Мацьвея 17 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І праз шэсць дзён Ісус бярэ Пятра, Іякава і Іаана, яго брата, і ўзводзіць іх асобна на высокую гару.
 

І перамяніўся перад імі, і заззяла Яго аблічча, як сонца, а Яго вопратка зрабілася белаю, як святло.
 

І вось, з’явіліся ім Маісей і Ілія, якія размаўлялі з Ім.
 

І Пётр, азваўшыся, сказаў Ісусу: Госпадзе, добра нам тут быць; калі хочаш, зраблю53 тут тры палаткі, Табе адну, Маісею адну і Іліі адну.
 

Пакуль ён яшчэ казаў, вось, яснае воблака зацяніла іх, і вось, голас з воблака кажа: Гэта Мой Сын Улюбёны, у Якім Маё задавальненне; слухайце Яго!
 

І, пачуўшы, вучні ўпалі на свае твары і моцна спалохаліся.
 

І Ісус падышоў і, дакрануўшыся да іх, сказаў: Устаньце і не бойцеся.
 

А яны, узняўшы вочы свае, нікога не ўбачылі, толькі аднаго [Самога] Ісуса.
 

І, калі яны спускаліся з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: Нікому не расказвайце пра гэтае з’явенне, пакуль Сын Чалавечы не будзе ўваскрэшаны з мёртвых.
 

І [Яго] вучні спыталіся ў Яго, кажучы: Дык чаму кніжнікі кажуць, што спярша Ілія павінен прыйсці?
 

А Ён сказаў [ім] у адказ: Ілія сапраўды прыйдзе [спярша] і адновіць усё.
 

Але кажу вам, што Ілія прыйшоў, ужо, ды яго не пазналі, а ўчынілі з ім, што захацелі; так і Сыну Чалавечаму трэба будзе пакутаваць ад іх.
 

Тады вучні зразумелі, што Ён сказаў ім пра Іаана Хрысціцеля.
 

І калі яны прыйшлі да натоўпу, падышоў да Яго чалавек, упаў перад Ім на калені
 

і сказаў: Госпадзе, злітуйся над маім сынам, бо ў яго падучка54 і ён цяжка мучыцца; бо часта падае ў агонь і часта ў ваду.
 

І я прывёў яго да Тваіх вучняў, але яны не маглі яго вылечыць.
 

Ісус жа сказаў у адказ: О пакаленне бязвернае і разбэшчанае! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду вас цярпець? Вядзіце Мне яго сюды.
 

І забараніў яму Ісус, і выйшаў з яго дэман, і з гэтай гадзіны выздаравеў хлопец.
 

Тады, падышоўшы да Ісуса на адзіноце, вучні сказалі: Чаму мы не змаглі выгнаць яго?
 

Ён жа кажа ім: З-за вашага малавер’я55; бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гэтай гары: «Перайдзі адсюль туды», і яна пяройдзе, і не будзе нічога немажліва для вас.
 

[Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам]56.
 

А калі яны збіраліся ў Галілеі, Ісус сказаў ім: Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей,
 

і заб’юць Яго, але на трэці дзень Ён будзе ўваскрэшаны. — І яны моцна засмуціліся.
 

І калі яны прыйшлі ў Капернаум, падышлі да Пятра зборшчыкі дыдрахмаў57 і сказалі: Ці ж ваш Настаўнік не плаціць дыдрахмы?
 

Ён кажа: Так, плаціць. — І калі ён увайшоў у дом, Ісус апярэдзіў яго, кажучы: Як табе здаецца, Сімане? Зямныя цары з каго бяруць мыта ці падатак? Ці са сваіх сыноў, ці з чужых?
 

І калі той адказаў58: «З чужых», Ісус сказаў яму: Значыць, сыны вольныя.
 

Але, каб не спакусіць іх, пайдзі да мора, закінь вуду і першую рыбу, якая выцягнецца, вазьмі, і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш стацір59; узяўшы, дай яго ім за Мяне і сябе.