Лукаша 9 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Склікаўшы ж дванаццаць, Ён даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі і вылечваць хваробы
 
Склікаўшы дванаццаць, Ісус даў ім уладу і магутнасць над усімі дэманамі і каб яны аздараўлялі ад хвароб,

і паслаў іх абвяшчаць Царства Божае і вылечваць [нямоглых],
 
і паслаў іх прапаведаваць Валадарства Божае і аздараўляць хворых,

і сказаў ім: Нічога не бярыце ў дарогу: ні посаха, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і не майце па два хітоны.
 
і сказаў ім: «Не бярыце нічога ў дарогу: ані кія, ані торбы, ані хлеба, ані грошай, ані дзвюх вопратак.

І ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выходзьце ў дарогу.
 
Ды ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і не выходзьце адтуль.

А калі дзе не прымуць вас, выходзячы з таго горада, абтрасіце пыл з вашых ног у сведчанне на іх.
 
І, калі б дзе вас не прынялі, выходзячы з таго горада, пыл абтрасіце з ног вашых на сведчанне супраць іх».

І, выйшаўшы, яны праходўзілі па сёлах, дабравесцячы і вылечваючы ўсюду.
 
Дык яны, выйшаўшы, абыходзілі вёскі, несучы добрую вестку і аздараўляючы ўсюды.

Пачуў жа пра ўсе выдарэнні Ірад чацвёраўладнік і не ведаў, што і думаць, бо некаторыя казалі, што Іаан быў уваскрэшаны з мёртвых,
 
А тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што адбывалася, і не ведаў, што аб гэтым думаць, бо адны казалі: «Ян уваскрос з мёртвых»,

а некаторыя, што Ілія з’явіўся, а іншыя, што ўваскрэс адзін са старажытных прарокаў.
 
другія: «Ілля з’явіўся», а трэція: «Адзін з даўнейшых прарокаў уваскрос».

І сказаў Ірад: Іаана я абезгаловіў. Хто ж Гэты, пра Каго я чую такое? — І дамагаўся ўбачыць Яго.
 
І гаворыць Ірад: «Яну я адсёк галаву; хто ж тады Той, аб Якім чую такое?» І стараўся пабачыць Яго.

А апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што зрабілі. І, узяўшы іх з Сабою, Ён падаўся асобна ў горад, званы15 Віфсаіда.
 
Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму пра ўсё, што зрабілі. Дык, узяўшы іх з Сабою, адышоў у пустыннае месца каля горада, які называўся Бэтсайда.

Але натоўпы, даведаўшыся, пайшлі ўслед за Ім; і Ён, прыняўшы іх, казаў ім пра Царства Божае і тых, што мелі патрэбу ў лячэнні, вылечыў.
 
Калі пра гэта даведаліся натоўпы, пайшлі за Ім. І Ён прыняў іх, і прамаўляў ім аб Валадарстве Божым, а тых, што патрабавалі лячэння, аздараўляў.

А дзень пачаў хіліцца да вечара; і, падышоўшы, дванаццаць сказалі Яму: Адпусці натоўп, каб, пайшоўшы ў навакольныя сёлы і вёскі, спыніліся і знайшлі ежу, бо мы тут у пустэльнай мясціне.
 
А дзень пачаў сыходзіць, і, падышоўшы да Яго, дванаццаць сказалі Яму: «Адпусці людзей, каб пайшлі ў пасяленні і вёскі, што навокал, і знайшлі, што паесці, бо тут мы ў пустынным месцы».

Ён жа сказаў ім: Вы дайце ім есці. — Яны ж сказалі: Няма ў нас больш як пяць хлябоў ды дзве рыбы, хіба што мы пойдзем і купім яды для ўсяго гэтага народу.
 
А Ён гаворыць ім: «Вы дайце ім есці». А яны сказалі: «Не маем нічога, толькі пяць хлябоў і дзве рыбы, хіба толькі пойдзем і купім ежы на ўвесь гэты натоўп».

Бо было каля пяці тысяч мужчын. Але Ён сказаў Сваім вучням: Рассадзіце іх групамі [прыблізна] па пяцьдзесят.
 
Бо было каля пяці тысяч мужчын. Дык гаворыць Ісус Сваім вучням: «Зрабіце, каб яны паселі радамі па пяцьдзесят».

І яны зрабілі так і рассадзілі ўсіх.
 
І яны зрабілі так, і размясцілі ўсіх.

Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, глянуўшы на неба, добраславіў іх і разламаў, і даваў вучням, каб разносілі натоўпу.
 
А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, зірнуў на неба, і дабраславіў іх, і паламаў, і даваў вучням Сваім, каб яны клалі перад людзьмі.

І елі і наеліся ўсе, і назбіралі пазасталых у іх кавалкаў дванаццаць кошыкаў.
 
І елі ўсе, і наеліся; і сабрана было таго, што засталося ў іх, дванаццаць кашоў кавалкаў.

І сталася: калі Ён маліўся на адзіноце, з Ім былі вучні, і Ён спытаўся ў іх, кажучы: Кім Мяне лічаць натоўпы?
 
І сталася, калі Ён адзін маліўся, а з Ім былі вучні, спытаўся Ён у іх, кажучы: «За каго лічаць Мяне людзі?»

Яны ж у адказ сказалі: Іаанам Хрысціцелем, некаторыя ж Іліёю, а іншыя, што ўваскрэс адзін са старажытных прарокаў.
 
А яны, адказваючы, сказалі: «За Яна Хрысціцеля, другія — за Іллю, а іншыя кажуць: “Адзін з даўнейшых прарокаў уваскрос”».

І сказаў ім: А вы кім Мяне лічыце? — Пётр жа у адказ сказаў: Хрыстом Божым.
 
І сказаў Ён ім: «А вы за каго Мяне лічыце?» Адказваючы, сказаў Пётра: «За Хрыста Божага».

Ён жа, забараніўшы ім, загадаў нікому гэтага не казаць,
 
Ён, аднак, прыгразіўшы ім, загадаў, каб нікому гэтага не казалі,

сказаўшы: Сыну Чалавечаму належыць шмат выцерпець, і быць адрынутым старэйшынамі, першасвятарамі, і кніжнікамі, і быць забітым, а на трэці дзень быць ўваскрэшаным.
 
кажучы: «Трэба, каб Сын Чалавечы шмат цярпеў і быў адкінуты старэйшынамі, і першасвятарамі, і кніжнікамі, і каб быў забіты, і на трэці дзень уваскрос».

І да ўсіх казаў: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і штодня бярэ свой крыж, і ідзе ўслед за Мною.
 
А ўсім казаў: «Калі хто хоча ісці за Мной, хай адрачэцца ад самога сябе, і возьме крыж свой штодзённы, і ідзе следам за Мною.

Бо хто хоча сваё жыццё16 ўратаваць, той загубіць яго17; а хто загубіць сваё жыццё дзеля Мяне, той уратуе яго.
 
А хто б хацеў душу сваю ўратаваць, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю за Мяне, выратуе яе.

Бо што за карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а самога сябе загубіць ці пашкодзіць сабе?
 
Бо што за карысць чалавеку, калі б увесь свет здабыў, але сябе загубіў або сабе шкоду зрабіў?

Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Бацькавай, і святых Анёлаў.
 
Бо калі хто пасаромеецца Мяне і слоў Маіх, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Айца, і святых анёлаў.

Кажу ж вам па праўдзе: Некаторыя з тых, што стаяць тут, не спазнаюць смерці, як ужо ўбачаць Царства Божае.
 
Сапраўды кажу вам: некаторыя з тых, што тут стаяць, не спазнаюць смерці, перш чым не пабачаць Валадарства Божага».

І сталася: пасля гэтых слоў дзён праз восем Ён, узяўшы Пятра, Іаана і Іякава, узышоў на гару памаліцца.
 
І сталася: амаль праз восем дзён пасля гэтых слоў Ён узяў з Сабой Пётру, і Яна, і Якуба і ўзышоў на гару, каб памаліцца.

І калі Ён маліўся, выгляд Яго аблічча зрабіўся іншым, Яго ўбранне — белым, бліскучым.
 
І сталася, калі маліўся, аблічча Яго перамянілася, і адзенне Яго зрабілася бліскуча-белым.

І вось два мужы размаўлялі з Ім, гэта былі Маісей і Ілія,
 
І вось, два мужы гаварылі з Ім, а гэта былі Майсей і Ілля,

што, з’явіўшыся ў славе, казалі пра Яго адыход, які належала Яму здейсніць у Іерусаліме.
 
якія, з’явіўшыся ў славе, гаварылі аб Яго зыходзе, які меў адбыцца ў Ерузаліме.

Пятра ж і тых, хто быў з Ім, змарыў сон; а прачнуўшыся, яны ўбачылі Яго славу і двух мужоў, што стаялі з Ім.
 
Пётра ж і тыя, што з ім, былі змораны сном. А абудзіўшыся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі з Ім.

І сталася: калі тыя адыходзілі ад Яго, Пётр сказаў Ісусу: Настаўніку, добра нам тут быць, і давайце зробім тры палаткі, адну Табе, адну Маісею і адну Іліі, — не ведаючы, што кажа.
 
І сталася, калі яны адыходзілі ад Яго, Пётра гаворыць Ісусу: «Вучыцель, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Іллі адну», не ведаючы, што гаварыў.

І калі ён казаў гэта, паўстала воблака і ахінула іх; яны ж спалохаліся, калі ўвайшлі ў воблака.
 
А калі ён гэта гаварыў, з’явілася воблака і засланіла іх; і спалохаліся яны, калі пачалі ўваходзіць у воблака.

І голас пачуўся з воблака, кажучы: Гэта Мой Сын, Абраны18; Яго слухайце!
 
І пачуўся голас з воблака, які казаў: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце».

І калі голас прагучаў, Ісус апынуўся адзін. І яны маўчалі і нікому не расказвалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.
 
І калі голас сціх, Ісус застаўся адзін. І яны маўчалі, і нікому не расказвалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.

І сталася: на другі дзень, калі яны зышлі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп.
 
І сталася на наступны дзень, калі сыходзілі з гары, збегся да іх вялікі натоўп.

І вось, чалавек з натоўпу закрычаў, кажучы: Настаўніку, малю Цябе паглядзець на майго сына, бо Ён адзіны ў мяне.
 
І вось, адзін чалавек з натоўпу закрычаў, кажучы: «Настаўнік, малю Цябе, глянь на майго сына, бо ён у мяне адзін.

і вось, дух хапае яго, і ён раптам крычыць, і курчыць яго, аж той пену пускае, і ледзь адступае ад яго, змучыўшы яго;
 
І вось жа, дух хапае яго, і ён раптоўна крычыць, ды кідае яго з пенай, і ледзь выходзіць з яго, катуючы яго.

і я прасіў Тваіх вучняў, каб выгналі яго, ды яны не змаглі.
 
І я прасіў вучняў Тваіх, каб яны выкінулі яго, але не змаглі».

У адказ жа Ісус сказаў: О пакаленне бязвернае і разбэшчанае, дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды свайго сына!
 
Тады Ісус, адказваючы, сказаў: «О род няверны і пераваротны, дакуль буду сярод вас ды буду вас цярпець? Прывядзі сына твайго сюды».

І калі яшчэ той падыходзіў, дэман кінуў яго і скурчыў; але Ісус забараніў нячыстаму духу, і вылечыў хлопца, і аддаў яго бацьку.
 
А калі падыходзіў, таргануў яго дэман і кінуў яго. Але Ісус прыгразіў духу нячыстаму і аздаравіў юнака, і аддаў яго бацьку яго.

І ўсе ўразіліся велічы Божай. Калі ўсе дзівіліся ўсяму таму, што рабіў Ісус, Ён сказаў Сваім вучням:
 
Таму ўсе аслупянелі з магутнасці Бога. А калі ўсе дзівіліся ўсяму, што Ён рабіў, сказаў вучням Сваім:

Укладзіце сабе ў вушы гэтыя словы: Сын Чалавечы будзе выданы ў людскія рукі.
 
«Укладзіце ў вушы свае гэтыя словы: Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей».

Яны ж не разумелі гэтага слова. І яно было закрыта ад іх, так што яны не спазналі яго, і яны баяліся спытацца ў Яго аб гэтым слове.
 
Але яны тады не разумелі гэтага слова, бо было закрыта перад імі, каб не маглі ўцяміць яго, а баяліся запытацца ў Яго аб гэтым слове.

І прыйшло ім на думку, хто з іх большы.
 
З’явілася ж у іх думка, хто з іх большы.

Ісус жа, ведаючы думку іх сэрца, узяў дзіцятка і паставіў яго каля Сябе
 
А Ісус, ведаючы думкі сэрца іх, узяўшы дзіця, паставіў яго каля Сябе

і сказаў ім: Хто прыме гэтае дзіцятка ў Маё імя, Мяне прымае; і хто Мяне прыме, прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо хто меншы між усіх вас, той вялікі.
 
і гаворыць ім: «Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае, бо хто Мяне прыме, прымае Таго, Хто Мяне паслаў. Бо хто найменшы сярод вас усіх, той ёсць большы».

У адказ жа Іаан сказаў: Настаўніку, мы бачылі аднаго, што Тваім імем выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць з намі.
 
Адказваючы, Ян сказаў: «Вучыцель, мы бачылі, як нехта ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць з намі».

А Ісус сказаў яму: Не забараняйце; бо хто не супроць вас, той за вас.
 
І гаворыць яму Ісус: «Не забараняйце, бо хто не супраць вас, той за вас».

І сталася: калі спаўняліся дні Яго ўзяцця ў неба, Ён цвёрда скіраваў Сваё аблічча да Іерусаліма.
 
І сталася, калі набліжаліся дні зыходу Яго, Ён звярнуў аблічча Сваё, каб ісці ў Ерузалім,

І выслаў перад Сабою пасланцоў. І, выправіўшыся, тыя ўвайшлі ў самарыцянскае сяло, каб падрыхтаваць усё для Яго.
 
і паслаў перад Сабой вестуноў. І, пакрочыўшы, яны ўвайшлі ў паселішча самарыцянскае, каб прыгатаваць для Яго прыстанішча.

Ды не прынялі Яго, бо Яго аблічча выдавала, што Ён ідзе ў Іерусалім.
 
Але не прынялі Яго, бо меў выгляд таго, хто ідзе ў Ерузалім.

Убачыўшы ж гэта, [Яго] вучні Іякаў і Іаан сказалі: Госпадзе, хочаш, мы скажам, каб агонь зышоў з неба і знішчыў іх, [як і Ілія зрабіў].
 
Калі ўбачылі гэта вучні Яго, Якуб і Ян, то сказалі: «Госпадзе, хочаш, мы скажам, каб сышоў агонь з неба і спаліў іх?»

Але Ён, павярнуўшыся, забараніў ім, [і сказаў: Не ведаеце, якога вы духа:
 
Але Ён, павярнуўшыся, прыгразіў ім.

бо Сын Чалавечы не прыйшоў душы людзей загубіць, але ўратаваць.] І яны пайшлі ў другое сяло.
 
І пайшлі ў другое сяленне.

І [сталася:] калі яны ішлі, хтосьці ў дарозе сказаў Яму: Я пайду ўслед з Табою, куды б Ты, [Госпадзе], ні ішоў.
 
І, калі яны ішлі дарогаю, нехта сказаў Яму: «Пайду за Табой, куды толькі пойдзеш».

І сказаў яму Ісус: Лісы маюць норы, і нябесныя птушкі — гнёзды, а Сыну Чалавечаму няма дзе галаву прыхіліць.
 
І гаворыць яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе б галаву прытуліць».

І сказаў другому: Ідзі ўслед за Мною. — Ён жа сказаў: Госпадзе, дазволь Мне пайсці спярша пахаваць майго бацьку.
 
А іншаму гаворыць: «Ідзі за Мной!» А той сказаў: «Госпадзе, дазволь мне перш пайсці і пахаваць бацьку майго».

Але Ён сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых. Ты ж ідзі і абвяшчай Царства Божае.
 
Але Ісус сказаў яму: «Пакінь, хай мёртвыя хаваюць сваіх мёртвых, а ты ідзі абвяшчай Валадарства Божае».

Сказаў жа і другі: Я пайду ўслед за Табою, Госпадзе; але спярша дазволь мне развітацца з маімі дамашнімі.
 
А іншы гаворыць: «Пайду за Табой, Госпадзе, але дазволь мне перш развітацца з тымі, хто дома».

Ісус сказаў [яму]: Ніводны чалавек, хто паклаў [сваю] руку на плуг і азіраецца назад, не прыдатны для Царства Божага.
 
Але Ісус гаворыць яму: «Ніхто не прыдатны да Валадарства Божага, хто ўскладае руку сваю на плуг і азіраецца назад».