1 да Карынфянаў 8 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

А што да прынесенага ў ахвяру ідалам, мы ведаем, што мы ўсе маем веды. Веды надзімаюць, а любоў стварае.
 
Што да ідалам складаных ахвяр, мы ведаем, бо маем усякае веданне. Але веданне надзімае, а любоў будуе.

Калі каму здаецца, што ён нешта ведае, то ён яшчэ не ўведаў так, як трэба яму ведаць.
 
Калі каму здаецца, што ён нешта ведае, дык ён не спазнаў яшчэ, як трэба яму ведаць.

Але калі хто любіць Бога, таго Ён ведае.
 
А калі хто любіць Бога, той вядомы Яму.

Дык што да ўжывання ў ежу прынесенага ў ахвяру ідалам мы ведаем, што ідал на свеце нішто і што няма іншага Бога, акрамя Адзінага.
 
Адносна спажывання ідалам ахвяраванага мы ведаем, што няма на свеце ніякіх ідалаў і ніводнага бога, апрача Адзінага.

Бо нават калі ёсць так званыя багі, ці на небе, ці на зямлі, як і ёсць шмат багоў і шмат паноў,
 
А хоць і ёсць у небе ці на зямлі тыя, што называюцца багамі (бо шмат такіх багоў і гаспадароў),

але ў нас адзін Бог, Бацька, з Якога ўсё, і мы для Яго, і адзін Госпад, Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё, і мы праз Яго.
 
але для нас існуе толькі адзін Бог Айцец, ад Якога ўсё і мы для Яго, і адзін Госпад, Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё і мы праз Яго.

Але не ва ўсіх гэтае веданне: некаторыя да гэтага часу па звычцы да ідала ядуць ежу як ідальскую ахвяру, і іх сумленне, будучы слабым, апаганьваецца.
 
Але не ва ўсіх ёсць веданне: некаторыя дасюль, прызвычаіўшыся да ідалаў, ядуць ахвяраванае ідалам, і свядомасць іх спаганьваецца, бо кволая.

Ежа ж нас не наблізіць да Бога: ці не ядзім мы, нічога не трацім; ці ядзім, нічога не набудзем.
 
А ежа не набліжае нас да Бога, бо не бяднеем, калі не ядзім, і таксама, ядучы, нічога не набываем.

Але глядзіце ж, як бы гэтае ваша права не стала спакусай для слабых.
 
Усё ж такі глядзіце, каб ваша свабода не сталася часам спакусай для слабых.

Бо калі хто ўбачыць, што ты, маючы веды, узлягаеш за сталом у капішчы, ці не падахвоціць яго сумленне, калі ён слабы, есці прынесенае ў ахвяру ідалам?
 
Бо, калі б хто ўбачыў таго, што мае веданне і ўзлягае пры ідальскім, няўжо яго свядомасць, паколькі яна слабая, не заахвоціцца есці ідалам ахвяраванага?

Бо ад твайго ведання загіне слабы — брат, за якога памёр Хрыстос.
 
І слабы загіне з-за твайго ведання; брат, за якога памёр Хрыстос!

А саграшаючы так супроць братоў і ранячы іх слабое сумленне, вы грашыце супроць Хрыста.
 
А так робячы грэх супраць братоў і б’ючы па свядомасці іх нядужай, грашыце супраць Хрыста.

Таму калі ежа спакушае майго брата, не буду есці мяса давеку, каб неспакусіць майго брата.
 
Дык, калі ежа горшыць брата майго, давеку не буду есці мяса, каб не горшыць брата майго.