Лукаша 15 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І набліжаліся да Яго ўсе зборшчыкі падаткаў і грэшнікі, каб слухаць Яго.
 
Прыходзілі да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго.

І наракалі фарысеі і кніжнікі, кажучы: Гэты чалавек прымае грэшнікаў і есць з імі.
 
І наракалі фарысеі і кніжнікі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі».

І Ён сказаў ім такую прыпавесць, кажучы:
 
І распавядае ім тады для параўнання, кажучы:

Які чалавек з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакідае дзевяноста дзевяці ў пустэльні і не ідзе па загубленую, пакуль не знойдзе яе?
 
«Ці ёсць між вамі чалавек, які мае сто авечак, і, калі б згубіў адну з іх, ці ж ён не пакідае дзевяноста дзевяць у пустыні і ці не ідзе за той, што прапала, пакуль яе не знойдзе?

І, знайшоўшы, кладзе яе на свае плечы, радуючыся,
 
І, калі яе знойдзе, кладзе сабе на плечы і цешыцца.

і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: «Парадуйцеся са мною, бо я знайшоў сваю згубленую авечку».
 
І, прыйшоўшы, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Павіншуйце мяне, бо я адшукаў авечку маю, якая была прапала”.

Кажу вам, што гэтак радасць на небе будзе большая за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзевяноста дзевяць праведнікаў, што не маюць патрэбы ў пакаянні.
 
Кажу вам: такая будзе радасць на небе дзеля аднаго грэшніка, што навяртаецца; большая, чым дзеля дзевяноста дзевяці справядлівых, якім не патрэбна навяртанне.

Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запальвае святло і не мяце дом, і не шукае рупна, пакуль не знойдзе?
 
Або жанчына, якая мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, ці не паліць свечкі і ці не мяце ў хаце ды не шукае рупліва, аж пакуль не знойдзе?

І, знайшоўшы, склікае сябровак і суседак, кажучы: «Парадуйцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую згубіла».
 
А калі знойдзе, склікае сябровак і суседак, кажучы: “Павіншуйце мяне, бо я знайшла драхму, якую згубіла”.

Гэтаксама, кажу вам, бывае радасць у Анёлаў Божых за аднаго грэшніка, што каецца.
 
Так кажу вам: будзе радасць сярод анёлаў Божых дзеля аднаго грэшніка, што навяртаецца».

І Ён сказаў: У аднаго чалавека было два сыны.
 
І гаворыць далей: «Адзін чалавек меў двух сыноў.

І малодшы з іх сказаў бацьку: Тата, дай мне належную частку маёмасці. — І той падзяліў паміж імі дабро.
 
І маладзейшы з іх сказаў бацьку: “Айцец, дай мне частку маёмасці, што мне належыць”. І раздзяліў між імі маёмасць.

І як мінула трохі дзён, малодшы сын, сабраўшы ўсё, падаўся ў далёкую краіну і там спусціў сваю маёмасць, жывучы распусна.
 
І праз некалькі дзён маладзейшы сын, забраўшы ўсё, выправіўся ў далёкую краіну і прамантачыў там сваю маёмасць, жывучы марнатраўна.

А калі ўсё змарнаваў, настаў моцны голад у той краіне, і ён пачаў цярпець нястачу.
 
І, калі растраціў усё, настаў вялікі голад у той краіне, ды і сам ён пачаў галадаць.

І, прыйшоўшы, прыстаў да аднаго з жыхароў той краіны, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней,
 
Дык пайшоў і прымкнуў да аднаго з грамадзян той краіны, і той паслаў яго на сваё поле пасвіць свінняў.

І ён прагнуў наесціся ражкоў37, якія елі свінні, ды ніхто не давай яму.
 
І ён рады быў напоўніць жывот свой стручкамі, якія елі свінні, але ніхто яму не даваў.

І, апамятаўшыся, ён сказаў: Колькі наймітаў у майго бацькі маюць хлеба ўдосталь, а я тут гіну з голаду.
 
І, разважыўшы гэта, сказаў: “Колькі парабкаў у бацькі майго ўдосталь маюць хлеба, а я тут з голаду паміраю.

Устану, пайду да майго бацькі і скажу яму: «Татухна, саграшыў я супроць неба і перад табою,
 
Устану і пайду да бацькі майго ды скажу яму: “Айцец, зграшыў я перад небам і перад табой,

я ўжо не варты называцца тваім сынам; прымі мяне як аднаго з тваіх наймітаў».
 
і ўжо не варты называцца тваім сынам; учыні мяне адным з парабкаў сваіх”.

І, устаўшы, пайшоў да свайго бацькі. І калі ён яшчэ быў далёка, яго бацька ўбачыў яго і зжаліўся і, пабегшы, кінуўся яму на шыю і пацалаваў яго.
 
І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго. А калі ён быў яшчэ далёка, бацька яго ўбачыў яго і, узрушаны міласэрнасцю, пабегшы, кінуўся на шыю яго і цалаваў яго.

І сын сказаў яму: Татухна, саграшыў я супроць неба і перад табою, я ўжо не варты называцца тваім сынам.
 
Сын жа сказаў яму: “Айцец, я зграшыў перад небам і перад табой; і ўжо не варты называцца сынам тваім”.

Але бацька сказаў сваім слугам: Хутка вынесьце найлепшыя шаты і ўбярыце яго і дайце рерсцень яму на руку і сандалі на ногі,
 
І сказаў бацька паслугачам сваім: “Хутка прынясіце найлепшую столу і ўздзеньце на яго, і дайце яму пярсцёнак на палец яго і пасталы на ногі,

І вядзіце кормнае цяля, закаліце, будзем есці і весяліцца,
 
і прывядзіце кормнае цяля, забіце і будзем есці і баляваць,

бо гэты мой сын быў мёртвы і ажыў, быў прапаў і знайшоўся. — І пачалі весяліцца.
 
бо сын мой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.

А яго старэйшы сын быў на полі; і калі, вяртаючыся, наблізіўся да дому, пачуў ён музыку і танцы,
 
А старэйшы сын яго быў на полі і, калі вяртаўся і падыходзіў да дому, пачуў музыку і скокі,

і, паклікаўшы аднаго са слуг, спытаўся, што гэта.
 
і паклікаў аднаго паслугача ды спытаўся, што гэта здарылася.

І той сказаў яму: Твой брат прыйшоў, і бацька твой закалоў кормнае цяля, бо здаровым яго зноў сустрэў.
 
А той сказаў яму: “Брат твой прыйшоў, дык бацька твой забіў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровага”.

І ён разгневаўся і не хацеў увайсці, і яго бацька, выйшаўшы, прасіў яго.
 
Абурыўся ён тады і не хацеў заходзіць. А бацька яго выйшаў і пачаў яго ўпрошваць.

І ў адказ ён сказаў свайму бацьку: Вось гэтулькі гадоў я служу табе і ніколі твайго загаду не пераступіў, а мне ты ніколі не даў казляняці, каб я з маімі сябрамі павесяліўся;
 
А ён, адказваючы, сказаў бацьку свайму: “Я вось столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, а ты мне ніколі не даў казляці, каб я павесяліўся з сябрамі сваімі.

а калі гэты твой сын, што з распусніцамі праеў тваё дабро, прыйшоў, ты закалоў яму кормнае цяля.
 
А пасля таго як вярнуўся гэты сын твой, што прамантачыў з распусніцамі маёмасць тваю, дык забіў ты яму кормнае цяля”.

Ён жа сказаў яму: Дзетка, ты заўсёды са мною і ўсё маё — тваё.
 
А ён сказаў яму: “Сыне, ты заўсёды са мной, і ўсё, што маё — тваё.

Але трэба было весяліцца і радавацца, бо гэты твой брат быў мёртвы і ажыў, [быў] загінуў і знайшоўся.
 
Трэба ж аднак радавацца і баляваць, бо брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”».