Адкрыцьцё 12 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002
І паказаўся вялікі знак на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і пад яе нагамі — месяц, а на яе галаве — вянок з дванаццаці зорак,
і яна мае ў лоне і крычыць ад родавых боляў і мукаў нараджэння.
І паказаўся другі знак на небе; і вось, вялікі агніста-чырвоны дракон, які мае сем галоў і дзесяць рагоў, а на яго галовах — сем дыядэм,
і яго хвост сцягвае трэць зорак нябесных; і ён скінуў іх на зямлю. І дракон стаў перад жанчынаю, якая мелася нарадзіць, каб, калі яна народзіць, зжэрці яе дзіця.
І яна нарадзіла хлопчыка, якому належыць пасвіць усе народы жалезным жазлом; і было ўзята яе дзіця да Бога і да Яго трона.
А жанчына ўцякла ў пустэльню, дзе ёсць у яе там месца, падрыхтаванае Богам, каб там кармілі яе тысячу дзвесце шэсцьдзесят дзён.
І адбылася вайна ў небе: Міхаіл і яго Анёлы ваявалі з драконам27. І дракон ваяваў, і анёлы яго,
але ён не адолеў28, і не знайшлося ўжо для іх месца ў небе.
І быў скінуты вялікі дракон, змей старадаўні, які называецца д’яблам і сатаною, які ўводзіць у зман увесь населены абшар; ён быў скінуты на зямлю, і яго анёлы былі скінуты з ім.
І я пачуў гучны голас ў небе, які казаў: Цяпер настала збавенне, і сіла, і царства нашага Бога і ўлада Яго Хрыста, бо скінуты абвінаваўца нашых братоў, які абвінавачвае іх перад нашым Богам удзень і ўночы.
І яны перамаглі яго крывёю Агнеца і словам свайго сведчання, і не любілі свайго жыцця29 аж да смерці.
Таму весяліцеся, нябёсы і хто жыве ў іх! Бяда зямлі і мору30, бо сышоў д’ябал да вас у вялікім гневе, ведаючы, што мала ў яго часу.
І, калі дракон убачыў, што ён скінуты на зямлю, ён пачаў гнаць жанчыну, якая нарадзіла хлопчыка.
І былі дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб яна ляцела ў пустэльню ў сваё месца, дзе яна кармілася там тэрмін і тэрміны і палавіну тэрміну ўдалечыні ад аблічча змея.
І змей выкінуў са сваёй пашчы ўслед за жанчынаю ваду, як раку, каб яе знесла ракою.
І зямля дапамагла жанчыне, і раскрыла зямля свае вусны і праглынула раку, якую дракон выкінуў са сваёй пашчы.
І дракон раззлаваўся на жанчыну і пайшоў, каб весці вайну з астатнімі з яе патомства, якія выконваюць Божыя запаведзі і маюць сведчанне Ісуса.