2 да Карынфянаў 7 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Дык, улюбёныя, маючы гэтыя абяцанні, ачысцім сябе ад усяго, што апаганьвае цела і дух, удасканальваючы святасць у страху перад Богам.
 
Дык маючы такія абяцанні, умілаваныя, ачысцім сябе ад усякага бруду цела і духа, у страху Божым дасягаючы святасці.

Змясціце нас у свае сэрцы; мы нікога не пакрыўдзілі, нікога не сапсавалі, ні ад каго не шукалі карысці.
 
Прыміце нас! Мы нікога не скрыўдзілі, нікога не падманулі, нікога не звялі.

Не ў асуджэнне кажу: бо я раней казаў, што вы — у нашых сэрцах, каб нам разам памерці і разам жыць.
 
Кажу гэта не каб вас асудзіць; бо казаў ужо, што вы ў нашых сэрцах, каб разам памерці і разам жыць.

Вялікая мая ўпэўненасць у вас, вялікая ў мяне гордасць за вас: я напоўнены суцяшэннем, я перапаўняюся радасцю пры ўсім нашым горы.
 
Вялікае спадзяванне ў мяне на вас, вялікая пахвала мне за вас. Я напоўнены суцяшэннем і перапоўнены радасцю ў кожным нашым горы.

І нават калі мы прыйшлі ў Македонію, наша цела не мела ніякага спакою, а з усіх бакоў гнялі нас; звонку — напасці, унутры — страхі.
 
Бо калі мы прыбылі ў Мацэдонію, наша цела не мела супакою, але мы цярпелі ўсялякае гора: звонку — напасці, унутры — страхі.

Але Бог, Які суцяшае прыгнечыных, суцешыў нас прыбыццём Ціта,
 
Але Бог, Суцяшыцель пакорлівых, суцешыў нас прыбыццём Ціта.

і не толькі прыбыццём яго, але і суцяшэннем, якім ён суцешыўся аб вас, аб’яўляючы нам аб вашым гарачым жаданні, аб вашым плачы, аб вашай руплівасці дзеля мяне, так што я яшчэ болей узрадаваўся.
 
І суцешыў не толькі прыбыццём яго, але і суцяшэннем, якім суцешыўся ў вас, калі распавядаў ён пра вашу руплівасць, пра вашы слёзы, пра вашу тугу па мне, з чаго радаваўся я тым болей.

Таму калі я і засмуціў вас лістом, я не раскайваюся: калі і раскайваўся, бачу, што той ліст — нават калі на гадзіну — вас засмуціў,
 
Хоць, можа, я вас і засмуціў лістом, але не шкадую гэтага. Калі б і шкадаваў, бачачы, што гэты ліст на нейкі час засмуціў вас,

то цяпер я радуюся — не таму, што вы былі засмучаны, а таму, што былі засмучаны да пакаяння: бо вы былі засмучаны паводле Бога, каб ні ў чым не пацярпець шкоды ад нас.
 
аднак цяпер цешуся, не таму, што вы засмуціліся, але што засмуціліся на навяртанне. Засмуціліся бо дзеля Бога, каб не цярпелі ад нас ніякай шкоды.

Бо смутак паводле Бога робіць пакаянне для выратавання, аб чым не шкадуюць; а смутак гэтага свету чыніць смерць.
 
Бо гэты смутак дзеля Бога ўчыняе навяртанне на збаўленне, аб чым не трэба шкадаваць, а смутак гэтага свету ўчыняе смерць.

Бо вось, якраз гэта — тое, што вы былі засмучаны паводле Бога, глядзіце, якую выклікала ў вас рупнасць, а якое апраўданне, а якое абурэнне, а які страх, і якое жаданне, а якую гарачнасць, а якую адплату! Ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.
 
Гэта вось, што вы засмуткавалі дзеля Бога, выклікала ў вас гэткую руплівасць, а якую абарону, а якое абурэнне, а якую боязь, а якую тугу, а які клопат ды гатоўнасць прыняць адплату. Таму ва ўсім паказаліся вы беззаганнымі ў [гэтай] справе.

Дык калі я і напісаў вам, то не дзеля таго, хто пакрыўдзіў, і не дзеля пакрыўджанага, але дзеля таго, каб перад Богам стала вам відавочным ваша старанне аб нас6.
 
Затым, калі я вам напісаў, дык не дзеля таго, хто спрычыніў крыўду, і не дзеля таго, хто пацярпеў, але каб паказаць руплівасць вашу, якую вы маеце дзеля нас у вас перад Богам.

Таму мы суцешаныя. Але, акрамя нашага суцяшэння, мы яшчэ болей узрадаваліся Цітавай радасці, таму што яго дух супакоены ўсімі вамі.
 
Дзеля гэтага мы суцешыліся. А ў нашым суцяшэнні мы яшчэ больш узрадаваліся радасцю Ціта, што падтрыманы быў дух яго вамі ўсімі.

Бо калі я чым пахваліўся яму пра вас, — я не быў пасаромлены, але, як мы ўсё вам казалі ў праўдзе, так і наша пахвала перад Цітам аказалася праўдаю.
 
І я не пасаромеўся ў тым, што пахваліўся вамі перад ім. Падобна як усё гаварылі мы вам праўдзіва, так і сталася праўдай наша пахвала перад Цітам.

І яго сэрца яшчэ болей горнецца да вас, калі ён успамінае аб паслухмянасці ўсіх вас, як вы прынялі яго са страхам і трымценнем.
 
І сэрца яго яшчэ мацней [туліцца] да вас, калі прыпамінае вашу агульную паслухмянасць ды тое, як вы прынялі яго са страхам і трымценнем.

Я радуюся, што маю адвагу ва ўсім быць упэўненым у вас.
 
Дык я цешуся, што ва ўсім магу спадзявацца на вас.