Дзеі 11 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І пачулі Апосталы і браты, якія былі ў Іудзеі, што і язычнікі прынялі слова Божае.
 

І калі Пётр узышоў у Іерусалім, тыя, што з абрэзаных, сталі спрачацца з ім,
 

кажучы: Ты ўваходзіў да неабрэзаных людзей і еў з імі.
 

І Пётр, пачаўшы, стаў ім тлумачыць па парадку, кажучы:
 

Быў я ў горадзе Іопіі і маліўся, і ў экстазе бачыў з’явенне: уніз сходзіць нейкая пасудзіна, як бы вялікае палотнішча, якое за чатыры канцы спускаецца з неба; і яно падышло да мяне.
 

Угледзеўшыся ў яго, я, разглядаючы, убачыў зямных чацвераногіх, і звяроў, і паўзуноў, і нябесных птушак.
 

І пачуў я голас, які казаў мне: «Устань, Пётр, закалі і з’еш!»
 

Але я сказаў: «Ні за што, Госпадзе, бо паганае ці нячыстае ніколі не ўваходзіла ў мае вусны».
 

І голас адказаў з неба другі раз: «Тое, што Бог ачысціў, не лічы паганым».
 

І гэта адбылося тройчы, і ўсё было зноў паднята ў неба.
 

І вось адразу тры чалавекі, пасланыя з Кесарыі да мяне, сталі перад домам, у якім мы былі33.
 

І Дух сказаў мне, каб я пайшоў з імі, ні ў чым не сумняваючыся. Пайшлі са мною і гэтыя шэсць братоў; і мы ўвайшлі ў дом таго чалавека.
 

І ён расказаў нам, як ён убачыў у сваім доме Анёла, які стаў і сказаў [яму]: «Пашлі [людзей] у Іопію і пакліч Сімана, званага Пятром,
 

ён скажа табе словы, якімі будзеш уратаваны ты і ўвесь твой дом».
 

І калі я пачаў прамаўляць, на іх зышоў Святы Дух, як і на нас у пачатку.
 

І я ўспомніў слова Гасподняе, як Ён казаў: «Іаан хрысціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны ў Святым Духу».
 

І калі Бог даў ім роўны дар, як і нам, што ўверавалі ў Госпада Ісуса Хрыста, то хто [ж] я, каб мог працівіцца Богу?
 

І, пачуўшы гэта, яны супакоіліся і праславілі Бога, кажучы: Тады і язычнікам Бог даў пакаянне для жыцця.
 

А тыя, што рассеяліся ад ганення, якое наступіла з-за Стэфана, прайшлі да Фінікіі, Кіпра і Антыёхіі, не абвяшчаючы слова нікому, акрамя адных іудзеяў.
 

Але былі з іх некаторыя, кіпрыёты і кірэнцы, якія, прыйшоўшы ў Антыёхію, казалі і эліністам34, добравесцячы Госпада Ісуса.
 

І рука Гасподняя была з імі, і вялікае мноства, якое ўверавала, далучылася да Госпада.
 

І вестка пра іх дайшла да слыху царквы, што была ў Іерусаліме, і яны паслалі Варнаву, каб ён прайшоў да Антыёхіі.
 

Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і заахвочваў усіх трымацца Госпада шчырым сэрцам,
 

бо ён быў чалавек добры і поўны Святога Духа і веры. І даволі вялікі натоўп дадаўся да Госпада.
 

І ён35 пайшоў у Тарс шукаць Саўла.
 

І, знайшоўшы, прывёў яго ў Антыёхію. І так сталася, што яны цэлы год збіраліся ў царкве і навучалі даволі вялікае мноства і ў Антыёхіі вучні ўпершыню былі названы хрысціянамі.
 

А ў гэтыя дні з Іерусаліма ў Антыёхію прыйшлі прарокі.
 

І адзін з іх, імем Агаў, устаў і прадказаў праз Духа, што па ўсёй населенай зямлі будзе вялікі голад, які настаў пры [кесары] Клаўдзіі.
 

І вучні вызначылі, каб кожны з іх у адпаведнасці са сваім дастаткам, паслаў успамогу братам, што жылі ў Іудзеі;
 

што яны і зрабілі, паслаўшы сабранае да прасвітараў праз руку Варнавы і Саўла.