1 да Карынфянаў 14 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 1999
Дасягайце любові; імкніцеся да дароў духоўных, асабліва ж да таго, каб прарочыць.
Спаганяйце любоў, рупцеся пра духовыя (дары), асабліва пра дар праракаваньня.
Бо хто гаворыць мовамі, той гаворыць не людзям, а Богу; бо ніхто не разумее: ён у ду́ху гаворыць тайны;
Бо хто гаворыць мовамі, ня людзям гаворыць, але Богу. Ніхто бо яго не разумее, а ён пад дзеяньнем Духа расказвае тайны.
а хто прарочыць, той лю́дзям гаворыць для ўмацава́ння, і падтрымкі, і суцяшэ́ння.
Той жа, хто праракуе, гаворыць людзям на збудаваньне, або для заахвоты, або для пацяшэньня.
Хто гаворыць мовамі, той настаўляе сябе; а хто прарочыць, той настаўляе царкву.
Хто гаворыць мовамі, самога сябе будуе, а хто праракуе, супольнасьць будуе.
Я хачу, каб усе вы гаварылі мовамі; аднак лепш, каб вы прарочылі; бо той, хто прарочыць, большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба што ён і тлумачыць будзе, каб царква атрымала настаўле́нне.
Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепш, каб праракавалі. Важней бо праракаваць, чым гаварыць мовамі, хіба што тлумачыў бы, каб супольнасьць атрымала збудаваньне.
Цяпер жа, калі я прыйду да вас, браты, і буду гаварыць мовамі, то якую карысць прынясу вам, калі не прамоўлю вам або адкраве́ння, або ведаў, або прароцтва, або павучэ́ння?
Што вам, браты, з таго, каб я прыйшоў да вас і гаварыў мовамі, ці гэта вам дамагло б, хіба што буду гаварыць да вас, аб'яўляючы штосьці, або навучаючы, або праракуючы, або цікавячы вас навукай.
Нават бяздушныя рэчы, якія маюць гуча́нне, — ці жалейка, ці гуслі — калі не пададу́ць выразных гукаў, то як даведацца, што́ іграюць на жалейцы ці на гуслях?
Падобна бывае з бяздушнымі інструмэнтамі, каторыя гучаць, ці то жалейка, ці то гусьлі; калі б яны не падавалі выразных гукаў, як можна было б тады адрозьніць, ці гэта гук жалейкі, ці гусьляў?
І калі труба падасць няя́сны гук, то хто стане рыхтавацца да бітвы?
Калі гэтак сурма (баявая) падасьць невыразны гук, дык хто будзе шыкавацца да бою?
Таксама і вы, калі языком будзеце прамаўляць незразумелыя словы, то як даведацца, што́ вы кажаце? Вы будзеце гаварыць на вецер.
Так ёсьць і з вамі, калі будзеце гаварыць языком, але невыразна вымаўляць словы, дык хто можа зразумець, што вы гаворыце? Такая гаворка на вецер!
Колькі ёсць розных гаворак на свеце, і ніводнай з іх няма без значэння;
Колькі розных моваў на сьвеце? Але кожная не бяз голасу.
але калі я не разумею гаворкі, то для таго, хто гаворыць, я — чужаземец, і той, хто гаворыць, — чужаземец для мяне.
Калі я, аднак, ня буду разумець, што словы значаць, дык буду для прамоўцы чужынцам, і прамоўца для мяне будзе чужынцам.
Так і вы, імкну́чыся да духоўнага, намагайцеся ўзбагаціцца ім дзеля ўмацавання царквы.
Таксама і вы, калі дбала шукаеце дароў Духа, дык узбагачайцеся імі для пабудовы супольнасьці.
А таму той, хто гаворыць мовамі, няхай моліцца, каб мог тлумачыць.
Дык калі хто карыстаецца з дару моваў, хай моліцца, каб тлумачыць (мовы).
Бо калі я малюся мовамі, то дух мой моліцца, але розум мой застаецца без плоду.
Калі бо я малюся дзякуючы дару моваў, дух мой моліцца, але розум ня мае карысьці.
Што ж рабіць? Буду маліцца духам, буду маліцца і розумам; буду спяваць духам, буду спяваць і розумам.
Дык што рабіць? Буду маліцца духам, але таксама буду маліцца розумам; буду сьпяваць духам, буду такжа спяваць розумам.
Бо калі ты будзеш благаслаўляць духам, то я́к той, хто займае месца недасведчанага, скажа «амінь» на тваю падзяку́ Ён жа не разумее, што́ ты гаворыш.
Дарэчы, калі ты будзеш багаславіць у духу, як жа на тваё багаславеньне скажа: "Амэн!" хтосьці просты, каторы не разумее, што ты гаворыш?
Ты добра ўзносіш падзяку, але іншы не атрымлівае настаўлення.
Ты, праўда, прыгожа падзяку складаеш, але іншы ня мае карысьці.
Дзякую Богу майму: я больш за ўсіх вас гавару мовамі;
Дзякую Богу, што я больш з вас усіх гавару мовамі.
але ў царкве хачу лепш пяць слоў сказаць розумам маім, каб і іншых наставіць, чым дзесяткі тысяч слоў мовамі.
Усё ж такі на сабраньні ахватней скажу пяць словаў сваім розумам, каб навучыць іншых, чым дзесяць тысяч словаў у мовах.
Браты! не будзьце дзе́цьмі розумам: на злое будзьце дзе́цьмі, а розумам будзьце сталымі.
Браты! Ня будзьце дзецьмі розумам, але будзьце нямоўлямі адносна зла, а розумам будзьце дарослымі.
У законе напісана: «іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць народу гэтаму, але і тады не паслухаюць Мяне, кажа Гасподзь».
У законе напісана: "Буду прамаўляць да гэтага народу чужымі мовамі і іншымі вуснамі, але яны і тады не паслухаюць Мяне", — кажа Госпад.
Дык вось, мовы — гэта знаме́нне не для веруючых, а для няверуючых; а прароцтва не для няверуючых, а для веруючых.
Дык вось дар моваў ёсьць знакам не для веручых, але для няверучых; прароцтва ж не для няверучых, але для веручых.
Калі ўся Царква збярэцца разам і ўсе будуць гаварыць мовамі, а ўвойдуць недасве́дчаныя альбо няверуючыя, то ці не скажуць, што вы звар’яцелí
Дык калі зьбярэцца ўся супольнасьць, ды ўсе пачнуць карыстацца дарам моваў, а ў той час увойдуць простыя людзі поруч няверучыя, ці ж ня скажуць, што вы звар'яцелі?
Калі ж усе прарочаць, а ўвойдзе нехта няверуючы альбо недасве́дчаны, то яго ўсе выкрыва́юць, усе су́дзяць,
А калі ўсе праракуюць, і ў той час прыйдзе якісь няверучы або просты чалавек, дык будзе ён усімі дакараны, усімі суджаны,
і гэтак тайны сэрца яго выяўля́юцца, і ён, упаўшы ніц, паклоніцца Богу і ўсклікне: «сапраўды, з вамі Бог».
тайны яго сэрца адкрыюцца, і ён, упаўшы на твар, паклоніцца Богу, прызнаючы: "Сапраўды, Бог з вамі!"
Дык што ж, браты́ Калі вы збіра́ецеся разам, і ў кожнага з вас ёсць псалом, ёсць павучэнне, ёсць мова, ёсць адкравенне, ёсць тлумачэнне, — усё няхай будзе дзеля ўмацавання.
Дык што ж, браты? Калі зьбіраецеся разам, кожны з вас мае або дар сьпяваньня гімнаў, або дар навучання, або дар аб'яўленьня будучага, або дар моваў, або выясненьня: усё гэта хай будзе на пабудову супольнасьці.
Калі хто гаворыць мовамі, то няхай гавораць двое ці, самае большае, трое, і то па чарзе, а адзін няхай тлумачыць.
Калі хто мае дар моваў, дык хай гавораць па чарзе двух, найбольш трох, а адзін хай тлумачыць.
Калі ж не будзе тлумачальніка, то маўчы ў царкве, а гавары сабе і Богу.
А калі б не было перакладчыка, дык хай маўчыць на сабраньні, але сам сабе гаворыць і Богу.
І прарокі няхай гавораць двое ці трое, а іншыя няхай разважа́юць;
Прарокі хай прамаўляюць па двух або па трох, іншыя ж хай гэта разважаюць.
калі ж другому, які сядзіць, будзе адкравенне, то першы няхай замаўчыць.
Калі ж каму іншаму з седзячых будзе дадзена аб'яўленьне, дык хай першы замоўкне.
Бо ўсе можаце адзін за адным прарочыць, каб усе навучаліся і ўсе атрымлівалі суцяшэнне.
Такім спосабам можаце праракаваць усе, адзін па другім, каб усе былі навучаны і ўсе былі пацешаны.
І духі прарочыя падпарадкоўваюцца прарокам,
І духі прарочыя паслухмяныя прарокам.
таму што Бог — не бязладдзя Бог, а міру. Так адбываецца ва ўсіх цэрквах у святых.
Бо Бог ня ёсьць Бог бязладдзя, але супакою. Як гэта адбываецца на ўсіх сабраньнях у сьвятых,
Жанчыны вашы ў цэрквах няхай маўчаць, бо не дазволена ім прамаўляць, а належыць падпарадкоўвацца, як і закон кажа.
жанчыны на сабраньнях павінны маўчаць, бо не дазваляецца ім гаварыць, але няхай будуць пакорныя, як і закон загадвае.
Калі ж яны хочуць чаму навучы́цца, то няхай пытаюцца дома ў сваіх мужоў; бо непрыстойна жанчыне прамаўляць у царкве.
Калі хочуць чагосьці навучыцца, хай пытаюцца ў мужоў сваіх дома, бо сорамна жанчыне прамаўляць на сабраньні.
Хіба ад вас выйшла слова Божае? Ці да вас адных яно дайшло?
Ці ж ад вас выйшла слова Божае? Або ці да вас толькі прыйшло?
Калі хто лíчыць сябе прарокам альбо духоўным, няхай зразумее: тое, што́ я пішу вам, — гэта запаведзі Гасподнія;
Калі каму здаецца, што ён прарок або што мае духовыя дары, дык хай ведае, што тое, што вам пішу, ёсьць загад Госпадаў.
а хто не прызнае́, няхай не прызнае́.
А калі б хто гэтага не прызнаў, ён сам ня будзе прызнаны.
Дык вось, браты мае́, дбайце пра тое, каб прарочыць, але не забараняйце і гаварыць мовамі;
Так вось, браты мае, рупцеся пра дар праракаваньня ды не забараняйце карыстацца з дару моваў.
толькі ўсё павінна адбывацца добрапрыстойна і ў належным парадку.
Ды хай усё адбываецца прыстойна і парадкам.