2 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002
Просім вас, браты, аб прышэсці нашага Госпада Ісуса Хрыста і нашым зборы да Яго,
каб вы не былі хутка пахіснуты ў розуме і не палохаліся ні ад духа, ні ад слова, ні ад ліста, які быццам ад нас, — што нібы настаў дзень Гасподні.
Няхай ніхто ніякім спосабам вас не ашукае, бо гэты дзень не настане, пакуль спярша не прыйдзе раней адступніцтва і не адкрыецца чалавек беззаконня, сын пагібелі,
які супроцьстаіць і ўзвышае сябе над усім, што завецца Богам альбо святыняю, так што сядзе ў Божым храме, удаючы сябе нібы ён Бог.
Хіба не памятаеце, што, яшчэ будучы ў вас, я казаў вам гэта?
І цяпер вы ведаеце тое, што стрымлівае, каб яму адкрыцца ў свой час.
Бо ўжо дзейнічае таямніца беззаконня, але толькі пакуль той, хто стрымлівае цяпер, не будзе ўзяты з асяроддзя.
І тады адкрыецца беззаконнік, якога Госпад Ісус заб’е дыханнем Сваіх вуснаў і знішчыць з’яўленнем Свайго прышэсця,
таго, прысутнасць якога згодна з дзеянем сатаны будзе ва ўсялякай сіле, і знаках, і цудах ілжы,
і ва ўсялякім ашуканстве няправеднасці між тымі, хто гіне, за тое, што яны не прынялі любові ісціны, каб ім быць уратаванымі.
І за гэта Бог пасылае1 ім дзеянне ашуканства, каб яны паверылі хлусні,
каб былі асуджаны ўсе, хто не паверыў ісціне, а знайшоў задавальненне ў няправеднасці.
А мы павінны заўсёды дзякаваць Богу за вас, браты, улюбёныя Госпадам, таму што Бог выбраў вас пачаткам выратавання ў асвячэнні Духа і веры ў ісціну,
да чаго Ён і паклікаў вас праз наша дабравешчанне, каб атрымаць славу нашага Ісуса Хрыста.
Дык, браты, цвёрда стойце і трымайцеся паданняў, якім вы былі навучаны — ці праз слова, ці праз нашы лісты.
Сам жа наш Госпад Ісус Хрыстос і Бог, наш Бацька, што палюбіў нас і даў у ласцы вечнае суцяшэнне і добрую надзею,
няхай суцешыць вашы сэрцы, і няхай умацуе вас ва ўсялякай добрай справе і слове.