Мацьвея 25 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002
Тады Царства Нябёсаў будзе падобнае да дзесяці дзяўчат, што, узяўшы свае свяцільні, выйшлі на сустрэчу маладога.
І пяць з іх было неразумных і пяць разумных.
Бо неразумныя, узяўшы свае свяцільні, не ўзялі з сабою алею.
А разумныя ўзялі са сваімі свяцільнямі алею ў пасудзінах.
А калі малады запазніўся, яны ўсе задрамалі і паснулі.
Але апоўначы пачуўся крык: «Вось [ідзе] малады! Выходзьце на сустрэчу [яму]».
Тады ўсе тыя дзяўчаты ўсталі і паправілі свае свяцільні.
Неразумныя ж сказалі разумным: Дайце нам свайго алею, таму што нашы свяцільні гаснуць.
А разумныя сказалі ў адказ: Каб не забракла нам і вам; пайдзіце лепей да прадаўцоў і купіце сабе.
І калі яны адыходзілі купляць, прыйшоў малады; і гатовыя ўвайшлі з ім на вяселле, і дзверы былі зачынены.
Пасля ж прыходзяць і астатнія дзяўчаты і кажуць: Гаспадару, гаспадару, адчыні нам!
Але ён сказаў у адказ: Сапраўды кажу вам: Я не ведаю вас.
Дык будзьце пільныя: таму што вы не ведаеце ні дня, ні гадзіны, [калі прыйдзе Сын Чалавечы].
Бо гэтак жа як адзін чалавек, адыходзячы ў чужую краіну, паклікаў сваіх слуг і перадаў ім сваю маёмасць,
і аднаму ён даў пяць талентаў, другому ж — два, а яшчэ аднаму — адзін, кожнаму паводле яго сілы; і адышоў.
Адразу той, хто атрымаў пяць талентаў, пайшоўшы, пусціў іх у абаротак і прыдбаў другія пяць [талентаў];
таксама [і] той, што атрымаў два таленты, прыдбаў другія два.
А той, што атрымаў адзін, адышоўся, раскапаў зямлю і схаваў серабро свайго гаспадара.
Праз доўгі ж час прыходзіць гаспадар тых слуг і зводзіць з імі рахунак.
І той, хто атрымаў пяць талентаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: Гаспадару, ты перадаў мне пяць талентаў; вось другія пяць талентаў я прыдбаў [на іх].
Яго гаспадар сказаў яму: Выдатна, добры і верны слуга! Над малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе; увайдзі ў радасць свайго гаспадара.
Падышоў і той, хто [атрымаў] два таленты, і сказаў: Гаспадару, два таленты ты перадаў мне; вось, я прыдбаў другія два таленты [на іх].
Яго гаспадар сказаў яму: Выдатна, добры і верны слуга! Над малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе; увайдзі ў радасць свайго гаспадара.
Падышоў і той, хто атрымаў адзін талент, і сказаў: Гаспадару, я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў;
і я збаяўся — пайшоў і схаваў твой талент у зямлі: вось табе тваё.
А яго гаспадар сказаў яму ў адказ: «Ліхі і баязлівы слуга, ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў;
дык трэба было табе аддаць маё серабро ў рост79, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з прыбыткам.
Дык вось вазьміце ад яго талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў;
бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена, і памножыцца, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае.
А нявартага слугу выкіньце ў цемру знадворную — там будзе плач і скрыгат зубоў. [Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!]
Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў Сваёй славе і ўсе [святыя] Анёлы з Ім, тады сядзе Ён на троне Сваёй славы;
і будуць сабраны перад Ім усе народы; і Ён аддзеліць іх адзін ад аднаго, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;
і Ён паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.
Тады Цар скажа тым, хто праваруч Яго: «Прыйдзіце, дабраславёныя Майго Бацькі, вазьміце ў спадчыну Царства, падрыхтаванае вам ад заснавання свету.
Бо быў Я галодны, і вы далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы напаілі Мяне; чужаземец быў, і вы прынялі Мяне;
быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у турме быў, і вы прыйшлі да Мяне».
Тады ў адказ Яму праведнікі скажуць: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі ці сасмяглага і напаілі?
І калі мы бачылі Цябе чужаземцам і прынялі ці голым і адзелі?
І калі мы бачылі Цябе хворым ці ў турме і прыйшлі да Цябе?
І ў адказ Цар скажа ім: «Сапраўды кажу вам: што зрабілі вы аднаму з гэтых найменшых Маіх братоў, тое вы Мне зрабілі».
Тады Ён скажа і тым, хто леваруч: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у вечны агонь, падрыхтаваны д’яблу і яго анёлам.
Бо быў Я галодны, і вы не далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы не напаілі Мяне;
быў чужаземец, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не адзелі Мяне; быў хворы і ў турме, і вы не адведалі Мяне».
Тады ў адказ і яны скажуць: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасмяглым, ці чужаземцам, ці голым, ці хворым, ці ў турме, і не паслужылі Табе?»
Тады Ён скажа ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: што не зрабілі вы аднаму з гэтых найменшых, таго вы і Мне не зрабілі».
І пойдуць гэтыя на вечную кару, а праведнікі ў жыццё вечнае.