Марка 4 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

І Ён зноў пачаў вучыць каля мора; і сабраўся да Яго вялізны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў лодку на моры, сядзеў, а ўвесь натоўп быў на зямлі пры моры.
 

І Ён вучыў іх многаму ў прыпавесцях і казаў ім у Сваёй навуцы:
 

Слухайце! Вось выйшаў сейбіт сеяць.
 

І сталася, калі ён сеяў, адно зерне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі яго.
 

А другое ўпала на скалісты грунт, дзе няшмат было зямлі, і адразу ўзышло, бо зямля была не глыбокая;
 

і калі ўзышло сонца — прыпаліла яго і, таму што не мела кораня, засохла.
 

А іншае ўпала ў церні, і ўзняліся церні і заглушылі яго, і плоду яно не дало.
 

А іншыя ўпалі ў добрую зямлю і давалі плод, уздымаючыся і ўзрастаючы, і прыносіла адно — у трыццаць, і адно — у шэсцьдзесят, і адно — у сто разоў.
 

І казаў ім: Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
 

І калі Ён застаўся адзін, тыя, што былі вакол Яго разам з дванаццаццю, пыталіся ў Яго аб прыпавесцях.
 

І казаў ім: Вам дадзена таямніца Царства Божага; тым жа, па-за вамі, усё паўстае ў прыпавесцях,
 

каб яны, гледзячы, бачылі і не ўгледзелі, і, слухаючы, чулі і не разумелі, каб не далучыліся яны, і было даравана ім9.
 

І кажа ім: Не разумееце гэтай прыпавесці, а як зразумееце ўсе прыпавесці?
 

Сейбіт сее слова.
 

А вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова; і калі яны пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх [сэрцах].
 

І гэтак жа тыя, што сеюцца на скалістым грунце, — яны, калі пачуюць слова, адразу з радасцю прымаюць яго,
 

ды не маюць кораня ў сабе і дачасныя; пасля, калі падыходзіць уціск або ганенне за слова, адразу разуверваюцца.
 

А іншыя — гэта тыя, што сеюцца ў церні, гэта тыя, хто пачуў слова,
 

ды турботы веку і зман багацця ды жаданні чаго-небудзь іншага, уваходзячы, зусім заглушаюць слова, і яно робіцца бясплодным.
 

А вось тыя, пасеяныя на добрую зямлю: гэта тыя, што чуюць слова і прымаюць і даюць плод: адно — у трыццаць, і адно — у шэсцьдзесят, і адно — у сто разоў.
 

І казаў ім: Хіба лямпа прыносіцца на тое, каб паставілі яе пад пасудзіну ці пад ложак? А ці не на тое, каб паставілі яе на падстаўку?
 

Бо няма нічога таемнага, каб не стала яўным, і нічога ўтоенага, каб не выйшла на яўнае.
 

Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.
 

І Ён казаў ім: Зважайце, што чуеце. Якою мераю вы мерыце, такою будзе адмерана вам і будзе дададзена вам, [хто слухае].
 

Бо хто мае, таму будзе дададзена, а хто не мае, і тое, што мае, будзе ўзята ад яго.
 

І Ён казаў: Так і Царства Божае: як чалавек, што кіне насенне ў зямлю,
 

і спіць, і ўстае ўночы і ўдзень, а насенне прарастае і выцягваецца, як — ён не ведае.
 

[Бо] зямля сама сабою пладаносіць: спярша рунь, пасля колас, пасля поўнае зерне ў коласе.
 

Калі ж плод даспее, ён адразу пасылае серп, бо надышло жніво.
 

І Ён казаў: З чым параўнаем Царства Божае ці ў якім прыпадабненні выявім яго?
 

Яно як гарчычнае зерне, што, калі пасеяна ў зямлю, найдрабнейшае з усяго насення на зямлі,
 

а калі пасеяна, узыходзіць і робіцца большым за ўсю агародніну і пускае вялікія галіны, так што пад яго ценем могуць гняздзіцца птушкі нябесныя.
 

І такімі многімі прыпавесцямі казаў ім слова, наколькі яны маглі чуць;
 

а без прыпавесці не казаў ім, а Сваім вучням асобна ўсё растлумачваў.
 

І ў той самы дзень з надыходам вечара кажа ім: Пераедзьма на той бок.
 

І яны, пакінуўшы натоўп, бяруць Яго з сабою, як быў у лодцы; і іншыя лодкі былі з Ім.
 

І ўзнімаецца моцны вецер-віхор, і хвалі білі ў лодку, так што ўжо напаўнялася лодка вадою.
 

А Ён быў на карме і спаў на падушцы. І будзяць Яго і кажуць Яму: Настаўніку, няўжо не турбуе Цябе, што мы гінем?
 

І, разбуджаны, Ён забараніў ветру і сказаў мору: Маўчы, суцішся! — І суняўся вецер і настала вялікая ціша.
 

І Ён сказаў ім: Што вы такія баязлівыя? Хіба яшчэ няма ў вас веры?
 

І яны настрашыліся страхам вялікім і казалі адзін аднаму: Хто ж тады Ён, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?