1 да Карынфянаў 8 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002
А што да прынесенага ў ахвяру ідалам, мы ведаем, што мы ўсе маем веды. Веды надзімаюць, а любоў стварае.
Калі каму здаецца, што ён нешта ведае, то ён яшчэ не ўведаў так, як трэба яму ведаць.
Але калі хто любіць Бога, таго Ён ведае.
Дык што да ўжывання ў ежу прынесенага ў ахвяру ідалам мы ведаем, што ідал на свеце нішто і што няма іншага Бога, акрамя Адзінага.
Бо нават калі ёсць так званыя багі, ці на небе, ці на зямлі, як і ёсць шмат багоў і шмат паноў,
але ў нас адзін Бог, Бацька, з Якога ўсё, і мы для Яго, і адзін Госпад, Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё, і мы праз Яго.
Але не ва ўсіх гэтае веданне: некаторыя да гэтага часу па звычцы да ідала ядуць ежу як ідальскую ахвяру, і іх сумленне, будучы слабым, апаганьваецца.
Ежа ж нас не наблізіць да Бога: ці не ядзім мы, нічога не трацім; ці ядзім, нічога не набудзем.
Але глядзіце ж, як бы гэтае ваша права не стала спакусай для слабых.
Бо калі хто ўбачыць, што ты, маючы веды, узлягаеш за сталом у капішчы, ці не падахвоціць яго сумленне, калі ён слабы, есці прынесенае ў ахвяру ідалам?
Бо ад твайго ведання загіне слабы — брат, за якога памёр Хрыстос.
А саграшаючы так супроць братоў і ранячы іх слабое сумленне, вы грашыце супроць Хрыста.
Таму калі ежа спакушае майго брата, не буду есці мяса давеку, каб неспакусіць майго брата.