Марка 10 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002
І, падняўшыся адтуль, Ён прыходзіць у межы Іудзеі і ў22 Заіарданне, і зноў зыходзяцца да Яго натоўпы, і Ён, як звычайна, зноў вучыў іх.
І, падышоўшы, фарысеі пыталіся ў Яго, ці дазваляецца мужу адпусціць жонку23, — выпрабоўваючы Яго.
Ён жа ў адказ сказаў ім: Што вам запаведаў Маісей?
І яны сказалі: Маісей дазволіў напісаць разводны ліст і адпусціць.
А Ісус сказаў ім: З-за вашай жорсткасэрнасці ён напісаў вам гэтую запаведзь.
Ад пачатку ж стварэння Бог мужчынам і жанчынаю стварыў іх.
Таму пакіне чалавек свайго бацьку і маці [і прылепіцца да сваёй жонкі]
і будуць двое адным целам, так што яны ўжо не двое, а адно цела.
Дык вось, што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае.
І ў доме вучні зноў пра гэта пыталіся ў Яго.
І Ён кажа ім: Хто адпусціць сваю жонку і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць супроць яе.
І калі яна, адпусціўшы свайго мужа, выйдзе за іншага, чужаложыць.
І прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; вучні ж забаранілі ім.
Ісус жа, убачыўшы, абурыўся і сказаў ім: Пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне, не парашкаджайце ім, бо такіх ёсць Царства Божае.
Сапраўды кажу вам: Хто не прыме Царства Божае як дзіця, той ні ў якім разе не ўвойдзе ў яго.
І, абняўшы іх, добраслаўляў, ускладаючы рукі на іх.
І, калі Ён выпраўляўся ў дарогу, падбег адзін і, упаўшы на калені перад Ім, пытаўся ў Яго: Добры Настаўніку, што зрабіць мне, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё?
Ісус жа сказаў яму: Што ты завеш Мяне добрым? Ніхто не добры, акрамя аднаго Бога.
Ты ведаеш запаведзі: «Не забі, не чужалож, не ўкрадзі, не сведчы лжыва, не ашуквай, шануй свайго бацьку і маці».
А ён [у адказ] сказаў Яму: Настаўніку, усё гэта я выконваў са сваёй маладосці.
Ісус жа, паглядзеўшы на яго, палюбіў яго і сказаў яму: Аднаго табе нестае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі ўслед за Мною, [узяўшы крыж].
А ён, спахмурнеўшы ад гэтага слова, адышоў засмучаны: бо ў яго была вялікая маёмасць.
І, паглядзеўшы навокал, Ісус кажа Сваім вучням: Як цяжка будзе тым, што маюць багацце, увайсці ў Царства Божае!
Вучні жахнуліся ад Яго слоў. Ісус жа зноў кажа ім у адказ: Дзеці, як цяжка ўвайсці ў Царства Божае [тым, што ўскладаюць надзею не багацце].
Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
Яны ж надзвычай уражваліся, кажучы між сабою: І хто ж можа ўратавацца?
Ісус, паглядзеўшы на іх, кажа: Людзям гэта немажліва, але не Богу: бо ўсё мажліва Богу.
Пётр пачаў казаць Яму: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.
Ісус сказаў [у адказ]: Сапраўды кажу вам, няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, [ці жон], ці дзяцей, ці палі дзеля Мяне і дзеля Дабравесця,
і не атрымае цяпер, у гэты час, пры ганеннях, у сто разоў больш дамоў, і братоў, і сясцёр, і мацярок, і дзяцей, і палёў, а ў веку наступным — вечнае жыццё.
Многія ж першыя будуць апошнімі і апошнія першымі.
Былі ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім, і Ісус ішоў паперадзе іх, і яны жахаліся, а тыя, што ішлі ўслед за Ім, баяліся. І, узяўшы зноў дванаццаць, Ён пачаў казаць ім, што павінна адбыцца з Ім:
Вось мы ўзыходзім ў Іерусалім і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на смерць, і выдадуць Яго язычнікам,
і будуць глуміцца з Яго, і будуць пляваць на Яго, і будуць бічаваць Яго, і заб’юць, ды праз тры дні Ён уваскрэсне.
І падходзяць да Яго Іякаў і Іаан, Зевядзеевы сыны, і кажуць Яму: Настаўніку, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што мы Цябе папросім.
І Ён сказаў ім: Што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?
Яны ж сказалі Яму: Дай нам, каб мы селі адзін праваруч Цябе і адзін леваруч у Тваёй славе.
Ісус жа сказаў ім: Не ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чашу, якую Я п’ю, ці хрысціцца хрышчэннем, якім Я хрышчуся?
Яны ж сказалі Яму: Можам. — Ісус жа сказаў ім: Чашу, якую Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны,
а сесці праваруч ці леваруч не Мне даваць, а каму падрыхтавана.
І, пачуўшы, дзесяць пачалі абурацца на Іякава і Іаана.
І Ісус, паклікаўшы іх, кажа ім: Вы ведаеце: тыя, што лічацца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вялікія іх маюць уладу над імі.
Ды не так між вамі, але хто між вас хоча быць вялікім, няхай будзе вашым слугою,
і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе рабом усіх;
бо і Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму паслужылі, а каб паслужыць і аддаць Сваё жыццё як выкуп за многіх.
І прыходзяць яны ў Іерусалім. І калі выходзіў Ён з Іерыхона са Сваімі вучнямі і вялізным натоўпам, пры дарозе сядзеў Тымееў сын, Вартымей, сляпы папрасімец,
і, пачуўшы, што гэта Ісус Назаранін, пачаў ён крычаць і казаць: Сыне Давідаў, Ісусе, злітуйся нада мною!
І многія забаранялі яму, патрабуючы, каб ён замоўк; а ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, злітуйся нада мною!
І, спыніўшыся, Ісус сказаў: Паклічце яго. — І клічуць сляпога, кажучы яму: Адважней, уставай, кліча цябе!
Ён жа, скінуўшы сваю вопратку, ускочыў і падышоў да Ісуса.
І, адказваючы яму, Ісус сказаў: Што хочаш, каб Я зрабіў табе? — Сляпы ж сказаў Яму: Равунні, каб я мог бачыць.
І Ісус сказаў яму: Ідзі, твая вера ўратавала цябе. — І той адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім24 па дарозе.