Марка 16 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002
І калі мінула субота, Марыя Магдаліна, Марыя Іякаўлева і Саламія купілі духмянасцяў, каб пайсці і памазаць Яго.
І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыходзяць яны да магільні з усходам сонца.
І казалі між сабою: Хто адваліць нам камень ад дзвярэй магільні?
Ды, глянуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў надта вялікі.
І, увайшоўшы ў магільню, яны ўбачылі юнака, што сядзеў справа і быў апрануты ў белыя шаты; і жахнуліся.
А Ён кажа ім: Не жахайцеся! Вы шукаеце Ісуса Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэшаны, Яго няма тут; вось месца, дзе паклалі Яго.
Але ідзіце, скажыце Яго вучням і Пятру, што Ён ідзе паперадзе вас у Галілею; там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам.
І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магільні, бо іх ахапіла трымценне і ўзрушэнне, і нікому нічога не сказалі; бо яны баяліся.
А, уваскрэсшы, рана ў першы дзень тыдня, Ён з’явіўся спярша Марыі Магдаліне, з якое выгнаў сем дэманаў.
Тая, пайшоўшы, паведаміла тым, што былі з Ім, а цяпер былі ў смутку і плакалі;
і тыя, пачуўшы, што Ён жывы і яна бачыла Яго, не паверылі.
Пасля ж гэтага адкрыўся Ён двум з іх у іншым вобразе дарогаю, калі яны ішлі ў вёску.
І тыя, пайшоўшы, паведамілі астатнім, але і ім не паверылі.
Пазней [жа] адкрыўся Ён і самім адзінаццаці, калі яны ўзлягалі на вячэры, і дакараў за нявер’е іх і жорсткасэрнасць, што яны тым, хто бачыў Яго ўваскрэслага, не паверылі.
І сказаў ім: Ідзіце па ўсім свеце, прапаведуйце Евангелле кожнаму стварэнню.
Хто ўверуе і ахрысціцца — будзе выратаваны, а хто не ўверуе — будзе засуджаны.
А тым, хто ўверуе, будуць дадзены такія знакі: Маім імем будуць яны выганяць дэманаў, будуць гаварыць новымі мовамі,
будуць браць змей [у рукі], і калі смяротнае што вып’юць, ні ў якім разе ім не пашкодзіць, на хворых ускладуць рукі і тыя выздаравеюць.
І вось Госпад пасля размовы з імі быў узнесены ў неба і сеў праваруч Бога.
А тыя, выйшаўшы, прапаведавалі ўсюды, і Госпад садзейнічаў ім і слова сцвярджаў услед знакамі. [Амін].