Дзеі 7 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

І першасвятар спытаўся: Ці так гэта?
 

І ён сказаў: Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог славы з’явіўся нашаму бацьку Аўрааму, калі той быў у Месапатаміі, перш чым ён пасяліўся ў Харане,
 

і сказаў яму: «Выйдзі з тваёй зямлі і [з] тваёй радні і пайдзі ў зямлю, якую Я табе пакажу».
 

Тады, выйшаўшы з халдзейскай зямлі, ён пасяліўся ў Харане. І адтуль, пасля таго як памёр яго бацька, Бог перасяліў яго ў гэтую зямлю, у якой вы цяпер жывяце,
 

ды не даў яму спадчыны ў ёй ні на след нагі, але абяцаў даць яе ў валоданне яму і яго патомству пасля яго, хоць у яго яшчэ не было дзіцяці.
 

І сказаў так Бог, што яго нашчадкі будуць пасяленцамі ў чужой зямлі і іх зняволяць у рабства і будуць гнясці чатырыста гадоў.
 

«Але народ, якому яны будуць служыць рабамі, Я буду судзіць, — сказаў Бог, — і пасля гэтага яны выйдуць і будуць служыць Мне на гэтым месцы».
 

І Ён даў яму запавет абразання; і гэтак ад Аўраама нарадзіўся Ісаак, і на восьмы дзень ён абрэзаў яго; а ад Ісаака — Іякаў, а ад Іякава — дванаццаць патрыярхаў.
 

І патрыярхі, пазайздросціўшы Іосіфу, прадалі яго ў Егіпет. Але Бог быў з ім,
 

і выбавіў яго ад усіх бедаў і даў яму ласку і мудрасць перад фараонам, царом Егіпта, і той паставіў яго начальнікам над Егіптам і [над] усім сваім домам.
 

І прыйшоў голад на ўвесь Егіпет і Ханаан і вялікая бяда, і нашы бацькі не знаходзілі, чым пракарміцца.
 

Але Іякаў, пачуўшы, што ў Егіпце ёсць збожжа, паслаў туды нашых бацькоў першы раз.
 

А другім разам Іосіф адкрыўся сваім братам, і Іосіфаў род стаў вядомы фараону.
 

І Іосіф, паслаўшы, паклікаў свайго бацьку Іякава і ўсю [сваю] радню — семдзесят пяць душ.
 

І Іякаў зышоў у Егіпет; і памёр ён сам і нашы бацькі,
 

і іх перанеслі ў Сіхем і паклалі ў магільні, якую Аўраам купіў, заплаціўшы серабром, у сыноў Гэмора ў Сіхеме21.
 

І як набліжаўся час абяцання, якое Бог [з клятваю] даў Аўрааму, народ рос і памнажаўся ў Егіпце,
 

пакуль не ўстаў [над Егіптам] іншы цар, які не ведаў Іосіфа.
 

Ён хітраваў супроць нашага роду і чыніў ліхое [нашым] бацькам, так каб яны выкідвалі сваіх немаўлят, каб тыя не заставаліся ў жывых.
 

У гэты час нарадзіўся Маісей, і ён быў прыгожы22 для Бога; яго тры месяцы гадавалі ў бацькавым доме,
 

а калі яго кінулі, яго падабрала фараонава дачка і выгадавала яго сабе за сына.
 

І Маісей быў навучаны ўсёй егіпецкай мудрасці, быў жа ён моцны ў сваіх словах і ўчынках.
 

А калі яму споўнілася сорак гадоў, прыйшло яму на сэрца адведаць сваіх братоў, сыноў Ізраілевых.
 

І ён, убачыўшы, што аднаго з іх крыўдзяць, абараніў таго і адпомсціў за пакрыўджанага, забіўшы егіпцяніна.
 

І ён думаў, што яго браты разумеюць, што Бог яго рукою дае ім выратаванне; але яны не зразумелі.
 

І на другі дзень ён з’явіўся між іх, калі яны біліся, і схіляў іх да згоды, кажучы: Мужы, вы браты; чаму крыўдзіце адзін аднаго?
 

Але той, што крыўдзіў блізкага, адштурхнуў яго і сказаў: «Хто паставіў цябе начальнікам і суддзёю над намі?
 

Ці не хочаш ты забіць мяне гэтак жа, як учора забіў егіпцяніна?»
 

І Маісей уцёк пры гэтым слове і зрабіўся прышэльцам у мадыямскай зямлі, дзе ў яго нарадзілася два сыны.
 

І калі мінула сорак гадоў, з’явіўся яму ў пустэльні гары Сінай Анёл [Гасподні] ў полымі агню калючага куста.
 

І Маісей, убачыўшы, здзівіўся з’явенню, а калі ён падходзіў, каб разгледзець, пачуўся голас Госпада [да яго]:
 

«Я Бог тваіх бацькоў, Бог Аўраама, [і Бог] Ісаака, і [Бог] Іякава». І Маісей, задрыжаўшы, не адважыўся паглядзець.
 

І Госпад сказаў яму: «Здымі сандалі з тваіх ног, бо месца, на якім ты стаіш, — святая зямля.
 

Я сапраўды23 ўбачыў уціск Майго народа, што ў Егіпце, і стогн іх пачуў, і зышоў, каб выбавіць іх; а цяпер ідзі, сюды, Я пашлю цябе ў Егіпет».
 

Гэтага Маісея, ад якога яны адцураліся, сказаўшы: «Хто цябе паставіў начальнікам і суддзёю?» — гэтага Бог [і] начальнікам і збаўцам паслаў праз Анёла, што з’явіўся яму ў калючым кусце.
 

Гэты чалавек вывеў іх, творачы цуды і знакі ў егіпецкай зямлі, у Чырвоным моры і ў пустэльні сорак гадоў.
 

Гэта той Маісей, які сказаў Ізраілевым сынам: «Прарока паставіць вам Бог24 з вашых братоў, як мяне, [Яго слухайце]».
 

Гэта той, хто быў у пустэльні ў супольнасці з Анёлам, які казаў яму на гары Сінай, і з нашымі бацькамі і які прыняў жывыя словы, каб даць нам,
 

якога не захацелі слухацца нашы бацькі, а адштурхнулі яго і павярнуліся ў сваіх сэрцах да Егіпта,
 

сказаўшы Аарону: «Зрабі нам багоў, якія пойдуць перад намі; бо з гэтым Маісеем, які вывеў нас з егіпецкай зямлі, — мы не ведаем, што з ім здарылася».
 

І яны зрабілі цяльца ў тыя дні і прынеслі ахвяру ідалу і радаваліся працы сваіх рук.
 

Але Бог адвярнуўся і аддаў іх служыць нябеснаму войску, як і напісана ў кнізе прарокаў: «Ці заколатае і ахвяры вы прыносілі Мне сорак гадоў у пустэльні, доме Ізраілеў?
 

І вы ўзялі скінію Молахаву і зорку [вашага] бога Райфана25 — выявы, якія вы зрабілі, каб пакланяцца ім, і я перасялю вас за Вавілон».
 

Скінія сведчання была ў нашых бацькоў у пустэльні, як распарадзіўся Той, Хто казаў Маісею, каб зрабіў яе паводле ўзору, які ён убачыў;
 

яе і ўнеслі, атрымаўшы, нашы бацькі з Ісусам Навіным пры авалоданні зямлі народаў, якіх Бог выганяў ад аблічча нашых бацькоў да дзён Давіда,
 

які знайшоў ласку перад Богам і прасіў знайсці жыллё Богу Іякава.
 

Саламон жа пабудаваў Яму дом.
 

Але Усявышні жыве не ў рукатворным26, як кажа прарок:
 

«Неба мне трон, а зямля — падножжа Маіх ног; які дом збудуеце Мне, — кажа Госпад, — або якое месца Майго адпачынку?
 

Хіба не Мая рука стварыла ўсё гэта?»
 

Жорсткашыйныя і неабрэзаныя сэрцамі27 і вушамі, вы заўсёды працівіцеся Святому Духу, як вашы бацькі, так і вы.
 

Каго з прарокаў не гналі вашы бацькі? І яны забілі тых, хто загадзя абвяшчаў аб прышэсці Праведніка, здраднікамі і забойцамі Якога цяпер зрабіліся вы,
 

якія атрымалі закон у распараджэннях Анёлаў і не захавалі яго.
 

І, калі яны чулі гэта, сэрцы ў іх раз’ятрываліся, і яны скрыгаталі на яго зубамі.
 

А ён, поўны Святога Духа, угледзеўшыся ў неба, убачыў славу Божую і Ісуса, які стаяў праваруч Бога;
 

і ён сказаў: Вось бачу я адчыненыя нябёсы і Сына Чалавечага, што стаіць праваруч Бога.
 

А яны, закрычаўшы гучным голасам, заткнулі вушы свае і аднадушна кінуліся на яго
 

і, выгнаўшы з горада, яны пачалі яго каменаваць. А сведкі склалі сваё адзенне ў нагах юнака, якога звалі Саўлам,
 

і каменавалі Стэфана, а ён заклікаў Госпада і казаў: Госпадзе Ісусе, прымі мой дух!
 

І, стаўшы на калені, усклікнуў гучным голасам: Госпадзе, не залічы ім гэтага грэху! — І, сказаўшы гэта, спачыў.