Марка 3 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І Ён зноў увайшоў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў усохлую руку.
 

І сачылі за Ім, ці не вылечыць яго ў суботу, каб абвінаваціць Яго.
 

І кажа Ён чалавеку, які меў сухую руку: Падыміся і стань на сярэдзіну.
 

А ім кажа: Ці дазваляецца ў суботу дабро рабіць ці ліха чыніць, жыццё ўратаваць ці забіць? — Яны ж маўчалі.
 

І, агледзеўшы іх з гневам, засмучаны закамянеласцю іх сэрцаў, кажа Ён гэтаму чалавеку: Выцягні сваю руку. — І той выцягнуў, і яго рука ўзнавілася8.
 

Фарысеі ж, выйшаўшы, адразу з ірадыянамі прынялі рашэнне супроць Яго, каб Яго загубіць.
 

А Ісус са Сваімі вучнямі адышоў да мора, і вялікае мноства з Галілеі [пайшло ўслед за Ім], і з Іудзеі,
 

і з Іерусаліма, і з Ідумеі, і з Заіардання, і з ваколіц Тыра і Сідона, — вялікае мноства, пачуўшы пра ўсё, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.
 

І сказаў Ён Сваім вучням, каб лодка для Яго была напагатове з-за натоўпу, каб не напіралі на Яго;
 

бо многіх Ён вылечыў, так што ўсе, каго даймалі хваробы, кідаліся да Яго, каб дакрануцца да Яго.
 

І нячыстыя духі, калі Яго бачылі, падалі перад Ім і крычалі, кажучы: Ты — Сын Божы.
 

Ды Ён сурова забараняў ім абвяшчаць пра Яго.
 

І Ён узыходзіць на гару і кліча да Сябе, каго Сам хацеў, і яны пайшлі да Яго.
 

І прызначыў дванаццаць, [якіх і Апосталамі назваў], каб былі з Ім і каб Ён пасылаў іх прапаведаваць
 

і каб яны мелі ўладу [вылечваць хваробы і] выганяць дэманаў;
 

[і вызначыў гэтых дванаццаць]: і даў імя Сіману — Пётр
 

і Іякава Зевядзеевага, і Іаана, Іякавага брата, і даў ім імя Ваанергес, гэта значыць «Громавы сыны»;
 

і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламея, і Матфея, і Фаму, і Іякава Алфеевага, і Фадзея, і Сімана Кананіта,
 

і Іуду Іскарыёта, які і выдаў Яго.
 

І прыходзіць Ён у дом; і сходзіцца зноў натоўп, так што яны не маглі нават хлеба з’есці.
 

І Яго родныя, дачуўшыся, выйшлі забраць Яго; бо казалі: Ён не ў Сабе.
 

А кніжнікі, якія прыйшлі з Іерусаліма, казалі: у Ім веельзевул, і Ён праз уладара дэманаў выганяе дэманаў.
 

І, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: Як можа сатана сатану выганяць?
 

І калі царства падзеліцца само супроць сябе, то не можа ўстаяць тое царства;
 

і калі дом падзеліцца сам супроць сябе, то не можа ўстаяць той дом.
 

І калі сатана паўстаў сам супроць сябе і падзяліўся, не можа ён устаяць, а прыйшоў канец яму.
 

Але ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага, абрабаваць яго дабро, калі спярша не звяжа дужага, — і тады яго дом абрабуе.
 

Сапраўды кажу вам: будуць дараваны чалавечым сынам усе грахі і ўсе блюзнерствы, якімі б яны ні блюзнерылі;
 

але хто зблюзнерыць на Святога Духа, таму няма даравання навекі, а вінаваты ён у вечным граху.
 

Ён сказаў гэта, бо яны казалі: у Ім нячысты дух.
 

І прыходзіць Яго Маці і Яго браты і, стоячы знадворку, паслалі да Яго, каб паклікаць Яго.
 

І вакол Яго сядзеў натоўп; і кажуць Яму: Вось Твая Маці і Твае браты [і Твае сёстры] знадворку, шукаюць Цябе.
 

І ў адказ ім Ён кажа: Хто Мая маці і [Мае] браты?
 

І, аглядзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: Вось Мая маці і Мае браты!
 

[Бо] хто выконвае волю Божую, той Мой брат, і сястра, і Маці.