Адкрыцьцё 10 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І я ўбачыў іншага магутнага Анёла, які сходзіў з неба і быў ахінуты воблакам; і на яго галаве вясёлка, і яго аблічча, як сонца, і яго ногі, як слупы агню;
 

і ў яго руцэ быў маленькі разгорнуты скрутак. І ён паставіў сваю правую нагу на мора, а левую — на зямлю;
 

і ўсклікнуў гучным голасам, як раве леў. І калі ён усклікнуў, сем грамоў прамовілі сваімі галасамі.
 

І, калі прамовілі сем грамоў, я збіраўся пісаць; і я пачуў голас з неба, які казаў [мне]: Утаі, што прамовілі сем грамоў, і не пішы гэтага.
 

І Анёл, якога я бачыў і які стаяў на моры і на зямлі, падняў сваю правую руку да неба,
 

і пакляўся Тым, Хто жыве векі вечныя, Хто стварыў неба і тое, што ў ім, і зямлю і тое, што на ёй, і мора і тое, што ў ім, што часу больш не будзе;
 

але ў дні голасу сёмага Анёла, калі ён павінен трубіць, тады спраўдзіцца таямніца Божая, як Ён дабравесціў Сваім слугам — прарокам.
 

І голас, які я пачуў з неба, зноў гаварыў са мною і сказаў: Ідзі, вазьмі разгорнуты скрутак з рукі Анёла, які стаіць на моры і на зямлі.
 

І я пайшоў да Анёла і сказаў яму, каб ён даў мне маленькі скрутак. І ён кажа мне: Вазьмі і з’еш яго, і ён зробіцца горыччу ў тваім жываце, але ў тваіх вуснах ён будзе салодкі, як мёд.
 

І я ўзяў маленькі скрутак з рукі Анёла і з’еў яго, і быў ён у маіх вуснах салодкі, як мёд; і, калі я з’еў яго, у жываце ў мяне зрабілася горка.
 

І кажуць мне: Ты павінен зноў прарочыць аб многіх народах, і плямёнах, і родах, і царах.