Мацьвея 16 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І, падышоўшы, фарысеі і садукеі, выпрабоўваючы, прасілі Яго паказаць Ім знак з неба.
 

Ён жа сказаў ім у адказ: [Калі вечарэе, вы кажаце: «Будзе пагода, бо неба палымнее»;
 

а ўранку: Сёння будзе непагадзь, бо неба палымнее і хмурыцца». [Крывадушнікі], аблічча неба вы распазнаваць умееце, а знакаў часу не можаце?]
 

Ліхое і чужаложніцкае пакаленне шукае знака; ды знака яму не дасца, апроч знака Іоны [прарока]. І, пакінуўшы іх, Ён адышоў.
 

Ды, пераправіўшыся на другі бок, [Яго] вучні забыліся ўзяць хлябы.
 

Ісус жа сказаў ім: Глядзіце і сцеражыцеся фарысейскай і садукейскай закваскі.
 

А яны разважалі самі себе, кажучы: Гэта таму, што мы хлябоў не ўзялі.
 

Ісус жа, зразумеўшы, сказаў [ім]: Чаму разважаеце між сабою, малаверы, што ў вас няма хлябоў?
 

Няўжо вы яшчэ не разумееце і не помніце пра пяць хлябоў на пяць тысяч і колькі кошыкаў назбіралі?
 

І ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы і колькі кашоў назбіралі?
 

Як вы не разумееце, што не пра хлябы49 Я казаў вам? Сцеражыцеся ж фарысейскай і садукейскай закваскі.
 

Тады яны зразумелі, што Ён казаў, каб яны асцерагаліся не хлебнай закваскі, але фарысейскай і садукейскай навукі.
 

Прыйшоўшы ж у ваколіцы Кесарыі Філіпавай, Ісус спытаўся ў Сваіх вучняў, кажучы: Кім людзі лічаць [Мяне], Сына Чалавечага?
 

Яны ж сказалі: Адны — Іаанам Хрысціцелем; другія ж — Іліёй; іншыя ж — Іераміяй або адным з прарокаў.
 

Ён кажа ім: А вы кім Мяне лічыце?
 

І Сіман Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Жывога Бога.
 

І ў адказ Ісус сказаў яму: Шчаслівы ты, Сімане, сыне Іонін, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Мой Бацька, што ў нябёсах.
 

І Я кажу табе, што ты Пётр50, і на гэтай скале Я збудую Маю Царкву, і брамы пекла не адолеюць яе.
 

[І] дам табе ключы ад Царства Нябёсаў; і калі што звяжаш на зямлі, будзе звязана ў нябёсах; а калі што развяжаш на зямлі, будзе развязана ў нябёсах.
 

Тады Ён загадаў [Сваім] вучням, каб нікому не казалі, што Ён [Ісус] Хрыстос.
 

З таго часу Ісус пачаў адкрываць Сваім вучням, што Ён павінен пайсці ў Іерусалім, і шмат перацярпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень быць уваскрэшаным.
 

І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: Няхай будзе літасцівы Бог да Цябе, Госпадзе! Няхай не будзе гэтага з Табою!
 

А Ён, павярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты спакуса Мне; бо думаеш не пра Божае, а пра чалавечае.
 

Тады Ісус казаў Сваім вучням: Калі хто хоча за Мною ісці, няхай адрачэцца ад самога сябе і возьме свой крыж і ідзе ўслед за Мною.
 

Бо хто хоча ўратаваць сваю душу51, той страціць яе52; хто ж страціць сваю душу дзеля Мяне, той знойдзе яе.
 

Бо якая карысць чалавеку, калі ён увесь свет здабудзе, а сваёй душы пашкодзіць? Ці што дасць чалавек у абмен за сваю душу?
 

Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Свайго Бацькі са Сваімі Анёламі, і тады Ён аддасць кожнаму паводле яго дзеянняў.
 

Сапраўды кажу вам: Ёсць некаторыя з тых, што стаяць тут, якія ні ў якім разе не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён прыходзіць у Яго ў царстве.