Дзеі 14 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002
І сталася, што ў Іконіі яны разам увайшлі ў іудзейскую сінагогу і прамаўлялі так, што ўверавала вялікае мноства і іудзеяў і элінаў.
Але іудзеі, якія не ўверавалі, узбудзілі і ўзлавалі душы язычнікаў супроць братоў.
Дык яны правялі даволі доўгі час, адважна кажучы пра Госпада, Які сведчыў [пра] слова Сваёй ласкі, даючы, каб знакі і цуды рабіліся іх рукамі.
Але ўсё мноства людзей у горадзе падзялілася, і адны былі з іудзеямі, а другія — з Апосталамі.
Калі ж у язычнікаў і іудзеяў з іх начальнікамі ўзнікла памкненне зняважыць і ўкаменаваць іх,
яны, даведаўшыся, уцяклі ў лікаонскія гарады Лістру і Дэрвію і іх ваколіцы
А ў Лістры сядзеў адзін чалавек, які не валодаў нагамі, кульгавы ад улоння сваёй маці, ён ніколі не хадзіў.
Гэты чалавек пачуў, як гаварыў Павел, які, угледзеўшыся ў яго і ўбачыўшы, што ён мае веру, каб быць выратаваным39,
сказаў гучным голасам: [Табе кажу імем Госпада Ісуса Хрыста]. Устань проста на свае ногі. — І той [адразу] ускочыў і стаў хадзіць.
І натоўпы, убачыўшы, што зрабіў Павел, узвысілі свой голас, кажучы па-лікаонску: Багі, прыпадабніўшыся да людзей, зышлі да нас.
І яны назвалі Варнаву Дзеўсам, а Паўла Гермесам, бо пераважна прамаўляў ён.
І жрэц Дзеўса, святыня якога была перад [іх] горадам, даставіў да брамы валоў і вянкі і хацеў разам з натоўпамі прынесці ахвяру.
Але Апосталы Варнава і Павел, пачуўшы пра гэта, разадралі на сабе адзенне і кінуліся ў натоўп, усклікваючы
і кажучы: Мужы, што гэта вы робіце? І мы падобныя да вас людзі, дабравесцім вам, каб вы ад усяго гэтага марнага, звярнуліся да Жывога Бога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх;
Які ў мінулых пакаленнях дазволіў, каб усе народы хадзілі сваімі дарогамі;
хоць Ён не пакідаў Сябе без сведчання, робячы дабро, даючы вам40 дажджы з неба і ўраджайныя поры, напаўняючы ежаю і радасцю вашы41 сэрцы.
І, кажучы гэта, яны ледзь стрымалі натоўпы, каб не прыносілі ім ахвяраў, [а каб кожны ішоў дадому. Калі ж яны, застаючыся там, вучылі,]
прыйшлі [некаторыя] іудзеі з Антыяхіі і Іканіі і, [калі Апосталы адкрыта прапаведавалі, яны ўзбудзілі натоўпы, каб тыя пакінулі іх, кажучы, што яны нічога праўдзівага не кажуць, а ўсё лгуць], і, падбухторыўшы натоўпы, укаменавалі Паўла і вывалаклі за горад, думаючы, што ён мёртвы.
Але калі вучні акружылі яго, ён устаў і ўвайшоў у горад. І назаўтра ён выйшаў з Варнавам ў Дэрвію.
І пасля таго як яны дабравесцілі таму гораду і прыдбалі даволі шмат вучняў, яны вярнуліся ў Лістру і ў Іконій і ў Антыёхію,
умацоўваючы душы вучняў, пераконваючы заставацца ў веры і навучаючы, што праз многія пакуты належыць нам увайсці ў Царства Божае.
І, рукапаклаўшы ім у кожнай царкве прасвітараў, яны, памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога тыя ўверавалі.
І, прайшоўшы Пісідыю, яны прыйшлі ў Памфілію,
і, прамовіўшы слова ў Пергіі, зышлі ў Аталію
і адтуль адплылі ў Антыёхію, адкуль яны былі аддадзены з ласкі Божай на працу, якую яны і выканалі.
І прыбыўшы і сабраўшы царкву, яны абвясцілі пра тое, што Бог зрабіў з імі і як Ён адчыніў язычнікам дзверы веры.
І яны правялі немалы час з вучнямі.