Лукаша 12 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Тым часам, калі сабраліся дзесяткі тысяч натоўпу, так што людзі тапталі адзін аднаго, Ён пачаў казаць спярша Сваім вучням: Сцеражыцеся закваскі фарысеяў, гэта значыць крывадушнасці.
 

Няма ж нічога схаванага, што не будзе адкрыта, і таемнага, што не будзе вядомым.
 

Таму тое, што казалі вы ў цемры, пры святле будзе ўчута, і што вы прамовілі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана на дахах.
 

І Я кажу вам, Маім сябрам: не бойцеся тых, што забіваюць цела, і пасля гэтага больш нічога не могуць зрабіць.
 

Але пакажу вам, каго баяцца: бойцеся Таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену. Так, кажу вам, Гэтага бойцеся.
 

Ці не пяць вераб’ёў прадаюцца за два асарыі? І ніводзін з іх не забыты ў Бога.
 

А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Не бойцеся: вы даражэйшыя за шмат вераб’ёў.
 

Кажу ж вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад Божымі Анёламі;
 

а хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, будзе адкінуты перад Божымі Анёламі.
 

І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца; а таму, хто скажа блюзнерства на Святога Духа, — не даруецца.
 

А калі прывядуць вас у сінагогі, і да начальства, і да ўлад, не турбуйцеся, як або чым апраўдацца ці што сказаць;
 

бо Святы Дух навучыць вас у тую часіну, што трэба сказаць.
 

І нехта з натоўпу сказаў Яму: Настаўніку, скажы майму брату, каб ён падзяліў са мною спадчыну.
 

Ён жа сказаў яму: Чалавеча, хто Мяне паставіў суддзёю або дзялільшчыкам над вамі?
 

І Ён сказаў ім: Глядзіце, асцерагайцеся ўсялякай хцівасці, бо нічыё жыццё не залежыць ад багацця яго маёмасці.
 

І сказаў ім прыпавесць, кажучы: У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла зямля.
 

І ён разважаў сам сабе, кажучы: Што мне рабіць, бо не маю куды сабраць свае плады?
 

І сказаў Вось што зраблю, разбяру мае свірны і пабудую большыя і збяру туды ўсё збожжа26 і ўсё маё дабро,
 

і скажу маёй душы: «Душа, маеш шмат дабра, на шмат гадоў складзенага; адпачывай, еш, пі, весяліся».
 

Ды Бог сказаў яму: Неразумны, гэтай начы запатрабуюць тваю душу ад цябе; а тое, што ты нарыхтаваў, каму дастанецца?
 

Так бывае з тым, хто збірае скарбы для сябе, а не багацее для Бога.
 

І Ён сказаў Сваім вучням: Дзеля таго кажу вам: не турбуйцеся пра [ваша] жыццё, што вам есці, ні пра цела, у што вам адзецца.
 

Бо жыцце большае за яду і цела — за адзенне.
 

Паглядзіце на крумкачоў, што не сеюць, і не жнуць, няма ў іх ні кладоўкі, ні свірна, а Бог корміць іх. Наколькі вы даражэйшыя за птушак!
 

Хто ж з вас, турбуючыся, можа дабавіць да свайго росту27 хоць бы локаць?28
 

Дык калі вы і найменшага не можаце, чаго турбуецеся пра астатняе?
 

Паглядзіце на лілеі, як яны растуць: не працуюць і ні прадуць; але кажу вам, нават Саламон ува ўсёй сваёй славе не адзяваўся так, як кожная з іх.
 

Калі ж траву, якая сёння ёсць у полі, а заўтра ў печ будзе ўкінута, Бог так убірае, то тым больш вас, малаверы!
 

І вы не шукайце, што вам есці і што вам піць, і не трывожцеся:
 

бо ўсяго гэтага шукаюць народы свету, Бацька ж ваш ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым.
 

Толькі шукайце Яго29 Царства і гэта [ўсё] дадасца вам.
 

Не бойся, малая чародка, бо ваш Бацька меў ласку даць вам Царства.
 

Прадавайце вашу маёмасць і падавайце міласціну; і зрабіце сабе кашалі, якія не старэюць, скарб невычэрпны ў нябёсах, куды злодзей не прыблізіцца і дзе моль не знішчае;
 

бо дзе ваш скарб, там будзе і ваша сэрца.
 

Няхай будуць вашы паясніцы падпяразаныя і свяцільні гараць;
 

а вы будзьце падобнымі да людзей, што чакаюць свайго гаспадара, калі ён вернецца з вяселля, каб, як прыйдзе і пастукае, адразу адчыніць яму.
 

Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане нядрэмнымі; праўду кажу вам, што ён падперажэ і пасадзіць іх і, падышоўшы, будзе слугаваць ім.
 

І калі ў другую, і калі ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх гэтак, шчаслівыя тыя [слугі]!
 

Вы ж знайце гэта, што калі б гаспадар дома ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то [не спаў бы і] не дапусціў бы падкапаць свой дом.
 

[Дык] і вы будзьце гатовы, бо ў гадзіну, у якую не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.
 

І Пётр сказаў [Яму]: Госпадзе, ці нам кажаш гэтую прыпавесць, ці і ўсім?
 

І сказаў Госпад: Дык хто ж верны эканом, разумны, якога гаспадар паставіць над сваёю чэляддзю, каб даваць у свой час меру хлеба?
 

Шчаслівы той слуга, якога яго гаспадар, прыйшоўшы, застане, што ён робіць так.
 

Праўдзіва кажу вам, што ён паставіць яго над усёю яго маёмасцю.
 

А калі той слуга скажа ў сэрцы сваім: «Позніцца мой гаспадар прыйсці», і пачне біць слуг і служанак, і есці, і піць, і напівацца,
 

то прыйдзе гаспадар таго слугі ў дзень, у які той не чакае, і ў гадзіну, якой той не ведае, і рассячэ яго папалам і вызначыць яму адну долю з нявернымі.
 

Той жа слуга, што ведаў волю свайго гаспадара, а не падрыхтаваў або не зрабіў паводле яго волі, будзе многа біты.
 

А той, які не ведаў, але зрабіў нешта вартае біцця, будзе меней біты. Кожнаму, каму шмат было дадзена, з таго шмат спагоніцца, і каму шмат даручана, з таго больш запатрабуецца.
 

Агонь Я прыйшоў кінуць на зямлю, і як Я хачу, каб ён ужо запалаў!
 

Хрышчэннем жа Я павінен быць ахрышчаны, і як Я пакутую пакуль гэта нездзейсніцца.
 

Ці вы думаеце, што Я прыйшоў даць мір на зямлі? Не, кажу вам, а хутчэй падзел!
 

Бо ад гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзелены: тры супроць двух і два супроць трох,
 

падзеляцца: бацька супроць сына і сын супроць бацькі, маці супроць дачкі і дачка супроць маці, свякроў супроць сваёй нявесткі і нявестка супроць [сваёй] свекрыві.
 

Ён казаў жа натоўпам: Калі бачыце, што хмара падымаецца на захадзе30, вы адразу кажаце: «Надыходзіць лівень», — і бывае так;
 

а калі дзьме паўднёвы вецер, то кажаце: «Будзе спёка», — і яна бывае.
 

Крывадушнікі, твар зямлі і неба распазнаць вы ўмееце, як жа часу гэтага не ўмееце распазнаць?
 

Што ж вы і самі па сабе не судзіце, што правільнае?
 

Бо калі ты ідзеш са сваім праціўнікам да начальніка, то ў дарозе пастарайся дайсці з ім да згоды, каб не пацягнуў ён цябе да суддзі; а суддзя аддасць цябе выканаўцу, а выканаўца кіне цябе ў турму.
 

Кажу табе, не выйдзеш ты адтуль, пакуль не аддасі і апошняй лепты.