Мацьвея 18 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2012
У тую гадзіну падышлі вучні да Ісуса, кажучы: Хто ж большы ў Царстве Нябёсаў?
У той час падышлі вучні да Ісуса, кажучы: «Каго Ты лічыш большым у Валадарстве Нябесным?»
І [Ісус], паклікаўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх
І, паклікаўшы дзіця, Ён паставіў яго пасярод іх
і сказаў: Сапраўды кажу вам: калі не зменіцеся і не зробіцеся, як дзеці, ні ў якім разе не ўвойдзеце ў Царства Нябёсаў.
і сказаў: «Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і не станецеся як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
Дык хто прынізіць сябе і будзе, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябёсаў.
Дык вось, хто ўпакорыцца, як гэта дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным.
І хто прыме адно такое дзіця ў Маё імя, Мяне прымае.
І хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прыме.
А хто звядзе ад веры аднаго з гэтых малых, што веруюць у Мяне, лепей было б таму, каб павесілі яму млынавы жарон60 на шыю і ўтапілі ў марской глыбіні.
А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, што ў Мяне вераць, лепш было б яму, каб павесілі жоран млынавы на шыю яго і ўтапілі ў глыбіні марской.
Бяда свету ад спакусаў; бо павінны прыйсці спакусы; але бяда [таму] чалавеку, празь якога спакусы прыходзяць.
Гора свету ад згаршэнняў. Бо мусяць прыйсці згаршэнні, аднак гора чалавеку, праз якога згаршэнне прыходзіць.
Калі ж твая рука ці твая нага ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: лепей табе ўвайсці ў жыццё аднарукім ці кульгавым, чым маючы дзве рукі ці дзве нагі, быць кінутым у вечны агонь.
Дык калі рука твая або нага твая горшыць цябе, адрэж яе ды кінь ад сябе. Лепш табе калекаю ці кульгавым увайсці ў жыццё, чым, маючы дзве рукі або дзве нагі, быць укінутым у агонь вечны.
І калі тваё вока ўводзіць у грэх цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепей табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену агнявую.
І, калі вока тваё горшыць цябе, вырві яго ды кінь ад сябе. Лепей табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым, маючы два вокі, быць укінутым у агонь пякельны.
Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых; бо кажу вам, што іх Анёлы ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Майго Бацькі, Які ў нябёсах.
Глядзіце, не пагарджайце ні адным з малых гэтых. Бо кажу вам, што анёлы іх у небе бачаць заўсёды аблічча Айца Майго, Які ёсць у небе.
[Бо Сын Чалавечы прыйшоў адшукаць і ўратаваць загінулае]61.
[Бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб спагнаць і ўратаваць загінуўшае.]
Як вам здаецца? Калі нейкі чалавек меў сто авечак і адна з іх заблудзілася, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблудзілася?
Як вам здаецца? Калі хто мае сто авечак і адна з іх згубіцца, ці ж не пакідае ён у гарах дзевяноста дзевяць і ці не ідзе шукаць тую, што заблукала?
І калі ўдасца знайсці яе, сапраўды кажу вам, што ён цешыцца ёю болей, чым за дзевяноста дзевяццю, якія не заблудзіліся.
І, калі ўдаецца яму яе адшукаць, сапраўды кажу вам, што з яе будзе мець больш радасці, чым з дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.
Так няма волі вашага Бацькі, Які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых.
Так няма волі Айца вашага, Які ёсць у небе, каб загінуў адзін з малых гэтых.
Калі ж твой брат саграшыць [супроць цябе], ідзі і выкрый яго сам-насам. Калі паслухае цябе, ты прыдбаў свайго брата.
І, калі зграшыць супраць цябе брат твой, ідзі і пасварыся на яго ў чатыры вокі. І, калі ён паслухае цябе, здабудзеш брата твайго.
Калі ж не паслухае, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведак было замацавана кожнае слова.
А калі не паслухае, вазьмі з сабой яшчэ аднаго або двух, каб на доказе двух або трох сведкаў стаяла кожнае слова.
Калі ж не паслухае іх, скажы царкве; калі ж і царквы не паслухае, няхай будзе табе ён, як язычнік і зборшчык падаткаў.
А калі б і іх не паслухаў, скажы царкве. А калі б і царквы не паслухаў, хай будзе табе як паганін і мытнік.
Праўду кажу вам, што звяжаце на зямлі, будзе звязана ў небе; і што развяжаце на зямлі, будзе развязана ў небе.
Сапраўды кажу вам: што звяжаце на зямлі, будзе звязана і на небе, і што развяжаце на зямлі, будзе развязана і ў небе.
Зноў [сапраўды] кажу вам: калі двое з вас загодзяцца на зямлі прасіць чаго-небудзь, то, чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Майго Бацькі, Які ў нябёсах.
Таксама кажу вам: калі двое з вас пагодзяцца на зямлі аб якой-колечы рэчы, чаго б яны ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсць у небе.
Бо дзе двое ці трое сабраліся ў Маё імя, там Я між іх.
Бо дзе ў імя Маё збяруцца двое або трое, там і Я пасярод іх».
Тады падышоў [да Яго] Пётр і сказаў Яму: Госпадзе, колькі разоў дараваць майму брату, калі ён будзе грашыць супроць мяне? Ці да сямі разоў?
Тады Пётра, падышоўшы, сказаў Яму: «Госпадзе, колькі разоў маю дараваць брату майму, калі будзе грашыць супраць мяне? Ці да сямі разоў?»
Кажа яму Ісус: Я не кажу табе: «Да сямі разоў», а да сямідзесяці разоў па сем!
Кажа яму Ісус: «Не кажу табе да сямі разоў, але да сямідзесяці па сем разоў.
Таму Царства Нябёсаў падобнае на аднаго цара, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі.
Дзеля таго падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека-валадара, які хацеў разрахавацца з паслугачамі сваімі.
А калі пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінаваты дзесяць тысяч талентаў.
І, калі стаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, што быў яму вінаваты дзесяць тысяч талентаў.
А таму, што той не меў, з чаго аддаць, загадаў [яго] уладар прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што меў, і спагнаць.
Паколькі не меў ён з чаго аддаць, загадаў гаспадар яго прадаць яго, жонку яго, дзяцей і ўсё, што меў, ды заплаціць.
Тады слуга, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: «[Гаспадару], пацярпі ты мне, і я ўсё табе аддам».
Але паслугач той, упаўшы, прасіў яго, кажучы: “[Валадару,] май цярплівасць да мяне, і я аддам табе ўсё”.
І, пашкадаваўшы таго слугу, уладар адпусціў яго і дараваў яму доўг.
І гаспадар паслугача таго, пашкадаваўшы, адпусціў яго і доўг яму дараваў.
А той слуга, выйшаўшы, знайшоў аднаго са слуг, як сам, які быў вінаваты яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, пачаў душыць, кажучы: Аддай [мне], што вінаваты.
Але паслугач той, выйшаўшы, напаткаў аднаго з таварышаў сваіх, што быў яму вінаваты сто дынараў. І, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай, што мне вінаваты”.
Дык слуга, упаўшы перад ім62, прасіў яго, кажучы: Пацярпі ты мне, і я аддам табе.
І, упаўшы, таварыш той прасіў яго, кажучы: “Май цярплівасць да мяне, і аддам табе”.
Але той не захацеў, а, пайшоўшы, кінуў яго ў турму, пакуль ён не аддасць доўгу.
Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць яму доўгу.
Дык, убачыўшы гэта, яго таварышы моцна засмуціліся; і, пайшоўшы, расказалі свайму ўладару ўсё, што адбылося.
Бачачы, што робіцца, таварышы яго засмуціліся вельмі ды пайшлі і расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася.
Тады яго ўладар, паклікаўшы яго, кажа яму: Ліхі слуга, увесь твой доўг я дараваў табе, бо ты ўпрасіў мяне;
Тады пазваў яго гаспадар яго і гаворыць яму: “Паслугач нягодны, я ўвесь твой доўг дараваў табе, бо ты мяне прасіў.
хіба і ты не павінен быў злітавацца над сваімі таварышамі, як і я злітаваўся над табою?
Ці ж не належала, каб і ты злітаваўся над таварышам сваім, як я злітаваўся над табой?”
І яго ўладар, разгневаўшыся, перадаў яго катам, пакуль не аддасць [яму] ўсяго доўгу.
І, угнеўлены, гаспадар яго выдаў яго катам, пакуль яму не аддасць усяго доўгу.
Так і Мой Нябесны Бацька зробіць вам, калі кожны з вас не даруе ад сэрца свайго брату свайму [яго правінаў].
Так і Айцец Мой, Які ў небе, зробіць вам, калі вы не даруеце кожны брату свайму [правіны яго] ў сэрцах вашых».