1 да Цімафея 4 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002
А Дух выразна кажа, што ў пазнейшыя часы некаторыя адступяць ад веры, прытрымліваючыся духай ашуканцаў і вучэнняў дэманаў,
у крывадушнасці людзей, якія кажуць няпраўду, — людзей з заклеймаваным сумленнем,
хто забараняе жаніцца, вучыць устрымлівацца ад рознай яды, якую стварыў Бог, каб яе з удзячнасцю спажывалі тыя, хто верыць і спазнаў ісціну.
Таму што кожнае стварэнне Божае — добрае, і нішто не павінна адкідацца, калі прымаецца з падзякаю,
бо яно асвячаецца словам Божым і малітваю.
Калі будзеш гэта падаваць сваім братам, то будзеш добры слуга Хрыста Ісуса, узгадаваны словамі веры і добрай навукі, услед за якой ты пайшоў.
А нячыстых і бабскіх баек цурайся і практыкуй сябе ў набожнасці.
Бо цялеснае практыкаванне карыснае для нямногага, а набожнасць для ўсяго карысная, маючы абяцанне жыцця цяперашняга і будучага.
Слушнае гэта слова і годнае ўсялякага прыняцця.
Бо для гэтага мы працуем і змагаемся2, таму што ўсклалі надзею на жывога Бога, Які ёсць Збаўца ўсіх людзей, асабліва вернікаў.
Загадвай гэта і вучы гэтаму.
Няхай ніхто не пагарджае тваёю маладосцю, але будзь узорам для вернікаў у слове, у паводзінах, у любові, [у духу], у веры, у чысціні.
Да таго, як я прыйду, займайся чытаннем, настаўленнем, вучэннем.
Не занядбай у сабе дар, які быў дадзены табе праз прароцтва і ўскладанне рук старэйшынамі.
Пра гэта дбай, будзь у гэтым, каб твой поспех стаў відочны для ўсіх.
Глядзі за сабою і за сваім настаўніцтвам; заставайся ва ўсім гэтым; бо робячы гэта, ты выратуеш і самога сябе, і тых, хто слухае цябе.