Дзеі 12 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

А ў той час цар Ірад падняў рукі на некаторых з царквы, каб зрабіць ім ліха.
 
У гэты час Ірад паслаў жаўнераў, каб пераследаваць некаторых з царквы.

І ён забіў мечам Іякава, Іаанавага брата.
 
І Якуба, брата Яна, забіў мечам.

І, убачыўшы, што гэта даспадобы іудзеям, ён да таго ж узяў і Пятра, (а былі дні Праснакоў),
 
І, бачачы, што гэта спадабалася юдэям, увязніў да таго ж і Пётру. А былі гэта дні праснакоў.

якога ён схапіў і пасадзіў у турму, аддаўшы яго чатыром чацвёркам воінаў, каб вартавалі яго, маючы намер пасля Пасхі вывесці яго да народа.
 
Калі яго схапіў, укінуў у вязніцу, даручыўшы, каб чатыры [варты] па чацвёра жаўнераў пільнавалі яго, жадаючы па свяце Пасхі вывесці яго народу.

І Пятра вартавалі ў турме, але царква рупліва малілася Богу за яго.
 
І быў Пётра вартаваны ў астрозе. А ў царкве безупынна была малітва за яго да Бога.

А калі Ірад збіраўся вывесці яго, у тую ноч Пётр спаў між двума воінамі, скаваны двума ланцугамі, а стражнікі перад дзвярыма вартавалі турму.
 
У ноч, пасля якой Ірад меўся вывесці яго, Пётра, скаваны падвоеным ланцугом, спаў між двумя воінамі, і вартаўнікі перад брамай пільнавалі астрог.

І вось Анёл Гасподні паўстаў перад ім і ў памяшканні заззяла святло; і, стукнуўшы Пятра ў бок, ён разбудзіў яго, кажучы: Уставай хутчэй. — І ў яго ўпалі ланцугі з рук.
 
І вось, з’явіўся анёл Госпадаў, і святло заззяла ў каморы; і, ткнуўшы ў бок Пётры, абудзіў яго, кажучы: «Устань хутчэй!» І апалі ланцугі з рук яго.

І Анёл сказаў яму: Падперажыся і падвяжы свае сандалі. — Ён так і зрабіў. І той кажа яму: Надзень сваю вопратку і ідзі за мною.
 
І сказаў яму анёл: «Падперажыся ды абуй пасталы твае!» І ён так зрабіў. І кажа яму: «Надзень вопратку тваю ды ідзі за мной».

І ён выйшаў і пайшоў услед за ім; і не ведаў, ці напраўду адбывалася тое, што рабіў Анёл, а думаў, што бачыць з’явенне.
 
І, выйшаўшы, ішоў за ім, але не ведаў, ці гэта рэчаіснасць, што анёл робіць, а думаў, што бачыць з’яву.

І, прайшоўшы першую варту і другую, яны падышлі да жалезнай брамы, якая вяла ў горад і якая сама сабою адчынілася перад імі. І, выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу; і адразу ж Анёл адступіў ад яго.
 
Прамінуўшы першую і другую варту, яны дайшлі да жалезнай брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі, і, выйшаўшы, прайшлі адну вуліцу, і зараз анёл аддаліўся ад яго.

І Пётр, апамятаваўшыся, сказаў: Цяпер я сапраўды ведаю, што Госпад паслаў Свайго Анёла і выбавіў мяне з рукі Ірада і ад усяго, чаго чакаў іудзейскі народ.
 
Тады Пётра, прыйшоўшы ў сябе, сказаў: «Цяпер ведаю сапраўды, што Госпад паслаў анёла Свайго ды вырваў мяне з рукі Ірада і з усяго, чаго чакаў народ юдэйскі».

І, усвядоміўшы гэта, ён пайшоў да дома Марыі, маці Іаана, званага Маркам, дзе сабраліся і маліліся даволі многія.
 
Паразважаўшы, пайшоў у дом Марыі, маці Яна, званага Маркам, дзе пазбіраліся многія на малітве.

І калі ён пастукаў у дзверы брамы, падышла паслухаць служанка імем Рода.
 
І калі пастукаў у дзверы, прыбегла дзяўчына, на імя Рода, паслухаць, хто там.

І, пазнаўшы Пятроў голас, яна ад радасці не адчыніла брамы, а, прыбегшы, сказала, што Пётр стаіць перад брамаю.
 
І, пазнаўшы голас Пётры, з радасці не адчыніла дзверы, але пабегла паведаміць, што Пётра стаіць перад дзвярамі.

А яны сказалі ёй: Ці ў сваім ты розуме? — Але яна настойвала, што гэта так. Яны ж казалі: Гэта яго Анёл.
 
А яны сказалі ёй: «Дурніца!» Яна ж даказвала, што гэта так. Яны ж усе казалі: «Гэта анёл яго».

А Пётр усё стукаў; і, калі адчынілі, яны ўбачылі яго і здзівіліся.
 
А Пётра стукаўся далей. Калі ж нарэшце адчынілі, убачылі яго і надта здзівіліся.

А ён, даўшы ім знак рукою, каб маўчалі, расказаў ім, як Госпад вывеў яго з турмы, і сказаў: Перадайце пра гэта Іякаву і братам. — І, выйшаўшы, ён падаўся ў іншае месца.
 
Ён жа, даўшы ім знак рукою маўчаць, расказаў, як Госпад вывеў яго з астрога, і сказаў: «Паведаміце пра гэта Якубу і братам». І, выйшаўшы, пайшоў у другое месца.

Калі ж настаў дзень, сярод воінаў было немалое36 ўзрушэнне ад таго, што адбылося з Пятром.
 
Калі ж настаў дзень, між жаўнерамі ўзнікла немалая трывога з-за таго, што сталася праз Пётру.

І Ірад, пашукаўшы яго і не знайшоўшы, аддаў стражнікаў пад суд і загадаў адвесці і [забіць іх]. І, адышоўшы з Іудзеі ў Кесарыю, ён заставаўся там.
 
Ірад жа, калі спытаўся пра яго і не знайшоў, распытаўшы вартаўнікоў, загадаў пакараць іх смерцю. І, перабраўшыся з Юдэі ў Цэзарэю, там затрымаўся.

І [Ірад] быў у гневе на тыран і сіданянаў. І тыя аднадушна прыйшлі да яго і, угаварыўшы Уласта, царскага пасцельніка, прасілі міру, бо іх краіна кармілася ад царскай.
 
А [Ірад] дужа злаваўся на жыхароў Тыра і Сідона. Але яны аднадушна прыбылі да яго і, схіліўшы на свой бок Бласта, палацовага царскага, прасілі супакою, бо іх край жывіўся ад царскіх запасаў.

І ў вызначаны дзень Ірад, убраўшыся ў царскія шаты і сеўшы на ўзвышэнні, прамаўляў да іх,
 
У вызначаны ж дзень Ірад, апрануўшы царскія шаты, седзячы на пасадзе, прамаўляў да іх.

а народ выкрыкваў: Голас Бога, а не чалавека!
 
А народ крычаў: «Гэта голас бога, а не чалавека!»

І тут жа яго працяў Анёл Гасподні за тое, што ён не ўзнёс хвалы Богу; і ён, з’едзены чэрвямі, выпусціў дух.
 
І адразу ж ударыў яго анёл Госпадаў, таму што ён не аддаў Богу належнай славы, і ён памёр, сточаны чарвямі.

А слова Божае расло і памнажалася.
 
Слова ж Госпадава расло і памнажалася.

А Варнава і Саўл вярнуліся з Іерусаліма [ў Антыёхію], выканаўшы даручэнне, узяўшы з сабою Іаана, званага Маркам.
 
А Барнаба і Саўл, выканаўшы сваё даручэнне, вярнуліся з Ерузаліма, узяўшы з сабой Яна, званага Маркам.