Адкрыцьцё 5 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2002
І я ўбачыў у правай руцэ Таго, Хто сядзіць на троне, скрутак, спісаны ўсярэдзіне і на адвароце, змацаваны сямю пячаткамі.
І я ўбачыў магутнага Анёла, які абвяшчаў гучным голасам: Хто годны разгарнуць скрутак і зняць яго пячаткі?
І ніхто не мог ні ў небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю ні разгарнуць скрутак, ні паглядзець у яго.
І я шмат плакаў, бо не знайшлося нікога годнага ні разгарнуць, ні чытаць скрутак, ні паглядзець у яго.
І адзін са старэйшынаў кажа мне: Не плач; вось, Леў з калена Іудава, корань Давідаў, перамог, каб разгарнуць скрутак і зняць сем яго пячаткаў.
І я ўбачыў: пасярэдзіне трона і чатырох жывых істотаў і пасярэдзіне старэйшынаў стаіць Агнец, як бы заколаты, які мае сем рагоў і сем вачэй; гэта — [сем] Божых духаў, пасланых на ўсю зямлю.
І Ён прыйшоў і ўзяў з правай рукі Таго, Хто сядзеў на троне.
І, калі Ён узяў скрутак, чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі перад Агнецам, маючы кожны арфу і залатыя чашы, поўныя фіміяму, а гэта — малітвы святых.
І яны спяваюць новую песню, кажучы: Годны Ты ўзяць скрутак і зняць яго пячаткі, бо Ты быў заколаты і выкупіў Богу Сваёю Крывёй нас з кожнага пакалення, і роду, і народа, і племя,
і зрабіў іх царствам9 і святарамі нашаму Богу, і яны будуць10 валадарыць на зямлі.
І я ўбачыў, і пачуў голас многіх Анёлаў вакол трона, і жывых істот, і старэйшынаў, і быў іх лік мірыяды мірыядаў і тысячы тысяч,
і яны казалі гучным голасам: Годны заколаты Агнец прыняць сілу, і багацце, і мудрасць, і магутнасць, і гонар, і славу, і добраславенне.
І кожнае стварэнне, што ў небе, і на зямлі, і пад зямлёю, і на моры, і ўсё, што ў іх, пачуў я, казалі: Таму, Хто сядзіць на троне, і Агнецу — добраславенне, і гонар, і слава, і ўладарства векі вечныя.
І чатыры жывыя істоты казалі: Амін. — І [дваццаць чатыры] старэйшыны ўпалі і пакланіліся [Таму, Хто жыве векі вечныя].