2 Пятра 3 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002
Гэта ўжо другі ліст, улюбёныя, пішу вам, у іх я абуджаю напамінкам ваш чысты розум,
каб вы ўспомнілі словы, раней сказаныя святымі прарокамі, і запаведзь Госпада і Збаўцы, перададзеную вашымі Апосталамі.
Ведаючы перш за ўсё, што ў апошнія дні прыйдуць глумліўцы з глумленнем, якія жывуць паводле сваіх пажадлівасцяў,
і скажуць: «Дзе абяцанне Яго прышэсця? Бо з тых часоў, як спачылі бацькі, усё застаецца так ад пачатку стварэння».
Бо схавана ад тых, хто гэтага хоча, што нябёсы былі здаўна, зямля з вады і праз ваду паўстала словам Божым,
што тагачасны свет загінуў, затоплены вадою;
а цяперашнія нябёсы і зямля захаваныя тым жа Словам для агню, яны захаваюцца на дзень суда і пагібель бязбожных людзей.
Але няхай адно гэта не застаецца схаваным ад вас, улюбёныя, што адзін дзень у Госпада, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень.
Не марудзіць Госпад з абяцаннем, як некаторыя лічаць гэта прамаруджаннем, але доўга церпіць вас3, не хочучы, каб хто-небудзь загінуў, а каб усе прыйшлі да пакаяння.
І нібы злодзей [уначы], прыйдзе ж дзень Гасподні, у які нябёсы з шумам адыдуць, часціцы ж, распаленыя, разбурацца, а зямля і ўсё на ёй будуць спалены.
Калі ўсё гэта так разбурыцца, дык якімі павінны быць вы ў святых паводзінах і набожнасці,
чакаючы і прыспешваючы прышэсце Божага дня, у які нябёсы, успалымнёныя, разбурацца і распаленыя часціцы расплавяцца?
Але паводле Яго абяцання мы чакаем новых нябёсаў і новай зямлі, на якіх жыве праведнасць.
Таму, улюбёныя, чакаючы гэта, пастарайцеся, каб Ён знайшоў вас без плямы і без заганы ў спакоі,
і доўгацярплівасць нашага Госпада лічыце збавеннем, як і наш улюбёны брат Павел паводле дадзенай яму мудрасці напісаў вам,
як і ва ўсіх сваіх лістах, кажучы ў іх пра гэта; у іх ёсць сёе-тое цяжкае для разумення, што невукі і няцвёрдыя перакручваюць, як і астатнія Пісанні, на сваю ўласную пагібель.
Дык вы, улюбёныя, ведаючы гэта загадзя, сцеражыцеся, каб вы не былі зведзены падманам беззаконнікаў і не адпалі ад сваёй цвёрдасці,
а расціце ў ласцы і пазнанні нашага Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечнасці. [Амін].