1 да Цімафея 3 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002
Слушнае слова: калі хто імкнецца да епіскапства — добрай працы ён прагне.
Дык біскуп павінен быць беззаганным, мужам адной жонкі, цвярозым, разважлівым, сумленным, гасцінным, здольным навучаць;
не п’яніцам, не забіякам, а прыязным, несварлівым, не срэбралюбцам;
каб добра кіраваў домам, трымаў дзяцей у паслухмянасці з усёй годнасцю
(А алі хто ўласным домам кіраваць не ўмее, як ён будзе клапаціцца пра Божую царкву?);
не новадалучаным, каб ён, надзьмуўшыся пыхаю, не падпаў пад суд, што і д’ябал.
Трэба, каб ён меў і добрае сведчанне ад тых, хто звонку царквы, каб яму не ўпасці ў ганьбу і пастку д’ябла.
Таксама дыяканы павінны быць паважныя, не двудушныя, якія не надужываюць віна, не хцівыя,
тыя, што маюць таямніцу веры ў чыстым сумленні.
Няхай жа і яны спярша будуць выпрабаваны, а пасля хай служаць, калі яны бездакорныя.
Таксама жанчыны павінны быць паважаныя, не паклёпніцы, цвярозыя, верныя ва ўсім.
Дыяканы няхай будуць мужамі адной жонкі, якія добра кіруюць сваімі дзецьмі і ўласнымі дамамі.
Бо тыя, хто добра паслужыў, набываюць сабе добрае становішча і вялікую адвагу ў веры, якая ў Хрысце Ісусе.
Гэта пішу табе, спадзеючыся хутка прыйсці да цябе.
А калі я запазнюся, каб ты ведаў, як трэба паводзіць сябе ў Божым доме, які ёсць Царква жывога Бога — слуп і падпора праўды.
І агульнапрызнана, вялікая таямніца пабожнасці: Хто1 з’явіўся ў целе, апраўдаў Сябе ў Духу, стаў бачны Анёлам, пра Яго абвясцілі народам, у Яго ўверавалі ў свеце і Ён быў узнесены ў славе.