1 да Карынфянаў 3 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 1999
І я, браты, не мог гаварыць з вамі, як з духоўнымі, а толькі як з плоцкімі, як з немаўлятамі ў Хрысце.
І я ня мог да вас, браты, прамаўляць як да духовых, але як да цялесных, як да немаўлят у Хрысьце.
Я карміў вас малаком, а не цвёрдаю ежаю, бо вы яшчэ не маглі есці яе, ды і цяпер не можаце,
Паіў я вас малаком, а ня ежай (звычайнай), бо былі вы кволыя. Ды і цяпер вы яшчэ нядужыя,
таму што вы яшчэ плоцкія. Бо калі паміж вамі зайздрасць, і спрэчкі, і разлады, то ці ж не плоцкія вы і ці не паводле чалавечага разумення жывяце́?
дасюль вы яшчэ цялесныя. Бо калі ў вас зайздрасьць і нязгода, ці ж вы не цялесныя і ці ня робіце як звычайна людзі?
Бо калі адзін кажа: «я Паўлаў», а другі: «я Апалосаў», — то ці ж не плоцкія вы?
Калі бо адзін кажа: "Я — Паўлаў", а другі: "Я — Апалёсаў", — дык ці ж вы не па-чалавечаму робіце?
Бо хто такі Павел? хто такі Апалос? Яны толькі служыцелі, праз якіх вы ўверавалі, і кожны, як яму даў Гасподзь.
Хто Апалёс? Або хто Павал? Слугі, праз якіх вы ўверылі, ды кожны такі, як яму Госпадам дадзена.
Я насадзіў, Апалос паліваў, але ўзрасціў Бог;
Я садзіў, Апалёс паліваў, але Бог расьціў.
так што ні той, хто са́дзіць, не мае значэння, ні той, хто палівае, а толькі Бог, Які ўзрошчвае.
Ня важны той, хто садзіць і хто палівае, але той важны, хто дае расьці — Бог!
Той, хто са́дзіць, і той, хто палівае, — складаюць адно, але кожны атрымае сваю плату ў адпаведнасці са сваёй працай.
Хто садзіць ды хто палівае, ёсьць адно. Кожны атрымае сваю заплату паводле працы сваёй.
Бо мы суработнікі ў Бога; а вы — Божая ніва, Божая пабудова.
Мы бо — супрацоўнікі Божыя, а вы — Божая ніва і будоўля Божая.
Я па благадаці, дадзенай мне Богам, як мудры дойлід, заклаў падмурак, а іншы будуе на ім; аднак кожны няхай глядзіць, як будуе.
Дадзенай мне Богам ласкай я, як спрактыкаваны будаўнічы, палажыў падмурак, а хто іншы закончыць пабудову. Хай кожны глядзіць, як будуе.
Бо ніхто не можа закласці іншага падмурку, акрамя закладзенага, якім ёсць Іісус Хрыстос.
Бо ніхто ня можа палажыць іншага падмурку апрача таго, які паложаны, які ёсьць Езус Хрыстос.
І хто я́к на гэтым падмурку будуе — з золата, серабра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, —
А ці хто на гэтым фундаманце будуе з золата, ці з серабра, ці з дарагіх каменьняў, ці з дрэва, ці з сена, ці з саломы,
справа кожнага вы́явіцца; бо дзень пакажа, таму што ў агні адкрываецца, і агонь вы́прабуе справу кожнага, якая яна.
работа кожнага выявіцца; дзень бо Госпадаў пакажа, бо ў агні выявіцца, і дакон кожнага будзе выспрабаваны агнём.
У каго збудаванне, якое ён узвёў, вы́стаіць, той атрымае плату;
Той, чыя праца выстаіць, атрымае заплату,
у каго збудаванне згарыць, той панясе страту; сам жа будзе ўратаваны, але так, як бы з агню.
а калі чыя праца згарыць, будзе мець шкоду; сам, што праўда, будзе збаўлены, але так, як быццам праз агонь.
Хіба не ведаеце, што вы — храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?
Ці ж вы ня ведаеце, што вы — сьвятыня Божая, ды што Дух Божы прабывае ў вас?
Калі хто знішчыць храм Божы, таго знішчыць Бог; бо храм Божы святы, і гэты храм — вы.
Калі хто спаганіць сьвятыню Бога, таго зьнішчыць Бог, бо сьвятыня Божая — сьвятая, гэта ж ёсьць вы.
Няхай ніхто сябе не падманвае: калі хто з вас лíчыць сябе мудрым у веку гэтым, той няхай неразумным стане, каб быць мудрым.
Няхай ніхто сябе не падманвае; калі хто з вас думае, што ён мудры на гэтым сьвеце, дык хай станецца дурным, каб здабыць мудрасьць.
Бо мудрасць свету гэтага ёсць неразумнасць перад Богам, як напісана: «ловіць мудрых у хітрасці іх».
Бо мудрасьць гэтага сьвету ёсьць глупаства перад Богам, бо напісана: "Ён зловіць мудрых у іхняй хітрасьці",
І яшчэ: «Гасподзь ведае разважанні мудрых, што яны марныя».
або ізноў: "Госпад ведае думкі мудрых, што яны пустыя".
Дык вось, няхай ніхто не хва́ліцца людзьмі, бо ўсё ваша:
Дык хай ніхто не хваліцца дзеля людзей! Усё бо вашае,
ці Павел гэта, ці Апалос, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае, — усё ваша;
ці гэта Павал, ці Апалёс, ці Кефас, ці гэты сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці што цяперашняе, ці што будучае — усё бо вашае,
вы ж — Хрыстовы, а Хрыстос — Божы.
а вы — Хрыстовыя, а Хрыстос — Божы.