Адкрыцьцё 9 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна
І пя́ты А́нгел затрубíў, і ўба́чыў я зо́рку, якая з не́ба ўпа́ла на зямлю́, і быў да́дзены ёй ключ ад кало́дзежа бе́здані.
І пяты анёл затрубіў, і ўбачыў я зорку, якая ўпала з неба на зямлю, і дадзены быў ёй ключ ад калодзежа бездані,
І адкры́ла яна кало́дзеж бе́здані, і ўзня́ўся дым з кало́дзежа, як дым з вялікай пе́чы; і ста́лі цьмя́нымі со́нца і паве́тра ад ды́му з кало́дзежа.
і адчыніла яна калодзеж бездані, і ўзьняўся з калодзежа дым, як дым з вялікае печы; і зацьмілася сонца і паветра ад дыму з калодзежа.
А з ды́му вы́йшла саранча́ на зямлю́, і да́дзена ёй была́ ўла́да, якую ма́юць зямны́я скарпіёны.
І з дыму выйшла на зямлю саранча, і дадзена ёй улада, як маюць уладу скарпіёны зямныя,
І ска́зана было́ ёй, каб не рабíла шко́ды траве́ зямно́й, і нія́кай зелянíне, і нія́каму дрэ́ву, а толькі адны́м лю́дзям, якія не ма́юць пяча́ці Божай на лбах сваіх.
і сказана ёй, каб не рабіла шкоды ані траве зямной, ані ўсякай зеляніне, ані ўсякаму дрэву, а толькі адным людзям, якія ня маюць пячаткі Божае на ілбах сваіх;
І да́дзена было́ ёй не забіва́ць іх, а толькі му́чыць пяць ме́сяцаў; і мучэ́нне ад яе — як мучэ́нне ад скарпіёна, калі ўджа́ліць чалаве́ка.
і дадзена ёй, каб не забівала іх, але каб мучыліся пяць месяцаў, і мучэньне ад яе, як мучэньне ад скарпіёна, калі ўджаліць чалавека.
І ў тыя дні лю́дзі бу́дуць шука́ць сме́рці, і не зно́йдуць яе; захо́чуць паме́рці, але смерць уцячэ́ ад іх.
І ў тыя дні людзі будуць шукаць сьмерці і ня знойдуць яе, і будуць жадаць памерці, і сьмерць будзе ўцякаць ад іх.
А з вы́гляду саранча́ была́ падо́бна да ко́ней, падрыхтава́ных для вайны́; і на гало́вах у яе нíбы вянкí, падо́бныя на зо́лата, і тва́ры ў яе, як тва́ры чалаве́чыя.
І выгляд саранчы падобны да коней, якія падрыхтаваныя на бітву, і на галовах у яе быццам вянкі, падобныя да золата; і абліччы ў яе быццам абліччы чалавечыя,
І валасы́ ў яе, як валасы́ жано́чыя, і зу́бы ў яе былí, як у львоў.
і яна мела валасы, як валасы жаночыя, і зубы ў яе былі як у ільвоў.
І па́нцыры ў яе, як па́нцыры жале́зныя, і шум кры́лаў яе, як шум каляснíц з мно́ствам ко́ней, якія бягу́ць на вайну́.
І мела яна панцыры, быццам панцыры жалезныя, і гук крылаў ейных быццам гук мноства калясьніцаў, [запрэжаных] коньмі, якія бягуць на бітву,
І хвасты́ ў яе, як у скарпіёнаў, і ў хваста́х у яе былí джа́лы; і ўла́да ў яе — шко́дзіць лю́дзям пяць ме́сяцаў.
і мае хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і ў хвастах у яе джала было, і ўлада яе — рабіць шкоду людзям пяць месяцаў,
Царо́м над сабою яна ме́ла а́нгела бе́здані; імя́ яго па-яўрэ́йску Аваддо́н, а па-грэ́часку імя́ яго Апалліён.
і мае над сабою за валадара анёла бездані, імя якога па-гебрайску — Абаддон, а па-грэцку мае імя Апаліён.
Адно го́ра прайшло́; вось, ідуць за ім яшчэ́ два го́ры.
Адно гора прайшло; вось, прыходзяць яшчэ два горы за ім.
І шо́сты А́нгел затрубíў, і пачу́ў я адзін го́лас ад чатыро́х раго́ў залато́га ахвя́рніка, які быў перад Богам;
І шосты анёл затрубіў, і я пачуў адзін голас з чатырох рагоў залатога ахвярніку, што перад Богам,
ён гавары́ў шо́стаму А́нгелу, які меў трубу́: развяжы́ чатыро́х А́нгелаў, звя́заных на вялікай рацэ́ Еўфра́т.
які казаў да шостага анёла, што меў трубу: «Разьвяжы чатырох анёлаў, якія зьвязаныя над вялікай ракой Эўфрат».
І былí развя́заны чаты́ры А́нгелы, прыгатава́ныя на дзень, і гадзíну, і ме́сяц, і год, каб забíць трэць людзе́й.
І былі разьвязаныя чатыры анёлы, якія былі падрыхтаваныя на гадзіну, і дзень, і месяц, і год, каб забіць трэцюю частку людзей.
І лік ко́ннага во́йска быў дзве мірыя́ды мірыя́д; я чуў лік яго.
І лічба коннага войска — два дзясяткі тысячаў дзясяткаў тысячаў; і я пачуў лічбу іх.
І гэ́так уба́чыў я ў відзе́нні ко́ней і тых, што сядзе́лі на іх, ма́ючы на сабе па́нцыры во́гненныя, і гіяцы́нтавыя, і се́рныя; і гало́вы ў ко́ней, як гало́вы львоў, і з па́шчаў іх выхо́дзіў агонь, і дым, і се́ра.
І гэтак я ўбачыў коней у відзежы, і вершнікаў на іх, якія мелі панцыры агністыя і гіяцынтавыя, і серкавыя; і галовы ў коней, як галовы ў ільвоў, і з храпаў іхніх выходзіць агонь, і дым, і серка.
Ад гэтых трох бе́дстваў загíнула трэць людзе́й, ад агню́, і ды́му, і се́ры, што выхо́дзілі з па́шчаў іх.
Трыма гэтымі была забіта трэцяя частка людзей: агнём, і дымам, і серкаю, што выходзілі з храпаў іхніх.
Бо сíла ко́ней заключа́лася ў па́шчах іх і ў хваста́х іх, бо хвасты́ іх падо́бны да змей з гало́вамі, і імі яны чы́няць шко́ду.
Бо ўлада іхняя — у храпах іхніх, а хвасты іхнія падобныя да зьмеяў, маюць галовы і імі робяць шкоду.
Аста́тнія ж лю́дзі, якія не загíнулі ад бе́дстваў гэтых, так і не пака́яліся ў спра́вах рук сваіх і не пераста́лі пакланя́цца дэ́манам і íдалам, ні залаты́м, ні сярэ́браным, ні ме́дным, ні каме́нным, ні драўля́ным, якія не мо́гуць ні ба́чыць, ні чуць, ні хадзíць;
І рэшта людзей, што не была забітая плягамі гэтымі, не навярнулася ад справаў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і ідалам залатым, і срэбным, і мядзяным, і каменным, і драўляным, якія ані бачыць ня могуць, ані чуць, ані хадзіць;
і не пака́яліся яны ні ў забо́йствах сваіх, ні ў чарадзе́йствах сваіх, ні ў блу́дзе сваім, ні ў крадзяжа́х сваіх.
і не навярнуліся ад забойстваў сваіх, і ад чараўніцтва свайго, і ад распусты сваёй, і ад крадзяжоў сваіх.