Дзеі 20 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 1999
Калі ж сму́та суняла́ся, Павел, склíкаўшы вучняў, даў ім настаўле́нні і, развіта́ўшыся з імі, вы́йшаў і накірава́ўся ў Македо́нію.
Калі забурэньне сьціхла, Павал паклікаў вучняў і, падбадзёрыўшы іх, разьвітаўся і рушыў у дарогу ў Македонію.
Прайшоўшы тыя вобласці і да́ўшы ве́руючым многія настаўле́нні, ён прыйшоў у Эла́ду;
Калі ж прайшоў тыя мясьціны і падбадзёрыў іх многімі словамі, прыбыў у Грэцыю.
пражы́ў ён там тры месяцы; а калі Іудзеі ўчынíлі су́праць яго змову, то ён, збіра́ючыся адпра́віцца ў Сíрыю, вы́рашыў вярну́цца праз Македо́нію.
І прабыў там тры месяцы, ды калі сабраўся плысьці ў Сырыю, Юдэі зрабілі супраць яго змову, дык рашыўся вяртацца праз Македонію.
Суправаджа́лі яго да Асíі Сасіпа́тр Пíрраў, Веры́янін, а з Фесаланікíйцаў Арыста́рх і Секу́нд, і Га́ій Дзе́рвянін, і Цімафе́й, і Асійцы Цíхік і Трафíм.
Праводзілі яго Сопатэр Піраў з Бэрэі, і з Тэсалёнікі Арыстарх і Сэкунд, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з Азіі — Тыхік і Трафім.
Яны, пайшоўшы ўперад, чакалі нас у Траа́дзе.
Яны пайшлі наперад ды чакалі на нас у Траадзе,
Мы ж адправіліся з Філíпаў пасля дзён праснако́ў і дабра́ліся да іх у Траа́ду за пяць дзён, і прабылí там сем дзён.
а мы паплылі з Філіпаў па сьвяце Праснакоў ды цераз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.
У першы ж дзень ты́дня, калі вучні сабра́ліся для пераламле́ння хле́ба, Павел, ма́ючы наме́р вы́правіцца на насту́пны дзень, гу́тарыў з імі і працягваў размаўляць да по́ўначы.
У першы дзень па субоце, калі сабраліся мы на ламаньне хлеба, Павал, каторы назаўтра меў выбрацца у дарогу, гаварыў да іх ды зацягнуў сваё слова да поўначы.
У верхнім пакоі, дзе мы сабра́ліся, было́ многа свяцíльнікаў.
І многа сьветачаў гарэла ў сьвятліцы, дзе былі мы сабраўшыся.
І сядзеў на акне нейкі юнак, па імені Яўцíх, ён пагрузíўся ў глыбо́кі сон у той час, як Павел доўга прамаўля́ў, і, пахіснуўшыся ў сне, упаў з трэцяга паверха ўніз, і паднялí яго мёртвым.
А адзін юнак, на імя Эўтых, сядзеў на вакне і заснуў, бо Павал доўга гаварыў, і, змораны сном, зваліўся з трэцяга паверху ўніз, і паднялі яго мёртвага.
Сышоўшы, Павел прыпа́ў да яго і, абня́ўшы яго, сказаў: не трыво́жцеся, бо душа́ яго ў ім.
Тады Павал зыйшоў на ніз, прыпаў да яго, і абняў яго, і сказаў: "Не трывожцеся, бо душа ягоная ў ім".
Падня́ўшыся наверх, пераламíўшы хлеб і пае́ўшы, ён прамаўля́ў яшчэ доўга, да світа́ння, і потым пайшоў адтуль.
І, узыйшоўшы наверх, ламаў хлеб і еў, а потым навучаў яшчэ доўга, аж да сьвітаньня, а потым выбраўся ў дарогу.
Між тым юнака́ прывялí жыво́га і вельмі ўсце́шыліся.
А юнака прывялі жывога на вялікую ўсіх радасьць.
А мы, прыйшо́ўшы на карабе́ль, адпра́віліся ў Ас, каб узяць адтуль Паўла; бо ён так загадаў, пажада́ўшы сам ісці пехато́ю.
Мы ж, сеўшы ў карабель, паплылі ў Асос, адкуль мелі ўзяць Паўла, бо ён так загадаў, хочучы ісьці пехатой.
Калі ж ён сустрэ́ўся з намі ў А́се, мы, узя́ўшы яго, прыбылí ў Міцілíну;
Калі пераняў нас у Асосе, узялі мы яго і адправіліся у Мітылену,
І, адплы́ўшы адтуль, назаўтра апыну́ліся насу́праць Хіо́са, а на другі дзень дабра́ліся да Само́са і, пабыва́ўшы ў Трагілíі, насту́пнага дня прыбылí ў Мілíт;
і, адплыўшы адтуль, апынуліся назаўтра насупраць Хіёса, а наступнага дня прыбылі ў Самос, і на другі дзень дабраліся да Мілету,
бо Павел вы́рашыў абміну́ць Эфес, каб не затрыма́цца ў Асíі, бо ён спяша́ўся, каб, па магчы́масці, у дзень Пяцідзеся́тніцы быць у Іерусаліме.
бо Павал вырашыў абмінуць Эфэз, каб не марудзіць у Азіі, бо сьпяшаўся па магчымасьці сьвяткаваць Пяцідзесятніцу ў Ерузаліме.
Пасла́ўшы з Мілíта ў Эфес, ён паклíкаў прасвíтараў царквы́,
З Мілету паслаўшы ў Эфэз, склікаў ён старшых царквы.
і калі яны прыйшлі да яго, то сказаў ім: вы ве́даеце, як я з першага дня, калі прыйшоў у Асíю, увесь час быў з вамі,
А калі яны сабраліся да яго, сказаў ім: "Вы ведаеце, якім я быў між вас ад першага дня, калі прыбыў у Азію, ды ўвесь час,
працу́ючы дзе́ля Госпада з усёй пакорнаму́драсцю і мно́гімі слязьмí, і сярод выпрабава́нняў, якія спасцíглі мяне па зламы́снасці Іудзеяў;
як служыў я Госпаду з усёю пакораю, у сьлязах і ў выпрабаваньнях, каторыя напаткаў з прычыны подступаў Юдэйскіх;
як я не прапусцíў нічога кары́снага, пра што не сказаў бы вам і чаму не вучы́ў бы вас прылю́дна і па дама́х,
як я нічога не прапусьціў карыснага, каб вам не абвясьціць, ды вучыў вас публічна і па дамах,
закліка́ючы Іудзеяў і Э́лінаў да пакая́ння перад Богам і веры ў Госпада нашага Іісуса Хрыста.
заклікаючы як Юдэяў, так і Грэкаў навярнуцца да Бога і верыць Госпаду нашаму Езусу.
І вось цяпер я па пабуджэ́нню Ду́ха іду ў Іерусалім, не ве́даючы, што́ там адбу́дзецца са мною;
І цяпер, прынуканы Духам, іду ў Ерузалім, ня ведаючы, што мяне там напаткае.
аднак Дух Святы́ па ўсіх гарадах све́дчыць, ка́жучы, што кайданы́ і паку́ты чака́юць мяне.
Адно толькі запэўнівае мяне Дух Сьвяты ва ўсіх гарадах, што чакаюць мяне путы і гора.
Але я ні на што не зважа́ю і не даражу́ сваім жыццём, толькі б з ра́дасцю завяршы́ць шлях мой і служэ́нне, якое прыня́ў я ад Госпада Іісуса: прапаве́даваць Ева́нгелле благада́ці Божай.
Але я ня дбаю лішне пра сваё жыцьцё, абы завяршыў бег мой і служэньне, якое атрымаў ад Госпада Езуса: сьведчыць пра Эвангельле ласкі Божай.
І вось цяпер я ведаю, што ўжо не ўба́чыце аблíчча майго ўсе вы, сярод якіх хадзіў я, прапаве́дуючы Царства Божае.
І цяпер вось ведаю, што ўжо больш ня ўбачыце вобліку майго вы ўсе, з каторымі я спатыкаўся, прапаведаючы Каралеўства (Божае).
Таму я све́дчу вам сёння, што я чысты ад крывí ўсіх,
Дзеля таго запэўніваю вас сягоньня, што я чысты ад крыві ўсіх,
бо я не ўхіля́ўся ад таго, каб прапаве́даваць вам усю волю Божую.
бо я не ўхіляўся баязьліва вясьціць вам усю волю Божую.
Дык вось, дба́йце пра сябе і пра ўсё ста́да, у якім Дух Святы́ паставіў вас ахава́льнікамі, па́свіць Царкву Госпада і Бога, якую Ён здабы́ў Крывёю Сваёю.
Зьвяртайце ўвагу на саміх сябе і на ўвесь статак, над каторым паставіў вас Дух Сьвяты біскупамі, каб пасьвілі вы царкву Бога, каторую Ён здабыў сваёю Крывёй.
Бо я ведаю, што пасля́ адыхо́ду майго ўво́йдуць да вас ваўкí лю́тыя, якія не пашкаду́юць ста́да;
Ведаю, што па маім адыходзе ўварвуцца да вас лютыя ваўкі, каторыя не пашкадуюць стада,
і сярод вас саміх паўста́нуць людзі, якія будуць прапаве́даваць скажо́на, каб пацягну́ць вучняў за сабою.
ды спаміж вас саміх знойдуцца людзі, што будуць навучаць наадварот, каб пацягнуць за сабой вучняў.
Таму будзьце пíльнымі, па́мятаючы, што я тры гады́ дзень і ноч няспы́нна са слязьмí вучыў кожнага з вас.
Таму чувайце, памятаючы, што я праз тры гады днём і ноччу не пераставаў са сьлязьмі ўпамінаць кожнага з вас.
І цяпер даруча́ю вас, браты́, Богу і слову благада́ці Яго, якое можа наста́віць вас і даць вам спа́дчыну з усімі асвячо́нымі.
І цяпер даручаю вас Богу ды слову ласкі Ягонай, каторае мае моц збудаваць вас ды даць спадчыну з усімі сьвятымі.
Ні серабра́, ні золата, ні адзе́ння я ні ад каго не пажада́ў;
Не квапіўся я на нічыё серабро, ані на золата, ані на адзеньне.
вы самі ве́даеце, што патрэ́бам маім і тых, што былí са мною, паслужы́лі ру́кі гэтыя мае́.
Самі ведаеце, што гэтыя рукі зараблялі на патрэбы мае ды маіх таварышаў.
Ва ўсім паказа́ў я вам, што, так працу́ючы, трэба падтры́мліваць сла́бых і па́мятаць словы Госпада Іісуса, бо Ён Сам сказаў: «блажэ́нней даваць, чым браць».
Ва ўсім паказваў я вам, што так працуючы, трэба ўспамагаць кволых, памятаючы на словы Госпада Езуса, які казаў: "Лепш даваць, чым браць".
І, прамо́віўшы гэта, ён стаў на кале́ні свае і з усімі імі памалíўся.
Па гэтых словах упаў на калені ды маліўся разам з усімі.
Тады пача́ўся вялікі плач ва ўсіх, і, кíдаючыся на шы́ю Паўла, яны цалава́лі яго,
Тады ўсе пачалі ў голас плакаць і кідаліся Паўлу на шыю ды цалавалі яго,
смутку́ючы найбольш з-за ска́занага ім сло́ва, што яны ўжо не ўба́чаць аблíчча яго. І право́дзілі яго на карабе́ль.
сумуючы дзеля словаў яго, што больш ня ўбачаць вобліку яго. І правялі яго да карабля.