Лукаша 11 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча
І сталася: калі Ён у адным месцы маліўся і перастаў, хтосьці з Яго вучняў сказаў Яму: Госпадзе, навучы нас маліцца, як і Іаан навучыў сваіх вучняў.
І сталася, як Ён на адным месцу маліўся, і перастаў, што адзін із вучанікаў ягоных сказаў Яму: «Спадару, навучы нас маліцца, як і Яан навучыў вучанікаў сваіх».
І Ён сказаў ім: Калі моліцеся, кажыце: Татухна [наш, які ў нябёсах], няхай асвяціцца імя Тваё; няхай прыйдзе Царства Тваё; [няхай здзейсніцца воля Твая як у небе, так і на зямлі];
І Ён сказаў ім: «Калі моліцеся, кажыце: "Войча наш, Каторы ёсьць у небе! сьвяціся імя Твае; прыйдзі гаспадарства Твае; будзь воля Твая, як на небе, так на зямлі.
хлеб наш надзённы давай нам штодня;
Хлеба нашага штадзеннага дай нам што дня;
і даруй на нашы грахі, бо і мы даруем кожнаму вінаватаму нам; і не ўвядзі нас у спакусу, [але выбаў нас ад ліхога].
І даруй нам грахі нашыя, бо й мы даруем кажнаму даўжбіту нашаму; і ня ўводзь нас на спакусу, але збаў нас ад злога"».
І сказаў ім: Хто з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: «Дружа, пазыч мне тры хлябы,
І сказаў ім: «Каторы з вас будзе мець прыяцеля, і прыйдзе да яго а поўначы, і скажа яму: "Прыяцелю, пазыч імне тры букаткі;
таму што прыйшоў да мяне з дарогі мой сябра, а я не маю чаго падаць яму;
Бо прыяцель мой з дарогі зайшоўся да мяне, і я ня маю нічога пасуліць яму".
і той у адказ з дому скажа: «Не рабі мне клопату; ужо дзверы зачынены, і дзеці мае са мною ў пасцелі; не магу я ўстаць і даць табе»?
А тый з хаты адкажа й скажа: "Не парушай мяне; дзьверы ўжо замкнёны, і дзеці мае з імною ў ложку; не магу ўстаць і даць табе".
Кажу вам: калі ён і не ўстане і не дасць яму дзеля таго, што ён яго сябра, то з-за яго дакучлівасці падымецца і дасць яму, колькі трэба.
І кажу вам, хоць ён ня ўстане й ня дасьць яму з прыязьні; з начэпнасьці ягонае, адылі, устаўшы, дасьць яму, колькі патрабуе.
І Я вам кажу: прасіце і вам будзе дадзена, шукайце і знойдзеце, стукайце і адчыняць вам.
І Я кажу вам: прасіце, і дасца вам; шукайце, і знойдззеце; стукайце, і адчыняць вам;
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і таму, хто стукае, адчыняюць.
Бо кажны, хто просе — адзержуе; і хто шукае — знаходзе; і таму, хто стукае — адчыняюць.
І які з вас бацька, калі сын папросіць [у яго хлеба, падасць яму камень? Ці, калі папросіць] рыбу, замест рыбы падасць яму змяю?
«І калі б у каторага з вас айца сын папрасіў хлеба, ці падасьць яму камень? альбо рыбы, ці падасьць яму гада замест рыбы?
Або таксама, калі папросіць яйка, падасць яму скарпіёна?
Альбо, калі папросе яйца, ці падасьць яму скарпіёна?
Дык калі вы, будучы ліхімі, умееце даваць добрыя дары сваім дзецям, то тым больш Нябесны Бацька дасць Святога Духа тым, што просяць у Яго.
Дык калі вы, благія, умееце даваць добрыя падаркі дзяцём сваім, пагатове Айцец нябёсны дасьць Духа Сьвятога тым, што ў Яго просяць».
І аднаго разу выганяў Ён дэмана, [а ён быў] нямы; і сталася: калі дэман выйшаў, нямы загаварыў і дзівіліся натоўпы.
І Ён выгнаў нячысьціка, каторы быў немы; і сталася, як нячысьцік вышаў, што немы гукаў; і груд дзіваваўся.
А некаторыя з іх сказалі: Веельзевулам, уладаром дэманаў, выганяе Ён дэманаў.
Але некатрыя зь іх гукалі: «Ён выганяе нячысьцікаў сілаю веельзэвула, князя нячысьцікаў».
А іншыя, выпрабоўваючы, дамагаліся ад Яго знака з неба.
А іншыя, спакушаючы, прасілі ў яго знаку зь неба.
Ён жа, ведаючы іх думкі, сказаў ім: Кожнае царства, само супроць сябе падзеленае, пустошыцца, і дом на дом падае.
Але Ён, ведаючы падумкі іхныя, сказаў ім: «Кажнае гаспадарства, падзеленае само ў сабе, пусьцее; і дом, падзелены сам у сабе, валіцца.
Калі ж і сатана сам супроць сябе падзяліўся, як устоіць яго царства? А вы кажаце, што Я Веельзевулам выганяю дэманаў.
Калі шайтан таксама падзеліцца сам у сабе, як устое гаспадарства ягонае? А вы гукаеце, што Я веельзэвулам выганяю чартоў.
Калі ж Я Веельзевулам выганяю дэманаў, то кім выганяюць вашы сыны? Таму яны будуць вам суддзямі.
І калі Я веельзэвулам выганяю нячысьцікаў, то сынове вашыя кім выганяюць? Дык яны будуць вам судзьдзямі.
Калі ж пальцам Божым [Я] выганяю дэманаў, то прыйшло да вас Царства Божае.
Але калі Я палцам Божым выганяю нячысьцікаў, прышло да вас гаспадарства Божае.
Калі дужы, узброіўшыся, ахоўвае свой двор, то ў бяспецы яго маёмасць.
Калі дужасіл, узброіўшыся, сьцеражэць палац свой, у бясьпечнасьці маемасьць ягоная.
Калі ж дужэйшы за яго, напаўшы, пераможа яго, то забірае ўсю яго зброю, на якую той спадзяваўся, і раздае здабытае ў яго.
Але калі дужшы за яго нападзець на яго і пераможа яго, ён адбярэць у яго ўсю зброю ягоную, на каторую ён спадзяваўся, і падзеле заграбленае ў яго.
Хто не са Мною, той супроць Мяне, і хто не збірае са Мною, то раскідае.
Хто ня з Імною, тый супроці Мяне; і хто ня зьбірае зь Імною, раськідае.
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то блукае бязводнымі мясцінамі, шукаючы спакою і не знаходзячы; [тады] кажа: «Вярнуся ў свой дом, адкуль выйшаў»;
«Як нячысты дух выйдзе зь людзіны, ходзе па сухіх месцах, шукаючы супачынку, і, не знаходзячы, кажа: "Зьвярнуся да дому свайго, скуль вышаў".
і, прыйшоўшы, знаходзіць яго падмеценым і прыбраным.
І, прышоўшы, знойдзе яго падмеценым а прыбраным.
Тады ідзе і бярэ сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, увайшоўшы, яны пасяляюцца там, і апошняе робіцца таму чалавеку горшае за першае.
Тады йдзець і бярэць сямёх іншых духоў, негаднейшых за сябе; і, увыйшоўшы, жывуць там. І апошняе таму чалавеку горшае за першае».
І сталася: калі Ён казаў гэта, адна жанчына з натоўпу, узвысіўшы голас, сказала Яму: Шчаслівае ўлонне, якое вынасіла Цябе, і грудзі, якія Ты ссаў.
І сталася, як Ён гукаў гэта, што адна жонка з груду ўзьняла голас свой і сказала яму: «Дабраславёнае ўлоньне, што насіла Цябе, і пелькі, каторыя Ты ссаў».
А Ён сказаў: Тым болей шчаслівыя тыя, што слухаюць Божае слова і выконваюць [яго].
А Ён сказаў: «Але дабраславеншыя ж тыя, што слухаюць слова Божае і дзяржаць яго».
А калі сталі збірацца натоўпы, ён пачаў казаць: Гэтае пакаленне — пакаленне ліхое, яно знаку вымагае, ды знаку яму не будзе дадзена, апрача знака Іоны [прарока].
Як жа люд ціснуўся, Ён пачаў гукаць: «Род гэты ліхі; яны знаку шукаюць, і знак ня Дасца яму, апрача знаку Ёны прарокі;
Бо як Іона быў знакам для ніневіцян, так будзе і Сын Чалавечы для гэтага пакалення.
Бо, як Ёна быў знакам Нінявянам, так і Сын Людзкі будзе знакам гэтаму роду.
Царыца Поўдня паўстане на судзе з людзьмі гэтага пакалення і асудзіць іх, таму што яна прыйшла з канцоў зямлі, каб паслухаць Саламонаву мудрасць, і вось, тут большае за Саламона.
«Караліца паўднявая паўстане на суд ізь людзьмі роду гэтага і засудзе іх, бо яна прышла з канцоў зямлі слухаць мудрасьць Салямонаву; і во, вялікшы за Салямона тут.
Людзі ніневійскія ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго; бо яны пакаяліся ад Іонавай пропаведзі, і вось тут большае за Іону.
Нінявяне паўстануць на суд із родам гэтым і засудзяць яго, бо яны пакаяліся на казань Ёніну; і во, вялікшы за Ёну тут.
Ніхто, запаліўшы светач, не ставіць у патайное месца, [ні пад пасудзіну], але на падстаўку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
Ніхто, засьвяціўшы лянпу, не станове яе ў патайным месцу ані пад карэц, але на падстаноўку, каб праходзячыя бачылі сьвятліню.
Светач цела — тваё вока. [Дык] калі тваё вока чыстае, то і ўсё тваё цела [будзе] яснае; калі ж — ліхое, то і цела тваё [будзе] цёмнае.
Лянпа цела ё вока; дык, калі вока твае здаровае, то і ўсе цела твае поўнае зырчыні; але калі благое, цела твае таксама поўнае цямноты.
Дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не была цемраю.
Дык уважай, каб сьвятліня, што ёсьць у табе, ня была цямнотаю.
Калі ж усё тваё цела светлае і не мае ніводнай цёмнай часцінкі, то будзе яго ўсё светлае, нібы светач сваім ззяннем асвятляе цябе.
А калі ўсе цела твае зыркае, бяз часьці цемнага, усе будзе зыркае, як калі лянпа, сьвецячы, зьзяе».
І калі Ён гэта сказаў, просіць Яго адзін фарысей, каб паабедаў у яго; і Ён, увайшоўшы, узлёг.
І, як Ён гукаў, адзін фарысэй прасіў яго палуднаваць ізь ім; Ён прышоў і ўзьлёг ля столу.
Фарысей жа, буачыўшы, здзівіўся, што Ён спярша не ўмыўся перад абедам.
І фарысэй зьдзіваваўся, як абачыў, што Ён ня мыўся перад палудням.
Госпад жа сказаў яму: цяпер вы, фарысеі, чашу і міску ачышчаеце звонку, а ваша нутро поўнае хцівасці і зласлівасці.
І Спадар сказаў яму: «Цяпер вы, фарысэі, чысьціце навоннасьць коўняў а місаў, але нутр вашы поўны грабяжу а нягоднасьці.
Неразумныя! Хіба Той, Хто стварыў вонкавае, не стварыў і ўнутранае?
Неразумныя! ці ня тый, што ўчыніў навоннае, учыніў і нутраное?
Але дайце тое, што ў сярэдзіне сэрца, як міласціну, і вось, усё ў вас [будзе] чыстае.
Але валей давайце ўбожыну з таго, што маеце, і вось, усе ў вас будзе чыстае.
Але бяда вам, фарысеям, бо вы даяце дзесяціну з мяты, руты і ўсялякай агародніны, ды абмінаеце суд і Божую любоў; і гэта належала зрабіць, і таго не ўпусціць.
Але бяда вам, фарысэі! бо вы даіце дзесяціну зь мяты, руты і ўсялякага зельля, але абмінаеце суд а любоў Божую; гэта належыла рабіць, і гэнага не пакідаць.
Бяда вам, фарысеям, бо вы любіце першыя месцы ў сінагогах і прывітанні на рыначных плошчах.
Бяда вам, фарысэі! бо вы любіце першыя месцы ў бажніцах і здарованьні на таргох.
Бяда вам, [кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі], што вы — як магілы непазначаныя, і людзі ходзяць зверху, ды не ведаюць.
Бяда вам, кніжнікі а фарысэі, двудушнікі! бо вы, як грабы нявідомыя, і людзі ходзяць над імі, ня ведаючы гэтага».
І ў адказ адзін з законнікаў кажа Яму: Настаўніку, кажучы гэта, Ты і нас абражаеш.
Тады адзін із праўнікаў, адказуючы, казаў Яму: «Вучыцелю! гэта кажучы, Ты й нас зьневажаеш».
А Ён сказаў: І вам, законнікам, бяда, бо вы ўскладаеце на людзей празмерныя цяжары, а самі ніводным сваім пальцам не дакранаецеся да гэтых цяжараў.
І Ён сказаў: «І вам, праўнікі, бяда, бо вы цяжарыце людзёў цяжарамі нявыноснымі, а самы адным палцам сваім не датыкаецеся да цяжараў.
Бяда вам, бо вы будуеце надмагільныя помнікі прарокам, — а вашы бацькі забілі іх.
Бяда вам! бо вы будуеце помнікі прарокам, а айцове вашы забілі іх.
Значыць, вы сведкі24 і ўхваляеце ўчынкі сваіх бацькоў, бо яны забілі іх, вы ж будуеце [ім магільні].
Дык вы сьветчыце, што пацьвярджаеце ўчынкі айцоў вашых, бо яны запраўды забілі іх, а вы будуеце ім помнікі.
Таму і мудрасць Божая сказала: «Пашлю ім прарокаў і Апосталаў, і некаторых з іх заб’юць і будуць гнаць,
Затым і Мудрасьць Божая сказала: "Я пашлю ім прарокаў а апосталаў, і зь іх заб’юць, і будуць перасьледаваць;"
каб кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэння свету, была спагнана з гэтага пакалення,
Каб кроў усіх прарокаў, разьлітая ад закладзінаў сьвету, была спагнана з гэтага роду,
ад крыві Авеля да крыві Захарыі, які загінуў між ахвярнікам і храмам. Так, кажу вам: яна будзе спагнана з гэтага пакалення.
Ад крыві Авеля аж да крыві Захары, што загінуў памеж аброчніку й Дому. Запраўды кажу вам, яна будзе спагнана з роду гэтага.
бяда вам, законнікам, бо вы ўзялі ключ ведаў: самі не ўвайшлі і перашкодзілі тым, што ўваходзілі.
Бяда вам праўнікі! бо вы ўзялі ключы веды; самы ня ўвыйшлі і ўходзячым пераказілі».
І калі Ён выйшаў адтуль25, пачалі кніжнікі і фарысеі моцна наступаць на Яго і выпытваць у Яго шмат пра што,
Як Ён гукаў ім гэта, кніжнікі а фарысэі пачалі надта націскаць на Яго, каб прысіліць Яго гукаць шмат праз што,
падпільноўваючы Яго [і шукаючы], каб падлавіць што-небудзь з Яго вуснаў, [каб абвінаваціць Яго.]
Цікуючы на Яго і імкнучыся схапіць што-лень із вуснаў Ягоных, каб магчы абвінаваць Яго.