тым, каторыя пра Мяне не пыталіся".

Да Ізраіля ж Ён кажа: «Цэлы дзень Я працягваў Мае рукі да народа непакорлівага і супярэчнага».
 
Да Ізраэля ж так кажа: "Увесь дзень працягваў Я рукі Мае да народу непаслухмянага і ўпорыстага".