Яна 19 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Тады Пілат узяў Ісуса і аддаў на бічаванне.
 
Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў [Яго].

І воіны, звіўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і накінулі на Яго пурпуровы плашч,
 
І жаўнеры, сплёўшы вянец з церняў, усклалі на галаву Яму, і ў пурпуровае адзенне апранулі Яго,

і падыходзілі да Яго і казалі: Радуйся45, Цар Іудзейскі! — і білі Яго па шчоках.
 
і падыходзілі да Яго, і казалі: «Прывітаны будзь, Цар Юдэйскі!», і білі Яго па твары.

І Пілат зноў выйшаў на двор і кажа ім: Вось, я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я ніякай віны не знаходжу ў Ім.
 
Тым часам Пілат выйшаў зноў вонкі і кажа ім: «Вось жа, выводжу Яго да вас, каб вы самі пераканаліся, што я ў Ім не знаходжу ніякай віны».

Тады Ісус выйшаў на двор у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І кажа ім Пілат: Вось — Чалавек!
 
Выйшаў затым Ісус у церневым вянцы і пурпуровым адзенні. І кажа ім Пілат: «Вось чалавек!»

Дык калі ўбачылі Яго першасвятары і служкі, то пачалі крычаць, кажучы: Укрыжуй ! Укрыжуй [Яго]! — Пілат кажа ім: Вы вазьміце Яго і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны.
 
Дык калі Яго ўбачылі першасвятары і іх паслугачы, закрычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй!» Кажа ім Пілат: «Вазьміце вы Яго ды ўкрыжуйце, бо я ў Ім не знаходжу віны».

Іудзеі адказалі Яму: У нас ёсць закон, і паводле закона Ён павінен памерці, таму што зрабіў Сябе Сынам Божым.
 
Адказалі яму юдэі: «Мы маем закон, а па законе павінен Ён памерці, бо Ён зрабіў Сябе Сынам Божым».

Калі Пілат пачуў гэтае слова, ён яшчэ больш спалохаўся,
 
Калі Пілат пачуў гэтыя словы, тым болей спалохаўся,

і ўвайшоў зноў у прэторыю і кажа Ісусу: Адкуль Ты? — Але Ісус адказу яму не даў.
 
і зноў увайшоў у прэторыю, і кажа Ісусу: «Адкуль Ты?» Але Ісус яму не адказаў.

Тады Пілат кажа [яму]: Мне Ты не адказваеш? Хіба не ведаеш, што я маю ўладу вызваліць Цябе і маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?
 
Кажа Яму тады Пілат: «Не гаворыш мне? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе ды маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?»

Ісус адказаў яму: Ты не меў бы нада Мною ніякай улады, каб табе не было дадзена зверху; таму той, хто Мяне выдаў табе, мае большы грэх.
 
Адказаў Ісус: «Не меў бы ты ніякай улады нада Мной, калі б табе не было дадзена зверху; таму той, хто Мяне выдаў, мае большы грэх».

З гэтага часу Пілат шукаў, як вызваліць Яго. Іудзеі ж крычалі, кажучы: Калі ты Гэтага Чалавека вызваліш, ты не друг кесару; кожны, хто робіць сябе царом, выступае супроць кесара.
 
Адгэтуль Пілат намагаўся адпусціць Яго; але юдэі крычалі, кажучы: «Калі ты Яго выпусціш, дык ты — не сябар цэзара! Кожны, хто робіць сябе царом, супрацівіцца цэзару».

Тады Пілат, пачуўшы гэтыя словы, вывеў Ісуса на двор і сеў на ўзвышэнне, на месца, званае Каменным памостам, а па-яўрэйску Гаввафа.
 
Пачуўшы гэтыя словы, Пілат вывеў Ісуса вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, што завецца Літастратас, а па-гебрайску Габбата.

Была ж пятніца перад Пасхаю, каля шостай гадзіны. І ён кажа іудзеям: Вось ваш Цар.
 
А быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, бліз гадзіны шостай. І кажа юдэям: «Вось Цар ваш».

Тады тыя закрычалі: Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! — Пілат кажа ім: Вашага цара ўкрыжаваць? — Першасвятары адказалі: Няма ў нас цара, акрамя кесара.
 
А яны закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Кажа ім Пілат: «Цара вашага ўкрыжаваць?» Першасвятары адказалі: «Не маем цара, толькі цэзара».

Тады ён аддаў Яго ім, каб Яго ўкрыжавалі. Яны ж забралі Ісуса,
 
Дык тады Пілат выдаў ім Яго на ўкрыжаванне. І забралі яны Ісуса.

і Ён, несучы Сабе крыж46, выйшаў на месца, званае Чарапавішчам, якое па-яўрэйску завецца Галгофа,
 
І, несучы крыж Свой, прыйшоў на тое месца, што завецца Чараповае, а па-гебрайску — Гальгота,

дзе Яго ўкрыжавалі і з Ім двух іншых, з аднаго і другога боку, пасярэдзіне ж Ісуса.
 
дзе і ўкрыжавалі Яго, і з Ім двух іншых з аднаго боку і з другога, а пасярэдзіне Ісуса.

А Пілат напісаў і таблічку і змясціў на крыжы; было ж напісана: «Ісус Назарэй, Цар Іудзейскі».
 
Пілат напісаў таксама надпіс і змясціў над крыжам. А было напісана: «Ісус з Назарэта, Цар Юдэйскі».

Дык гэтую таблічку прачыталі многія з іудзеяў, таму што блізка было ад горада тое месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, і было напісана па-яўрэйску, па-лацінску, па-грэцку.
 
Многа юдэяў чытала гэты надпіс, бо месца ўкрыжавання было паблізу горада; і было напісана па-гебрайску, па-лацінску і па-грэцку.

Тады першасвятары іудзейскія казалі Пілату: Не пішы «Цар Іудзейскі», але напішы, што Ён сказаў: «Я Цар Іудзейскі».
 
Дык казалі першасвятары юдэйскія Пілату: «Не пішы: “Цар Юдэйскі”, але: “Ён Сам сказаў: “Я — Цар Юдэйскі”».

Пілат адказаў: Што я напісаў, тое напісаў.
 
Пілат адказаў: «Што напісаў, тое напісаў».

Воіны ж, калі ўкрыжавалі Ісуса, узялі Яго адзенне і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму воіну па частцы, і хітон. А хітон быў не шыты, а тканы суцэльна ад самага верху.
 
Калі жаўнеры ўкрыжавалі Ісуса, узялі адзенне Яго і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па адной, і туніку. А туніка была не шытая, але ўся тканая зверху ўніз.

Тады яны сказалі адзін аднаму: Не будзем ірваць яго, але кінем на яго жэрабя, чый будзе, — каб спраўдзілася Пісанне, якое кажа: «Яны падзялілі Маё адзенне між сабою і на шаты Мае кінулі жэрабя». І воіны гэта зрабілі.
 
Дык сказалі яны адзін аднаму: «Не будзем раздзіраць яе, але кінем жэрабя, чыёй мае быць», каб споўнілася Пісанне, якое кажа: «Адзенне Маё падзялілі між сабою, а на вопратку Маю кінулі жэрабя». Так і зрабілі жаўнеры.

А каля крыжа Ісуса стаялі Яго Маці і сястра Яго Маці, Марыя Кляопава, і Марыя Магдаліна.
 
А пад крыжам Ісуса стаяла Маці Яго і сястра Маці Яго, Марыя Кляопава, і Марыя Магдалена.

Ісус жа, убачыўшы Маці і вучня, што стаяў побач, якога Ён любіў, кажа [Сваёй] Маці: Жанчына, вось Твой сын.
 
Калі Ісус убачыў Маці і вучня, якога любіў, побач стаяўшага, сказаў Маці Сваёй: «Жанчына, вось сын Твой!»

Пасля кажа вучню: Вось твая Маці. — І з той гадзіны вучань узяў Яе да сябе.
 
Затым кажа вучню: «Вось Маці твая!» Ад гэтай пары ўзяў Яе вучань у сваю [апеку].

Пасля гэтага Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё закончана, кажа, каб спраўдзілася Пісанне: Прагну.
 
Пасля таго Ісус, ведаючы, што ўсё зрабілася, каб збылося Пісанне, кажа: «Смагну».

Стаяла тут пасудзіна, поўная воцату. Тады наткнуўшы на ісоп губку, поўную воцату, паднеслі да Яго вуснаў.
 
А была там пастаўлена пасудзіна, напоўненая воцатам, дык жаўнеры, насадзіўшы на трысціну губку, якую напоўнілі воцатам, паднялі яе да вуснаў Яго.

І калі Ісус скаштаваў воцату, Ён сказаў: Закончана. — І, схіліўшы галаву, аддаў дух.
 
Калі Ісус дакрануўся да воцату, сказаў: «Споўнілася!»; і, схіліўшы галаву, аддаў Духа.

А таму што была пятніца, то іудзеі, каб целы не заставаліся на крыжы ў суботу, бо тае суботы быў Вялікдзень, папрасілі Пілата, каб перабіць у іх галёнкі і зняць іх.
 
Дык юдэі, бо быў дзень прыгатавання, каб у суботу целы не заставаліся на крыжы, бо быў вялікі той дзень суботы, прасілі Пілата, каб ім перабіць ногі і зняць іх.

Тады прыйшлі воіны і ў першага перабілі галёнкі, і ў другога, укрыжаванага з Ім.
 
Дзеля таго прыйшлі жаўнеры і перабілі ногі першаму і другому, якія былі абапал Ісуса ўкрыжаваны.

А падышоўшы да Ісуса, яны, калі ўбачылі, што Ён памёр ужо, не перабівалі яму галёнкаў,
 
А калі падышлі да Ісуса, як убачылі, што Ён памёр, не ламалі Яму ног,

але адзін з воінаў дзідаю пракалоў Яму бок, і выйшла адразу ж кроў і вада.
 
але адзін з жаўнераў дзідай прабіў бок Яго, і зараз выцекла кроў і вада.

І той, хто бачыў, засведчыў, і яго сведчанне праўдзівае, і ён ведае, што кажа праўду, каб і вы верылі.
 
І той, хто бачыў, сведчыць, ды праўдзівае яго сведчанне, і ведае ён, што праўду кажа, каб і вы ўверылі.

Бо адбылося гэта, каб спраўдзілася Пісанне: «Яго косць не будзе разбіта».
 
Гэта сталася, каб споўнілася Пісанне: «Косць Яго не пераломіцца».

І яшчэ ў другім месцы Пісанне кажа: «Будуць глядзець на Таго, Каго пракалолі».
 
А ў іншым месцы кажа Пісанне: «Убачаць, каго прабілі».

А пасля гэтага Іосіф з Арымафеі — ён быў вучань Ісуса, але патаемны, бо баяўся іудзеяў, — папрасіў у Пілата дазволу, каб узяць Ісусава цела; і Пілат дазволіў. Тады той прыйшоў і ўзяў Яго цела47.
 
Пасля таго Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Ісуса, але скрытым дзеля страху перад юдэямі, прасіў Пілата, каб узяць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Дык прыйшоў ён і ўзяў цела Яго.

І прыйшоў таксама Нікадзім, што першы раз прыходзіў да Яго48 ўначы і прынёс сумесь са смірны і алоэ літраў пад сто49.
 
Прыйшоў таксама і Нікадэм, які раней прыходзіў уночы да Ісуса, несучы каля ста фунтаў мешанкі міры і алоэ.

Тады яны ўзялі Ісусава цела і абвязалі Яго пялёнамі з духмянасцямі, як і ёсць звычай хаваць у іудзеяў.
 
Яны ўзялі цела Ісуса і абгарнулі яго плашчаніцай з духмянасцямі па традыцыі хаваць у юдэяў.

А на тым месцы, дзе Яго ўкрыжавалі, быў сад і ў гэтым садзе новая магільня, у якой ніхто яшчэ не быў пакладзены.
 
А на месцы, дзе быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе была магіла, у якой ніхто яшчэ не быў пакладзены;

Дык там, з-за пятніцы іудзейскай, бо магільня была блізка, паклалі Ісуса.
 
там дзеля дня прыгатавання юдэйскага паклалі цела Ісуса, бо магіла была блізка.