Адкрыцьцё 7 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Пасля гэтага я ўбачыў чатырох Анёлаў, якія стаялі на чатырох кутах зямлі, трымаючы чатыры вятры зямлі, каб вецер не дзьмуў ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва.
 
І пасля гэтага бачыў я чатырох анёлаў, што стаялі на чатырох вуглах зямлі, трымаючы чатыры вятры зямлі, каб вецер не дзьмуў на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва.

І я ўбачыў іншага Анёла, які падымаўся ад усходу сонца і меў пячатку жывога Бога; і ён крыкнуў гучным голасам чатыром Анёлам, якім было дадзена шкодзіць зямлі і мору,
 
І ўгледзеў я іншага анёла, які падымаўся з усходу і нёс пячатку Бога жывога, і гаманіў гучным голасам чатыром анёлам, якім даручана было чыніць шкоду зямлі і мору,

кажучы: Не шкодзьце ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль мы не пакладзём пячаткі слугам нашага Бога на іх ілбы.
 
кажучы: «Не шкодзьце зямлі і мору, ані дрэвам, пакуль не адзначым паслугачоў Божых на чолах іх».

І я пачуў лік пазначаных пячаткаю: сто сорак чатыры тысячы — пазначаныя пячаткаю з кожнага пакалення сыноў Ізраілевых:
 
І пачуў я лік тых, што адзначаны: сто сорак чатыры тысячы адзначаных з усіх пакаленняў сыноў Ізраэля:

з пакалення Іудавага — дванаццаць тысяч пазначаных пячаткаю, з пакалення Рувімавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Гадавага — дванаццаць тысяч,
 
з пакалення Юды дванаццаць тысяч адзначаных, з пакалення Рубэна дванаццаць тысяч, з пакалення Гада дванаццаць тысяч,

з пакалення Асіравага — дванаццаць тысяч, з пакалення Нефалімавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Манасіевага — дванаццаць тысяч,
 
з пакалення Асэра дванаццаць тысяч, з пакалення Нэфталі дванаццаць тысяч, з пакалення Манасы дванаццаць тысяч,

з пакалення Сімяонавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Левіевага — дванаццаць тысяч, з пакалення Ісахаравага — дванаццаць тысяч,
 
з пакалення Сімяона дванаццаць тысяч, з пакалення Леві дванаццаць тысяч, з пакалення Ісахара дванаццаць тысяч,

з пакалення Завулонавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Іосіфавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Веньямінавага — дванаццаць тысяч пазначаных пячаткаю.
 
з пакалення Забулона дванаццаць тысяч, з пакалення Язэпа дванаццаць тысяч, з пакалення Бэньяміна дванаццаць тысяч адзначаных.

Пасля гэтага я ўбачыў: і вось, вялікае мноства, якога ніхто не мог злічыць, з кожнага народа і ўсіх пакаленняў, і плямёнаў, і родаў: стаяць перад тронам і перад Агнецам, апранутыя ў белыя шаты, і ў іх руках пальмавыя галінкі.
 
Пасля ўбачыў я: і вось, вялікі натоўп, якога пералічыць ніхто не змог, з усіх плямёнаў і пакаленняў, народаў і моў. І стаялі яны перад пасадам і перад Ягнём, апранутыя ў белыя вопраткі, і пальмы ў руках іх.

І яны ўсклікваюць гучным голасам, кажучы: Збавенне нашаму Богу, Які сядзіць на троне, і Агнецу.
 
І гаманілі яны моцным голасам, кажучы: «Збаўленне ў Бога нашага, Які сядзіць на пасадзе, і ў Ягняці!»

І ўсе Анёлы стаялі вакол трона і старэйшынаў і чатырох жывых істотаў, і яны ўпалі на абліччы свае перад тронам і пакланіліся Богу,
 
І ўсе анёлы стаялі вакол пасада, і старыя, і чацвёра жывёлін; і ўпалі перад пасадам на твары свае, і аддалі пашану Богу,

кажучы: Амін! Добраславенне, і слава, і мудрасць, і падзяка, і гонар, і сіла, і магутнасць нашаму Богу векі вечныя! Амін.
 
кажучы: «Амін! Дабраславенне, і слава, і мудрасць, і падзяка, і ўшанаванне, і магутнасць, і сіла Богу нашаму на векі вечныя. Амін».

І азваўся адзін са старэйшынаў і спытаўся ў мяне: Гэтыя, апранутыя ў белыя шаты, хто яны і адкуль прыйшлі?
 
І адзін са старых азваўся да мяне, кажучы: «Хто гэтыя, апранутыя ў бель, і адкуль яны прыйшлі?»

І я сказаў яму: Уладару мой, ты ведаеш. І ён сказаў мне: Гэта тыя, што прыходзяць з вялікага ўціску, і абмылі свае шаты і выбелілі іх16 крывёю Агнеца.
 
А я сказаў яму: «Гаспадару мой, ты ведаеш». І ён сказаў мне: «Гэта тыя, якія выйшлі з вялікага гора, і абмылі свае вопраткі, і выбелілі іх у Крыві Ягняці.

Таму яны — перад Божым тронам і служаць Яму ўдзень і ўночы ў Яго храме, і Той, хто сядзіць на троне, будзе скініяй над імі17.
 
Таму стаяць перад пасадам Божым і служаць Яму ўночы і днём у святыні Яго, і Які сядзіць на пасадзе будзе жыць у іх.

І яны не будуць больш ні галадаць, ні смагнуць, і не будзе паліць іх ні сонца і ніякая спёка,
 
Ні голаду, ні смагі больш не будуць цярпець, не будзе пячы іх болей сонца і ніякая спякота,

бо Агнец, які пасярэдзіне трона, будзе пасвіць іх і будзе вадзіць іх да крыніцаў водаў жыцця, і Бог абатрэ кожную слязу з іх вачэй.
 
бо Ягня, Які пасярод пасада, пасвіць іх будзе і вадзіць да крыніцы водаў жыцця, і абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іх».