Якава 1 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад П. Татарыновіча
Іякаў, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, — дванаццаці плямёнам, якія ў рассеянні: Радавацца!
Якуб слуга Бога і Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса дванаццаці пакаленням, што знайходзяцца ў расцярушэнні, прывет.
Лічыце ўсялякаю радасцю, браты мае, кожны раз, калі трапляеце ў розныя выпрабаванні,
Лічэце сабе за вялікую радасьць, браты мае, калі рожныя спакусы вас агорнуць,
ведаючы, што праверка вашай веры выпрацоўвае вытрываласць.
ведаючы, што дазнанне веры вашай творыць вытрываласьць;
А вытрываласць няхай мае свой дасканалы вынік, каб вы былі дасканалыя і цэласныя, ні ў чым не мелі нястачы.
а вытрываласьць гэта дзеля дасканалячае, каб вы былі поўнадасканальнымі без ніякіх недахопаў.
Калі ж у каго з вас нестае мудрасці, няхай просіць у Бога, Які дае ўсім шчодра і без папроку, і дасца яму.
І калі хто з вас патрабуе мудрасьці няхай просіць у Бога, шчодра даючага без дакораў, і дасцца яму.
Але няхай просіць з вераю, ані не сумняваючыся, бо той, хто сумняваецца, падобны да марской хвалі, якую гоніць і кідае вецер.
Але хай просіць зь вераю бязь ценю сумніву; хто бо сумняваецца, падобны марской хвалі, ветрам падыманай ды ганянай.
Бо няхай той чалавек не думае, што ён атрымае нешта ад Госпада,
Гэткі чалавек хай не спадзяецца атрымаць што ад Бога.
двудушны чалавек няўстойлівы на ўсіх сваіх дарогах.
Двудушны муж хісткі ёсьць на ўсіх шляхох сваіх.
І няхай прыніжаны брат ганарыцца ў сваім узвышэнні,
Хай ганарыцца брат пакорны высокасьцю сваёю;
а багаты — у сваім прыніжэнні, бо, як палявая кветка, ён адыдзе.
а багаты — сваёю нізкасьцю, праміне бо як той квет на траве:
Бо ўзышло сонца са спякотаю і высушыла траву, і кветка яе апала, і краса яе выгляду загінула; так і багаты завяне на сваіх дарогах.
узыйдзе сонца, настане сьпека, высушыць траву і квет ападае, краса выгляду ягонага нікне; так вяне і багаты на сваіх шляхох.
Дабраславёны чалавек, які выстойвае перад спакусаю, бо, будучы, выпрабаваным, ён атрымае вянок жыцця, які Ён1 абяцаў тым, хто любіць Яго.
Шчасьлівы муж, які вытрымоўвае спакусу, бо-ж калі быў выпрабаваны, атрымае вянец жыцьця, які абяцаў Бог Любячым Яго.
Няхай ніхто пры спакусе не кажа: «Мяне спакушае Бог», бо не спакушаецца Бог злом і Сам не спакушае нікога.
Ніхто ў спакусе хай не кажа: Бог мяне спакушае; Бог бо не спакушаецца злом і Сам нікога ня кусіць.
Але кожны спакушаецца зваблены і зманены ўласнай пажадлівасцю;
Але кажны спакушаецца поцягам і прывабай свае похаці.
пасля пажадлівасць, зачаўшы, нараджае грэх; а зроблены грэх спараджае смерць.
Похаць-жа, зачаўшы, родзіць грэх; а грэх дакананы родзіць сьмерць.
Не падманвайцеся, браты мае ўлюбёныя.
Дык не манеце сабе, браты найдаражэйшыя:
Кожнае добрае дарэнне і кожны дасканалы дар — з вышыняў, зыходзіць ад Бацькі свяцілаў, у Якога няма змянення і ні ценю перамены.
ўсякае найлепшае дарэнне і ўсякі дасканальны дар згары ёсьць, зыйходзіць ад Айца сьвятла, ў якога няма зьменнасьці ані ценю перамены;
Ён, захацеўшы, нарадзіў нас словам праўды, каб мы былі некаторым пачаткам Яго стварэнняў.
з уласнае бо волі радзіў нас словам праўды, каб мы былі нейкім начаткам яго стварэння.
Ведайце2, браты мае ўлюбёныя: няхай жа кожны чалавек будзе хуткі, каб слухаць, марудлівы, каб сказаць, марудлівы — гневацца;
Вы гэта ведаеце, браты мае мілыя. Хай, восьжа, кажны чалавек хуткі будзе да слухання, а спавольны да гутаркі й спавольны да гневу.
бо гнеў чалавека не творыць праведнасці Божай.
Гнеў бо да справядлівасці Божай ня спрычыняецца.
Таму, адклаўшы ўсялякі бруд і празмернасць злосці, з лагоднасцю прыміце пасаджанае ў вас слова, якое можа выратаваць вашы душы.
Таму, адкінуўшы ўсялякую нечысьць ды лішнюю злосьць, з лагоднасьцю прыймайце ўсеванае слова, могучае збавіць вашыя душы.
Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія ашукваюць саміх сябе.
Будзьце выканальнікамі слова, а не слухачамі толькі, ашукваючымі сябе.
Бо калі хто слухае слова, а не выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае ў люстэрку сваё аблічча, што мае ад нараджэння;
Бо калі хто слухае слова ды ня выконвае, той падобны да чалавека, што прызіраецца ў люстры прыроднаму абліччу:
бо ён разгледзеў сябе і пайшоў, і адразу забыўся, які ён.
ён азірнуў сябе і адыйшоў ды зараз забыўся, якім быў.
Але хто паглыбляецца ў дасканалы закон, закон свабоды і жыве ў ім, будучы не забыўлівым слухачом, а выканаўцам работы, той будзе шчаслівы ў сваёй дзейнасці.
А хтоб пранік дасканалы закон вольнасьці ды вытрываў быў ім, ня слухачом забудчывым стаўшыся, але выканальнікам дзела, той шчасьлівы будзе ў чыне сваім.
Калі хто думае, што ён набожны і не зацугляе свайго языка, але ашуквае сваё сэрца, — марная таго набожнасць.
Каліж хто думае, што ён пабожны, ня сутрымоўваючы языка свайго, але абласучваючы сэрца сваё, таго пабожнасьць пустая.
Чыстая і беззаганная набожнасць перад Богам і Бацькам вось што: даглядаць сіротаў і ўдоваў у іх бядзе, захоўваць сябе незаплямленым ад свету.
Чыстай і беззаганнай перад Богам і Айцом ёсьць тая пабожнасьць: каб вясьці догляд сірат і ўдоваў, а сябе ўсьцярэгчы неапаганеным ад гэтага сьвету.