2 да Цімафея 4 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002
[Дык я] заклінаю цябе перад Богам і [нашым Госпадам] Хрыстом Ісусам, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у Сваім з’яўленні і Сваім царстве:
прапаведуй слова, будзь гатовы ў час і не ў час; выкрывай, дакарай, падбадзёрвай з усім доўгацярпеннем і павучаннем.
Бо будзе час, калі здаровага вучэння не будуць цярпець, а паводле ўласных пажадлівасцей — бо іх вушы свярбяць — будуць набіраць сабе настаўнікаў,
і ад праўды адвернуць вушы і звернуцца да баек.
Але ты будзь цвярозы ва ўсім, цярпі ліха, рабі работу дабравесніка, поўнасцю выканай сваё служэнне.
Бо я ўжо раблюся ахвярным узліваннем і настае час майго адыходу.
Добраю барацьбою я пазмагаўся, бег скончыў, веру захаваў;
Ад гэтага часу пакладзены для мяне вянок праведнасці, які Госпад, праведны Суддзя, дасць мне ў той дзень і не толькі мне, але і ўсім, хто палюбіў Яго з’яўленне.
Пастарайся прыйсці да мяне хутчэй;
бо Дзімас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні век, і пайшоў у Фесалоніку; Крыскент — у Галатыю, Ціт — у Далматыю;
адзін Лукаш са мною. Вазьмі Марка і прывядзі з сабою, бо ён мне карысны для служэння.
А Ціхіка я паслаў у Эфес.
Плашч, які я пакінуў у Траядзе ў Карпа, прынясі, калі прыйдзеш, і кнігі, асабліва пергамены.
Аляксандр, меднік, шмат ліха учыніў мне. [Няхай] аддасць яму Госпад паводле яго ўчынкаў;
і ты асцерагайся яго: бо ён моцна працівіўся нашым словам.
Пры маёй першай абароне ніхто не прыйшоў мне на дапамогу, а ўсе мяне пакінулі; няхай не залічыцца гэта супроць іх.
Але Госпад з’явіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне поўнасцю сцвердзілася пропаведзь Дабравесця і каб пачулі ўсе язычнікі; і я быў выбаўлены з львінай пашчы.
Госпад выбавіць мяне ад усялякай ліхой справы і ўратуе для Свайго Нябеснага Царства; Яму слава ў векі вечныя, амін.
Вітай Прыску і Акілу і дом Анісіфора.
Эраст застаўся ў Карынфе, а Трафіма я пакінуў у Міліце хворага.
Пастарайся прыйсці да зімы. Вітаюць цябе Эўбул, Пуд, Лін, Клаўдзія і ўсе браты.
Няхай будзе Госпад [Ісус Хрыстос] з тваім духам. Ласка Божая няхай будзе з вамі. [Амін].