2 да Карынфянаў 9 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Бо што да служэння святым мне залішне пісаць вам;
 
Аб паслузе, якая робіцца для святых, лішне мне пісаць вам,

бо я ведаю вашу гатоўнасць, якой хвалюся вамі перад македонцамі — што Ахаія падрыхтавана з мінулага года, і ваша рупнасць падахвоціла большасць з іх.
 
бо ведаю пра вашу ахвоту, дзеля якой хвалюся вамі сярод мацэдонцаў, што Ахая прыгатавана ад мінулага года, і так ваша руплівасць заахвоціла многіх.

Але я паслаў братоў, каб наша пахвала аб вас не аказалася пустою ў гэтым сэнсе, каб, як я казаў, вы былі падрыхтаванымі,
 
Паслаў жа я братоў, каб у гэтым выпадку мая пахвальба вамі не была пустой, але, як ужо казаў, былі вы прыгатаванымі.

каб, калі прыйдуць са мной македонцы і знойдуць вас непадрыхтаванымі, мы — не кажучы пра вас — не асароміліся ў гэтай упэўненасці.
 
Бо, калі прыйдуць са мною мацэдонцы і застануць вас непрыгатаванымі, каб мы не асароміліся, — не буду казаць «вы», — з гэтае прычыны.

Дык я палічыў патрэбным папрасіць братоў, каб яны выйшлі да вас раней і загадзя падрыхтавалі ваша раней абяцанае дабраславенне, каб яно, такім чынам, было гатовае як дабраславенне, а не як вымаганне.
 
Дык вось, палічыў я патрэбным прасіць братоў, каб яны выйшлі да вас перад намі ды загадзя паклапаціліся пра абяцанае вамі дабраславенства, каб было яно прыгатавана так, як дабраславенства, а не як прымус.

Але вось што: хто скупа сее, той скупа і сажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.
 
Бо так ёсць: хто скупа сее, той скупа і сажне, а хто ў дабраславенствах сее, той у дабраславенствах і жаць будзе.

Кожны, як вырашыў у сэрцы, няхай дае не з жалю або з прымусу; бо таго, хто радасна дае, любіць Бог.
 
Таму хай кожны мяркуе па сваім сэрцы, не шкадуючы і не змушаючы сябе, бо таго, хто з радасцю дае, любіць Бог.

І Бог мае сілу памножыць усялякую ласку для вас, каб вы, маючы ва ўсім заўсёды ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсялякую добрую справу,
 
Магутны Бог можа шчодра ўзбагаціць вас усякімі ласкамі, каб усюды і ва ўсім мелі вы дастатак ды каб вы былі багатыя на ўсякую добрую справу,

як напісана: «Ён раскідаў; ён даў убогім; яго праведнасць застаецца навек».
 
як напісана: «Падзяліў ён, даў убогім, справядлівасць яго трывае ў векі вечныя».

А Той, Хто дае насенне сейбіту і хлеб для яды, дасць вам насенне і прымножыць ваша насенне, і павялічыць плады вашай праведнасці.
 
А Той, Хто дае насенне сейбіту, дасць і хлеб для яды, ды зерне ваша размножыць, і павялічыць ураджай справядлівасці вашай,

Ва ўсім вы ўзбагачаецеся дзеля ўсялякай шчодрасці, якая праз нас творыць падзяку Богу,
 
каб вы былі багатыя ўсім, поўныя прастаты, якая праз нас учыняе падзяку Богу, —

таму што выкананне гэтага служэння не толькі папаўняе нястачу ў святых, але і багатае многімі падзякамі Богу.
 
бо выкананне гэтага служэння не толькі папаўняе тое, чаго не хапае святым, але і багатае многімі падзякамі Богу.

Бачачы сведчанне гэтага служэння, яны ўслаўляюць Бога за вашу пакорнасць вызнаванаму вамі Дабравесцю Хрыстову і за шчырую лучнасць з імі і з усімі,
 
Дык, дасведчыўшы такое служэнне, яны хваляць Бога за тое, што вы паслухмяныя ў вашым вызнанні Евангелля Хрыста, ды за шчырую лучнасць з імі і з усімі,

і, молячыся за вас, яны прагнуць да вас, з-за бязмернай ласкі Божай у вас.
 
і ў сваіх маленнях за вас выяўляюць прыхільнасць да вас дзеля шчодрай у вас ласкі Бога.

Падзяка Богу за Яго невымоўны дар!
 
Хай будзе падзяка Богу за невымоўны дар Яго!