Яна 18 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў са Сваімі вучнямі за паток Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Ён і Яго вучні.
 

Але ведаў гэтае месца і Іуда, што выдаў Яго, бо Ісус часта збіраўся там са Сваімі вучнямі.
 

Тады Іуда, узяўшы кагорту, а ад першасвятароў і фарысеяў — стражнікаў, прыходзіць туды з паходнямі, светачамі і зброяй.
 

Тады Ісус жа, ведаючы ўсё, што павінна адбыцца з Ім, выйшаў і кажа ім: Каго вы шукаеце?
 

Яны адказалі Яму: Ісуса Назарэя. — Кажа ім Ісус: Гэта Я. — Стаяў жа з імі Іуда, што выдаў Яго.
 

І як толькі Ён сказаў ім: «Гэта Я», яны адступілі назад і ўпалі на зямлю.
 

Тады Ён зноў спытаўся ў іх: Каго вы шукаеце? — Яны сказалі: Ісуса Назарэя.
 

Ісус адказаў: Я сказаў вам, што гэта Я. Дык калі Мяне шукаеце, пусціце гэтых, няхай ідуць, —
 

каб спраўдзілася слова, якое Ён сказаў: «З тых, каго Ты даў Мне, Я не страціў нікога».
 

Тады Сіман Пётр, у якога быў меч, выхапіў яго і ўдарыў першасвятаровага слугу і адсек яму правае вуха; а імя слугі было Малх.
 

Тады Ісус сказаў Пятру: укладзі меч у похву. Чашу, якую даў Мне Бацька, — няўжо Я не вып’ю яе?
 

Тады кагорта і тысячаначальнік, і іудзейскія стражнікі ўзялі Ісуса і звязалі Яго,
 

і павялі Яго спярша да Ганны: бо ён быў цесць Каіяфы, які быў на той год першасвятаром.
 

Гэта ж быў той Каіяфа, хто параіў іудзеям, што лепш аднаму чалавеку памерці за народ.
 

А ўслед за Ісусам ішоў Сіман Пётр і другі вучань. І той вучань быў знаёмы першасвятару, і ён увайшоў разам з Ісусам у двор першасвятара,
 

а Пётр стаяў за дзвярыма знадворку. Тады другі вучань, [які быў] знаёмы першасвятару, выйшаў і сказаў брамніцы і ўвёў Пятра.
 

Тады служка-брамніца кажа Пятру: І ты ці не з вучняў Гэтага Чалавека? — Той кажа: Не!
 

А слугі і стражнікі там стаялі, расклаўшы агонь, бо было холадна, і грэліся; і Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.
 

Тады першасвятар спытаўся ў Ісуса пра Яго вучняў і пра Яго навуку.
 

Ісус адказаў яму: Я адкрыта казаў свету; Я заўсёды вучыў у сінагозе і ў святыні, дзе сходзяцца ўсе43 іудзеі, і патаемна не гаварыў нічога.
 

Што ты ў Мяне пытаешся? Спытайся ў тых, хто чуў, што Я казаў ім; вось, яны ведаюць, што Я казаў.
 

І калі Ён сказаў гэта, адзін са стражнікаў, што стаяў паблізу, ударыў Ісуса па шчацэ і сказаў: Гэтак Ты адказваеш першасвятару?
 

Ісус адказаў яму: Калі Я кепска сказаў, засведчы, што кепска; а калі добра, чаму ты Мяне б’еш?
 

Тады Ганна паслаў Яго, звязанага, да першасвятара Каіяфы.
 

А Сіман Пётр стаяў і грэўся. Тады сказалі яму: Ці і ты не з Яго вучняў? — Ён адрокся і сказаў: Не!
 

Кажа адзін з першасвятаровых слуг, сваяк таго, каму Пётр адсек вуха: Ці не цябе я бачыў у садзе з Ім?
 

Пётр зноў адрокся, і адразу праспяваў певень.
 

І вось вядуць Ісуса ад Каіяфы ў прэторыю. Было ж вельмі рана, яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца, але [каб] можна было есці пасху.
 

Тады Пілат выйшаў да іх на двор і кажа: Якое абвінавачванне выносіце вы супроць Гэтага Чалавека?
 

Яны сказалі яму ў адказ: Калі б Гэты Чалавек не быў злачынцам, мы не выдалі б Яго табе.
 

Пілат жа сказаў ім: Вы вазьміце Яго і паводле вашага закона судзіце Яго. — Іудзеі сказалі яму: Нам нікога не дазваляецца караць смерцю, —
 

каб спраўдзілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, даючы зразумець, якою смерцю Ён павінен памерці.
 

Тады Пілат увайшоў зноў у прэторыю, паклікаў Ісуса і сказаў Яму: Ты — Цар Іудзейскі?
 

Ісус адказаў: Ад сябе ты гэта гаворыш ці іншыя сказалі табе пра Мяне?
 

Пілат адказаў: Хіба я іудзей? Твой народ і першасвятары выдалі Цябе мне. Што Ты ўчыніў?
 

Ісус адказаў: Маё Царства не ад гэтага свету; калі б ад гэтага свету было Маё Царства, Мае слугі змагаліся б за тое, каб Я не быў выдадзены іудзеям. Але цяпер Маё Царства не адсюль.
 

Тады Пілат сказаў Яму: Так значыць, Ты цар? — Ісус адказаў: Ты кажаш, што Я Цар. Я на тое нарадзіўся і для таго прыйшоў у свет, каб сведчыць аб ісціне. Кожны, хто ад ісціны, чуе Мой голас.
 

Пілат кажа Яму: Што ёсць ісціна? — І, сказаўшы гэта, ён зноў выйшаў да іудзеяў і кажа ім: Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.
 

А ў вас ёсць звычай, каб я адпускаў вам аднаго чалавека на Пасху; дык хочаце, каб я адпусціў вам Цара Іудзейскага?
 

Тады яны зноў44 закрычалі, кажучы: Не Гэтага, а Вараву! — А Варава быў разбойнік.